Выбрать главу

– Багата. Пажыве трохі, пагрэецца, адкорміцца на Лізавеціных харчах – і далей пагалёкае. Калі пасля сябе след не аставіць.

След? Таксама скажаш, танкіст. Г-гм, толькі калі падэшва як на чобатах салдацкіх – во то след, а калі прымак той прыклыпаў у лапцях, то каму ён трэба, той след? Пройдзе дождж – і ўсё зліжа як карова языком. Вось вам і след будзе. Адна назва.

– Ну, добра... Я пайшоў. Сам капаю, сам нашу. Раюха хварэе… А наконт трактара, Хвядос, падварушы, падварушы!..

– Буду старацца.

– Глядзі ж! Я табе жыцця не дам.

– Ды гэта я ведаю.

Пазней я здагадаўся пра той след, які мог пакінуць Лізавецін прымак... Пашурупіў трохі галавой – і здагадаўся...

А вы думалі!

13. ЗРУБ

Ну, вось і надыйшоў той дзень, калі дзядзька Хвядос сказаў за снеданнем:

– Сёння, Колька, пачынаем хату будаваць.

Хацелася гукнуць: «Ура!», але мяне апярэдзіў дзядзька Хвядос:

– Будзем радавацца, калі зруб зробім і дах змайструем над галавой. А тады, ужо не спяшаючыся, перанясём туды і печ. Як жа без яе? Не, сяброўку сваю не пакінем, забяром з сабой.

– Забяром, – пагадзіўся, вядома ж, і я, бо не ўяўляў нават, як можна жыць у хаце без печы.

І адразу ж людзей каля нас сабралася – уга колькі! Нават дзед Грышка прытупаў, з той самай сякерай, з якой збіраўся на паляванне, але яго пыл астудзілі тады мужчыны. Пасля таго як маланка забіла бабку Антосю, дзед Грышка крыху змяніўся – пасмірнеў, ці што: яго цяпер менш бачаць на вуліцы і не так часта чуюць ягоную філасофію. Аднак калі прачуў, што старшыня пачынае будаваць хату, не ўседзеў дома, таўчэцца каля нашай печы.

– Хвядос, сякеру навастрыў, бачыш? – паказвае ён інструмент. – Што брытва. Тады не спатрэбілася, то сёння, спадзяюся, адвяду душу.

Дзядзька Хвядос усміхаецца:

– Адвядзеш, Грышка, абавязкова. Хоць і цяжка табе будзе, гляджу, уціснуцца... Мужчын – бачыш? – колькі. Канкурэнцыя!

– Я па-за канкурэнцыяй, – махае сякерай дзед Грышка. – Так, як я, рэдка хто цёс зробіць.

Але Мікіта не пагадзіўся:

– Адпачні, Грышка. Ці не намахаўся ты за сваё жыццё сякерай?

Дзед Грышка адбівае чарговую атаку:

– Ша! Талака ёсць талака. Тут усе роўныя. І не камандуй, а то парушыш усе мае планы. Во так! Я, можа, сабе слова даў: памагчы старшыні хату пабудаваць, і можна будзе... Во так!

Пэўны час было ціха, усе маўчалі, а потым – бы па камандзе – заляпалі сякеры, пасыпаліся жарты, а дзед Грышка пагадзіўся нарэшце, што тут шмат працы і без ягонай сякеры, таму паклаў яе на загнет, і спярша пэцкаў галавешкай шнур, каб мужчыны маглі адбіць роў-ную палосачку на бервяне, а тады разам са мной і Петрыкам збіраў трэскі, якія мы зносілі ў адну кучу.

– Калі талакой рабіць, то любая работа добрая, – казаў ён і зрэдку цыкаў на нас: – Варушыцеся, малеча! Гэта вам не суп лыжкай сёрбаць за сталом. А мне вось цікава-інцярэсна, у які бок вокны будуць у гэтай хаце? Туды ці сюды?

Дзядзька Хвядос пачуў дзеда Грышку, узяў таго за локаць, павярнуў:

– Вось у той бок будуць вокны... Да сонца... І шлях відаць... Як на далоні.

– Цікава-інцярэсна! Давай, старшыня, хутчэй будуй жытло ды перабірайся ў хату, – дзед Грышка глядзеў удалячынь, на ягоных вачах заблішчэлі слязінкі, але стары не зважаў на іх, не саромеўся. – Калі вайна не скончыцца да зімы і мой Пятро не вернецца, то дазволь перад тваімі вокнамі іншы раз пасядзець: узімку холадна чакаць на вуліцы... І во, забыўся папытаць: не пашкадуй колькі трэсак... падсохнуць, то на распал добра будуць...

Шляхам у нас называюць шырокую дарогу, якая вядзе з вёскі да шашы. І ўсе мужчыны наблізіліся да Хвядоса з Грышкам, стаялі побач і таксама глядзелі ў той бок, адкуль прыходзяць у нашу Сасноўку заўсёды і смутак, і радасць...

На шляху пакуль нікога не было відаць.

І мужчыны пачалі зноў цюкаць сякерамі – будавалі зруб. А дзед Грышка нагроб трэсак, пасядзеў з імі на бёрне, а тады з крэктам устаў і моўчкі пасунуўся да сваёй хаты. Мы з Петрыкам усхапіліся, набралі таксама трэсак і неўзабаве дагналі старога. Ён, пачуўшы нашы крокі, спыніўся, паглядзеў на нас і, стомлена ўсміхнуўшыся, сказаў:

– Вы, хлапцы, мне і памерці не дасце!

Не дадзім, дзед Грышка.

Не атрымаецца.

Будзем жыць.

Для чаго і хаты будуем з вокнамі да сонца і на шлях...

14. НАВАСЕЛЛЕ

Хату не паспелі пабудаваць да першых халадоў. Але паколькі зруб быў і меўся дах над галавой, то вясковыя цеслі шчыравалі ў ёй і ўзімку. Можа, і раней справілі б мы з дзядзькам Хвядосам наваселле, але прыйшла пахавальная на Сцяпана, і ён пэўны час хадзіў сам не свой і зусім забыўся, здавалася, на хату: вельмі цяжка пераносіў страту сына. А хто б гэта лёгка перанёс?