Назаўтра Арцёмка прыбег у бібліятэку №6, што побач з іх домам, і, павітаўшыся, папытаў:
– У вас ёсць часопісы з машынкамі?
Яму падалі цэлы стосік такіх часопісаў.
Гэта добра, што бойфрэнд Калян праспаў, а то былі б часопісы. Вяртаючыся дадому, Арцёмка разважаў так:”Зараблю грошай на білет да дзядулі з бабуляй, наемся марожанага і накупляю сабе машынак. Ура!”
А потым яго сустрэла маці, пераапранула ў рыззе, паклікала бойфрэнда Каляна, які курыў на кухні:
– Мы гатовы!
Праз увесь горад ішлі пехам па вядомай прычыне.
– А назад, Арцём, прыкацім на таксі! А?– штурхаў таго ў бок бойфрэнд Калян і сам радаваўся, нібы дзіця.
На таксі? Ого, на таксі! Хлопчык ніводнага разу не ехаў на ім, таму дабаўляў кроку. Ну дзе ён, той падземны пераход, калі будзе? Дзядуля з бабуляй, марожанае, машынкі і таксі... Хутчэй бы! Як гэта было б цудоўна, каб усё спраўдзілася!..
Перш, чым пасадзіць Арцёмку каля сцяны на сярэдняй прыступцы, бойфрэнд Калян пачапіў яму на шыю кавалак кардонкі ад скрынкі, у якой прадаюць звычайна марожаную рыбу, на ёй было напісана:”Людзі добрыя, памажыце! Я цяжка хворы. На лячэнне патрэбны грошы. Дзякуй”.
Бойфрэнд Калян пахваліў сам сябе:
– Кардонку я прыдумаў у самы апошні час. Так што табе і гаварыць нічога не трэба. Сядзі і жаласліва толькі вачыма лыпай, корчы морду. Будзь артыстам, Арцём. У жыцці спатрэбіцца. Трэніруйся. Бачыш, і руку працягваць таксама не трэба… Шапка для чаго? Мух лавіць? Э-не, не думай, мы таксама можам шурупіць: у маёй галаве не абы што, а сам каледж!.. То-та ж!.. Займай сваё месца, а я тым часам адлучуся – каб вочы не мазоліць. Ага, пачакай! Забыўся сказаць. Як толькі ў шапцы засвецяцца дзяржзнакі, хутчэй засоўвай у адну і тую ж кішэнь. Так надзейней будзе. Каб я не аблапваў цябе ўсяго. Але на дне ў шапцы пакідай – для прыманкі. Ну, працуй!..
Арцёмка застаўся адзін. На вочы, каб не сустракацца з людзьмі, якія шнуравалі уверх-уніз па даволі крутых прыступках, ён насунуў старэнькую зашмальцаваную бейсболку, і таму бачыў толькі ногі праходжых. Абутак вабіў яго. Прыгожы, у асноўным імпартны. “Мне б такі”. Арцёмка паглядзеў на свае чаравікі, яны былі не толькі аблупленыя, але і прасілі кашы, таму ён спярша падкурчыў ногі, схаваў іх, каб людзі не бачылі, у што абуты, а тады толькі ўспомніў, для чаго тут сядзіць, і зноў выставіў напаказ чаравікі.
Першы час Арцёмка сядзеў нерухома, амаль не дыхаў, а толькі сачыў краем вока за шапкай. Туды – во дзівосы! – з чыёйсці рукі, на якой быў вялікі круглы гадзіннік, апусцілася першая паперка. Сто рублеў! Потым зноў сто, потым дваццаць, а крыху пазней нехта не пашкадаваў і пяцьсот… Настрой у хлопчыка ўзняўся, і ён рашыў не хавацца. Якраз тады, калі і задраў бейсболку, патрапіла яму на вочы Міронава. Арцёмка не разгубіўся, хуценка сцяміў, што да чаго, і зноў насунуў бейсболку на лоб.
– Не хавайся, Арцём, я цябе пазнала, – Міронава сама задрала яго бейсболку, і яны доўга глядзелі адзін аднаму ў вочы.
Арцёмка для прыліку кашлянуў, пацікавіўся:
– А ты што тут робіш?
– Да бабулі прыязджала. Яна жыве ў гэтым раёне. Маці купіла ёй лекі, дык я адвезла. А ты што, сапраўды хворы, Арцёмка?
