Сябрукі паабяцалі дзеду Аўгею выканаць ягоную просьбу.
А гасцінец спадабаўся Бусліку. Ён з’еў колькі рыбін, а потым, пачасаўшы дзюбу аб пяр’ё, адышоў ўбок - каб і іншыя птушкі, што жывуць побач з ім, пачаставаліся.
Калі гасцінец ад добрых людзей, то яго ўсім хопіць.
Жыццёвінкі
МЫ
Быў звычайны будны дзень, і Ён, злёгку паснедаўшы, выходзіў з кватэры, на ганку азіраўся па баках, нібы каго хацеў убачыць, затым папраўляў старэнькі капялюш на галаве і шоргаў па алейцы ў бок гандлёвага цэнтра ОМА. Што азначалі гэтыя літары, Ён не ведаў, яму гэта, праўду кажучы, і не трэба было: важна зусім іншае — важна тое, што там вочы разбягаюцца ад усяго ўбачанага. Ёсць, ёсць што паглядзець. Музей, дый годзе. Як толькі пабыў Ён тут першы раз ныпрыканцы мінулага года, так і захварэў: не можа пражыць і колькі дзён, як зноў яго цягне сюды, бы магнітам. Няважна, што ў гэты загадкавы і багаты на самыя разнастайныя рэчы гандлёвы цэнтр амаль усе падрульваюць на легкавіках, яму і так было добра. Кожнаму, разважаў, сваё. Дзе ж на той легкавік было ўзяць грошай, калі працаваў сумленна ўвесь час, не браў ніколі чужога? А як можна было на заработную плату абзавесціся аўтамашынай, Ён не ведаў. Калі, хіба, не есці, хадзіць у адной камізэльцы? Ды і што тады гэта будзе за жыццё, галоднага і абадранага? Не, някепска яму будзе і без легкавіка, і, дзякаваць Богу, ногі пакуль слухаюцца, не падводзяць, хоць і ўзрост мае паважаны — пад семдзесят.
Ён уваходзіў у памяшканне гандлёвага цэнтра так, як раней мінаў прахадную завода, а там — і яго другі механазборачны цэх, дзе рабіў да апошняга працоўнага дня фрэзероўшчыкам. Ківаў галавой хлопцам, што сачылі за ўваходам-выхадам, тыя ківалі яму — відаць, як старому знаёмаму, бо, не сакрэт, прамільгаўся Ён тут. Магчыма, хтосьці з тых хлопцаў і западозрыў нешта, бо яно ж і сапраўды: ці не кожны дзень з'яўляецца тут гэты сівы і гнуткі, бы лазовы пруцік, мужчына, але з чым заходзіць, з тым і выходзіць — з пустымі рукамі. За ім, не сакрэт, пачыналі цікаваць... Ён жа, у сваю чаргу, падоўгу таптаўся каля ўзораў пакрыццяў для падлогі і столі, іншы раз не вытрымліваў, браў тыя, круціў перад вачыма і так і гэтак: шыкоўная рэч, нічога не скажаш!..
Іншы раз Ён падыходзіў да людзей, што рабілі пакупкі, зайздросціў ім, а каб паказаць, што і ён тут ходзіць не проста так, а з пэўным пакупніцкім інтарэсам, пачынаў гаворку:
— І колькі, калі не сакрэт, трэба гэтай кафлі для маёй кухні?..
Альбо:
— Хіба і мне набыць такі ліманад? — Ён ненаўмысна вымаўляў "ліманад" замест "ламінат", таму што апошняе слова яму і сапраўды не давалася. — Ці, можа, заўтра што-небудзь яшчэ, лепшае, прыдумаюць? А? Пачакаць хіба?..
Яму звычайна нічога не адказвалі, і Ён ішоў далей па радах, дзе на стэлажах чаго толькі не ляжала-стаяла, прыглядаўся да людзей, што рабілі пакупкі. Людзі як людзі, а бач ты, якія шчаслівыя!..
А потым, насыціўшыся, Ён той жа дарогай, шукаючы капелюшом ветрык перад тварам, вяртаўся дадому...
Захварэў брыгадзір паляводчай брыгады, і замест яго часова быў прызначаны Ён.
— Павіншуй мяне, жонка! — пахваліўся дома. — Я — брыгадзір! Нічога, што і на кароткі тэрмін, але прызначыў сам старшыня не каго-небудзь, а мяне. Разумееш? Думаць трэба!..
Жонка разумела, павіншавала. Яна ганарылася сваім мужам, і сама таго, пэўна ж, не падазраючы, з таго моманту, як даведалася пра мужава павышэнне, напускала на сябе залішнюю строгасць, і ёй рабілася не інакш як сорамна за сваю непрычыннасць да ўсяго, што было вакол, раней.
Назаўтра Ён з нагоды павышэння на калгаснай службе апрануў адпрасаваны, хоць і старэнькі, але чысты і прывабны пінжачок, нацягнуў джынсы, якія сталі малыя ягонаму гарадскому сыну, а да сарочкі ў зялёную палосачку выбраў аднатонны чырвоны гальштук.
— Ну, як?
Жонка паказала вялікі палец.
Ён здзівіў усіх на праўленні калгаса. На яго глядзелі так, нібы ўпершыню ўбачылі. Нават сам старшыня, якога, трэба прызнацца, ніколі ніхто пры гальштуку не бачыў, разявіў рот... Падзівіцеся, што робіцца! Дзень пры пасадзе чалавек, а як адразу перамяніўся. Не пазнаць. А мо гэта зусім і не Ён? Дык не ж... Ён! Гляньце толькі, з якім ліхаманкавым бляскам вочы ў чалавека!..