У ціры хапае мішэняў. Арцёмка пацёрся каля стралкоў, доўга стаяў перад ціршчыкам, а тады – і адкуль такое ўзялося ў яго, пазней і сам сабе не адкажа?– прыдумаў наступнае:
– Мне трэба потым паказаць мішэнь дзядулю. Ён не верыць, што я ўмею спраляць, прынясі, кажа, пакажы, тады я табе буду даваць грошы з кожнай пенсіі на пулькі. Дык аддасцё мне тады мішэнь, а, дядзька? Скарыстаную? У мяне на дзве пулькі грошы ёсць…
Ціршчык, як і чакаў Арцёмка, не пагадзіўся:
– А як я потым спішу пулькі, малады чалавек?
– А як вы спісваеце, калі я, напрыклад, буду страляць па жалезных мішэнях, па вавёрцы ці мядзведю? Там дзірачак не бывае, а?
Ціршчык замахаў на Арцёмку рукамі:
– Хлопчык, альбо страляй, альбо ідзі адсюль і не замінай іншым? Ну, чаго стаіш? Рашай!
Арцёмка, перш чым пакінуць цір, яшчэ раз уважліва паглядзеў на мішэнь і вырашыў яе зрабіць сам. Яшчэ можа і лепшую. Толькі трэба знайсці недзе агрызак фанеры ці якую кардонку і кавалачак крэйды.
Дружок, пакуль Арцёмка быў у ціры, чакаў яго, а як толькі хлопчык паказаўся, завіляў хвосцікам.
– Не дае мішэнь, скнара ён, – паскардзіўся сабачку хлопчык.– Можна падумаць, я плакаць буду. Знайду.
Хадзіць жа ў сваім мікрараёне даводзілася асцярожна, трэба было востра трымаць вока: калі Міронава сустрэнецца – яшчэ паўбяды, а раптам хто іншы ці нават настаўніца, і куды потым падзенешся? Калі б яшчэ адзін быў, тады прасцей, а з сабачанём не ўцячэш – будзе бегчы і гаўкаць, тады адразу на іх і наскочыш.
Каля камка, дзе прадаюць смачныя хлебныя чыпсы, Арцёмка пачуў страшны аповед. Сёння ноччу два бандыты напалі на “Банкамат”, забралі ўсе грошы і стралялі па вартаўніку крамы, у сцяну якой уманціраваны той банкамат. Забілі вартаўніка, кажуць, напавал. А пісталет выкінулі ў куст каля возера. Рабаўнікоў затрымалі, тыя паказалі, куды выкінулі пісталет, але там яго не знайшлі. Цяпер усюды шукаюць той пісталет…Увесь горад міліцыя падняла на ногі…
– Пайшлі, Дружок, адсюль, – спалохаўся Арцёмка, яму падалося, што міліцыя вось-вось паймае і яго, запіхне ў “варанок”, а сабаку, скажуць, і так добра будзе, няхай бяжыць куды хоча, і ад ўсяго гэтага хлопчыку зрабілася ніякавата, ён пашкадаваў, што адразу не аднёс пісталет, а цяпер, канешне ж, ужо позна: што будзе, тое будзе. – Там ёсць патроны. Пастраляю, і аднясу…нічога з пісталетам не зробіцца… Бо калі яшчэ так падфарціць?.. Хто мне яго дасць?.. Тым больш, я ж загарнуў пісталет у сваю майку…Не пашкодзіцца…
А тут якраз і міліцэйскі легкавік паказаўся. Арцёмка знерухомеў, а тады з палёгкай уздыхнуў: той праехаў міма.
Міронава ўсё ж убачыла Арцёмку – якраз у той час, калі ён стаяў з Дружком каля камка і прыкідваў, што б ён купіў, калі б меліся грошы: хацелася есці.
– Ой, Арцёмка! – зніякавела дзяўчынка.– Я ж цябе шукаю. І не толькі я – увесь клась. Так-так, не здзіўляйся.
Арцёмка паглядзеў па баках: нікога няма. А яму пасля слоў Міронавай падалося, што з усіх бакоў падыходзяць аднакласнікі, і таксама, як і яна, радуюцца. Нарэшце! Вось ён, злосны парушальнік школьнай дысцыпліны! Узяць яго!.. Аднак каля камка, акрамя Міронавай, з аднакласнікаў нікога больш не было, і гэта надало хлопчыку ўпэўненасці. І, што сам заўважыў, ён нават абрадаваўся сустрэчы з Міронавай: можна будзе распытаць пра школьныя справы. Ды і не толькі пра іх – хочацца пабыць побач з дзяўчынкай, якая сядзіць за адной з табой партай, іншы раз замаўляе за яго выратавальнае слова, калі хто-небудзь стараецца абразіць. А такое бывае, ёсць нахабнікі, бо яны ведаюць, што Арцёмка рэшты ніколі не дасць, змоўчыць, будзе думаць пра нешта сваё, толькі аднаму яму вядомае. “Няма мне калі з вамі тут разбірацца!” Чым не момант упікнуць, паказаць сябе? Гляньце, які я герой, а хто ён, гэты Арцёмка? Пустое месца!.. Хоць каля дошкі ён, не пярэчым, фору дасць многім. Але гэта каля дошкі. Ёсць жа яшчэ і класнае памяшканне, дзе можно на перапынках паказаць сябе з усіх бакоў.
Арцёмка і сапраўды абрадаваўся сустрэчы з Міронавай.
– Цябе ў класе чакаюць, – сказала яна. – Калі будзеш? Заўтра? Ты мне адкажы: заўтра? Я, я паабяцала цябе адшукаць, калі хочаш ведаць. З зямлі выкапаць цябе паабяцала. І я, між іншым, не здрадзіла табе… Ніхто не ведае, што ты сядзеў у падземным пераходзе з працягнутай рукой. Пра іншае ведаюць, а пра гэта – не…