Аднак ён даў сабе слова калі-небудзь усё ж даведацца, колькі галінак мае акацыя. Наперадзе было яшчэ шмат урокаў, і гэта цешыла хлопчыка.
Учора Арцёмку маці вадзіла ў паліклініку, доктар прыпісаў яму кроплі ў нос і адвар ад прастуты – каб не сіпела ў горле – і папрасіў стаць спярша на шалі, а затым памерыў ягоны рост. Там жа, у тым чысценькім несамавітым пакойчыку, хлопчык і даведаўся, што мае рост 145 сантыметраў, вагу – 38 кілаграмаў. Многа гэта ці мала – усе тыя лічбы яму мала аб чым гаварылі, а калі апынуўся на вуліцы, і зусім забыўся на іх. Ён не ведаў, вядома ж, паколькі вышмыгнуў раней, што маці доктар параіў даваць яму больш вітамінаў і наогул каларыйнай ежы, на што тая, седзячы на канапе і цікуючы за кожным рухам мужчыны ў белым халаце з рыжымі вусікамі пад носам, толькі ўздыхала, ківала-пагаджалася: канешне ж… я разумею… вядома ж… пастараюся… А ўжо калі прычыніла дзверы кабінета, нібы апраўдваючыся перад людзьмі, што чакалі сваёй чаргі на прыём, сказала:
– Расце ж калі!..
Кватэра, у якой жыў Арцёмка разам з мамай, нагадвала сметнік. Сюды прыносілі ўсё, што лічылі патрэбным, яе сябры – такія ж лахматыя, нечасаныя, зморшчаныя і чорныя, падобныя на неграў, дзядзькі і цёткі. Тут была іх база, ці што. На гэтай базе яны пераапраналіся ў новую адзежу, рабілі гэта весела і крыху нават урачыста, не шкадавалі адзін аднаму кампліментаў. Тую ж вопрадку, што знімалі з сябе, адносілі назад на сметнік: яна адслужыла ім спаўна, дзякуй. Мы – прыфранціліся!..
На гэты раз трапіліся добрыя, амаль што як новыя, рэчы і для Арцёмкі.
– Гэта – сыночку, – прыціскала да грудзей кашулю і парткі маці, радавалася, і было такое ўражанне, што яна выбірае рэчы для сына ў краме, а вакол яе шчыруюць прадаўцы – не менш шчаслівыя, чым жынчына: сёння кожнаму пакупніку там рады. – Праўда ж, хвасон добры?
Ёй нехта казаў ухвальнае, тады Арцёмкава маці прамакала вочы той жа кашуляй альбо тымі ж парткамі, і да таго часу, пакуль не прапаноўвалі зноў шклянку з віном, сядзела на табурэце, смактала цыгарку і прыгадвала тое-сёе са свайго жыцця. Недзе ў прыватным сектары жыве яе першы і апошні муж Валік, Арцёмкаў татка. Прыгожы, няроўня гэтым мужчынам, што прыходзяць у яе аднапакаёўку калі ім уздумаецца – ноччу дык ноччу, удзень дык удзень. Суседзі спярша шыкалі, усяго можна было чакаць ад гэтых бамжатнікаў, а потым змірыліся: прайшлі чуткі, што адключылі газ за няўплату. Яны, суседзі, шкадавалі толькі Арцёмку, бо хлопчык ходзіць у школу, яму ж урокі трэба вучыць, а ён, нябога, жыве ў гэтым пекле. Дакаралі за гэта – што асабліва дзіўна – не маці, якая зусім спілася і згубіла чалавечы твар і жаночы гонар, а бацьку: маўляў, пацікавіўся б, як жыве сын, ды забраў да сябе, а то, чаго не ўбачыш, зусім прападзе хлапец.
Бацьку таксама было не да сына – у яго стварылася новая сям’я, і жанчына, якая заняла месца Арцёмкавай маці, была надта злой, нялюбай, як сказаў адзін вядомы пісьменнік, грамадзянкай…
Колькі разоў заходзіў участковы, рабіў заўвагі жанчыне – настаўляў на правільны шлях. Але маці ратаваў Арцёмка – умудраўся вучыцца ён добра, заўваг са школы не паступала. Што яшчэ цікава, дык у адным класе з ім была і дачка ўчастковага, на сходзе неяк яны, Арцёмкава маці і ўчастковы, нават сядзелі побач. Размова пра дзяцей зацягнулася, жанчыне надакучыла слухаць ўсё гэта, і яна штурханула ўчастковага ў бок, а быў ён у цывільным адзенні, і прапанавала:
–Піва не вып’ем?
Трэба было бачыць вочы участковага!
Калі прыходзіў Арцёмка са школы, ён абедаў. На стале можна было знайсці тое-сёе з ежы. Ён адной рукой адганяў мух, а другой піхаў у рот хлеб, рыбку з кансервы ці кавалачак каўбаскі, у якой ад спёкі папражылася сала, і таму той скрылёк каўбаскі нагадваў яму нейкага смешнага чалавечыка: гэта – вочкі, гэта – носік, гэта – роцік…
Неяк мамін бойфрэнд Калян, як назваў ён сябе, звярнуў увагу, што Арцёмка не столькі падсілкоўваецца, колькі забаўляецца з каўбасой, а гэта, даруйце, ужо з рук вон выходзячы выпадак, і падаў свой голас:
–Табе што, можа нясмачна?
Арцёмка працягваў забаўляцца з каўбасным чалавечыкам.
–Я паўтараю: табе што, нясмачна?
– Я ў школе еў, – ціха адказаў хлопчык.
– Тады вылазь з-на стала і не займай месца! – і бойфрэнд Калян паглядзеў на маці, якая стаяла побач і не ведала, што ёй сказаць.– Яму, гляньце вы, ужо мая каўбаса, што я прынёс, у рот не лезе. Калі такі граматны, дык сам зарабляй і ўплятай тое, што прынясеш. А, ты яшчэ школьнік? Разумею, разумею. І я быў школьнікам, і мамка твая ацістат мае, вунь у шафе ляжыць… з аднымі пяцёркамі… сам бачыў… на свае вочы… Спярша не паверыў, што выдатніца…