Выбрать главу

І я заняўся кашом. Нарэзаў лазы, а пакуль яе рэзаў, колькі разоў паказаў язык лупатай Надзейцы, якая чамусьці таксама была ў лазняку і шчыпала нейкія кветкі – вянкі, бачце вы, ім, дзяўчынкам, трэба. І гэта ў такі час, калі ўсе на балота збіраюцца, каб узімку ў сваіх хатах печы і грубкі паліць, а то можна так і насы адмарозіць, а ім – вянкі... Ну што з іх возьмеш, хоць бы з гэтай Надзейкі! Хі-хі ды ха-ха. І вачыма прама сваімі свідруе, нібы мяне ніколі не бачыла. Вяночніца. Такая і вырасце невядома кім, сама і бульбіну будзе ленавацца да роту паднесці – прыгатуй ёй ды і падай. Я б на такой нізашто не жаніўся. Вось пасля школы паедзем з Петрыкам у горад, там, кажуць, выбірай сабе нявесту якую хочаш, на любы густ. І выберам. А такой, як Надзейка, хіба і застаецца язык паказаць. На, на, на! Хопіць? Ці яшчэ? Гэтага дабра не шкада – не акрайчык хлеба даць. А яна і не злуецца, толькі ўсміхаецца... Але калі ўсміхаецца куточ-камі вуснаў, то прыгожа ў яе атрымліваецца...

Ды няма ж калі хіханькі ды хаханькі строіць з Надзейкай, трэба цягнуць лазу да дзеда Грышкі і рабіць з ім кош. Толькі ён ведае, як трэба яго плесці. Пабурчыць, канешне, спярша. Невукам назаве. А та-ды і пакажа, як кош робіцца. У яго дык гэта лоўка атрымліваецца – шух-шух, і гатова! А ў мяне, калі верыць дзеду Грышку, рукі іншы раз бываюць нязграбнымі. І ён маімі рукамі тады кіруе – нібы лыжкай за сталом. Можа і кухталя ўляпіць – за няправільнасць. Але не балюча. Так, для навукі. Летась мы з дзедам адзін кош разам зрабілі, але ён застаўся там, дзе і наша хата... Згарэў. Таму я крыху помню, як трэба плесці кош, і спадзяюся, што дзед Грышка не бу-дзе асабліва задавацца, што такі ўжо ўмека і спец у гэтым, а я ні-куды не варты. Там відаць будзе, дзед!

Надзейка набіваецца памагчы мне несці лазу. Яшчэ чаго не хапала. Гэта ж трэба ісці па ўсёй вёсцы, а што людзі скажуць? Малеча якая ўбачыць і будзе, выглядаючы з-за вугла, дражніцца: «Жаніх і нявеста... Ці-лі, ці-лі... паелі ўсё цеста...» Не, я сам дацягну лазу, хоць і нарэзаў яе столькі, што за адзін раз не адолею. Бяды тае, вярнуся... Але без дзяўчынкі. Няхай пляце вянок. Вянок – не кош. Кош – гэта патрэбная рэч, а без вянка можна пражыць. Вось так, Надзейка!

– Падумаеш!.. – дзяўчынка так паглядзела на мяне, што я ажно разгубіўся і таму адвярнуўся, а яна яшчэ раз сказала гэтае самае «Падумаеш!», фыркнула, павяла плечуком, рашуча павярнулася і, пад-скокваючы то на адной назе, то на другой, пашыбавала ў вёску, а вянок круціла на пальцы, бы шапку са сланечніка.

Хм! Вось табе і вяночніца. Я доўга глядзеў услед Надзейцы, на пэўны час забыўся пра лазу, а тады ўскінуў вязанку на плечы і патупаў да дзеда Грышкі. І хоць стараўся не думаць больш пра яе, Надзейку, – а я б ёй лусту хлеба і не пашкадаваў, – а яно само думалася і думалася, ажно пакуль не прытупаў на падворак старога. Той сустрэў мяне пытаннем:

– Каму?

– Калі трэба, і табе прынясу...

– Прынясі, прынясі, хлопча, – ухапіўся дзед за маю прапанову, і я абрадаваўся, што дагадзіў яму. – А гэта – на наш кош лаза. Паможаш, дзед?

– Калі прынёс, то давядзецца. Будзем кашаплётствам займацца. А пакуль хадзем паснедаем.

– Снедаў...

– Тады пачакай. Я не затрымаюся. Люблю кашы рабіць. Асабліва з гатовай лазы. Як вось цяпер.

Пакуль дзед Грышка снедаў, я зноў збегаў у лазняк, каб забраць тую лазу, што засталася. І на ёй, на лазе, ляжаў вянок...

Я адразу здагадаўся, што гэта Надзейка паклала, а сама, мабыць, схавалася недзе паблізу і будзе назіраць за мной, што я зраблю з яе вянком. А што я зраблю? На галаву, канешне, не надзену, не хлапечая гэта справа вянкі насіць на чупрыне сярод белага дня. А ў ру-ках патрымаць можна. І патрымаю, чаго ж. Не ўкусіць. А ён не такі і лёгкі. Пахне хораша.

Я пашукаў вачыма Надзейку, але нідзе не заўважыў яе, павесіў вянок на галінку, узваліў на плечы зноў вязанку лазы і, пакуль нёс яе, чамусьці пашкадаваў, што не ўзяў вянок. Спатрэбіўся б. Ці мне, ці дзеду Грышку. Ён бы яго, канешне, павесіў у хаце на вялізны цвік. Калі прыгожы вянок, чаму б не павесіць? І ў нашай зямлянцы з дзядзькам Хвядосам можна было б... Добра глядзеўся б. Над сталом, калі запаліш капцілку. Толькі што гэта я ўсё пра вянок ды пра вянок! Вось-вось торф капаць трэба, а ў нас і каша няма.

Не быў бы дзед Грышка вясковым філосафам. Перш чым узяцца рабіць кош, ён пасядзеў на зэдліку, пакрактаў, а потым расказаў пра сон.

– Як думаеш, Колька, к чаму б я палец парэзаў? – глядзеў стары на мяне і чакаў адказу. – Во гэты. Як цяпер помню... і кроў кап-кап-кап... на белы пясок.

– Пясок белым не бывае, – запярэчыў я.

На што дзед Грышка нахмурыўся:

– Мне лепш ведаць, які бывае пясок у маім сне.