“Прычапілася гэтая Міронава!”– падумаў хлопчык, а дзяўчыне сказаў коратка і зразумела: – Так трэба. І больш нічога не пытайся. А калі хочаш сказаць у класе, што я выпрошваў грошы, дык скажы. Я не баюся. Бо не краду ж я. Гэта каб краў, тады іншая справа!..
Праз паўзу Мітронава паабяцала:
– Я нічога не скажу.
– Слова?
– Слова.
– Глядзі ж!.. А цяпер ідзі, не перашкаджай мне…
Міронава адышла на колькі крокаў, а тады хуценька вярнулася і кінула ў шапку грашовую паперку. Арцёмка запратэставаў, але дзяўчынка вокамгненна знікла. На ўсялякі выпадак, ён запомніў, што то былі пяцьсот рублёў, узяў іх і паклаў у кішэшь, што мелася ў кашулі. Але не там-та было! Адкуль і ўзяўся бойфрэнд Калян.
– Я за табой даўно сачу, думаеш не? – ён быццам лёгенька дакрануўся да вуха, але тузануў так, што хлопчык ажно войкнуў.– Гэты нумар не пройдзе. Чаму піхаеш грошы ў розныя кішэні, а? Я што табе казаў? Адказвай!
Арцёмка растлумачыў, што гэта была аднакласніца, а з яе ён узяць грошы не можа, таму паклаў асобна, каб потым вярнуць.
Бойфрэнда Каляна такі адказ не задаволіў:
– Будзеш тут мне сартыраваць людзей на сваіх і чужых, нахабнік! Усе грошы ў кучу, і ніякіх размоў. Зразумеў? – Ён вычысціў кішэні ў малога, і моўчкі знік.
Арцёмка ж працягваў сядзець перад шапкай ў падземным пераходзе, калі перад ім з’явіўся віславухі сабачка з доўгім брудным шчэццем. Сабачанё панюхаў грошы, што ляжалі ў шапцы, а тады паглядзеў на хлопчыка: іх позіркі сустрэліся. Арцёмка нічога не сказаў, адно што паказаў няпрошанаму госцю язык, але і гэтага было дастаткова таму, каб зразумець: з гэтым хлопчыкам можна мець справы, і бяздомны сабачка прытуліўся да нагі Арцёмкі, затым лёг, выцягнуўся на ўсю сваю даўжыню. Хлопчык хацеў спярша сказаць сабачку, каб ішоў прэч, бо ад яго непрыемна пахла, але пашкадаваў: дзе ж ён сам цяпер адмыецца, калі на ім столькі бруду? А ўслых сказаў:
– Пачакай трошкі. Потым пойдзеш са мной, да копанкі. Бачыш, колькі ў мяне грошай? А яшчэ ў кішэні ёсць. Хопіць і на мыла, і нам з табой паабедаць. Толькі каб Калян не забраў грошы, бадзяецца недзе… То і добра. Ну дык што, пайшлі, можа, ці як?
На здзіўленне Арцёмкі, сабачка паслухмяна падняўся і не зводзіў вачанят з яго, і ў хлопчыка складвалася ўражанне, што ён цяпер ужо падганяе яго: маўляў, ну, паказвай, куды ісці, у які бок… Арцёмка згроб грошы, а шапку засунуў пад сарочку. Яшчэ раз на ўсялякі выпадак паглядзеў па баках – Каляна не было відаць, і гэта добра. Але ўсё роўна трэба было спяшацца.
– За мной, дружок!
Сабачка зачыкільгаў за Арцёмкам, падмятаючы дарогу. Калі прайшлі трохі, хлопчык азірнуўся на тое месца, дзе сядзеў: ціха. Значыць, рашыў Арцёмка, Каляну і ягонай маці хапіла тых грошай, што ён сабраў раней, каб наогул забыцца пра яго. Выдатна. Цяпер ён – самастойны чалавек, амаль дарослы. Застаецца толькі палічыць грошы, каб потым разумна іх патраціць. Праўда, планы крыху памяняліся. Калі раней ён не думаў купляць мыла і ежу для сабакі, то цяпер давядзецца. Аднак гэта не бяда. Галоўнае, каб хапіла на білет у вёску. Машынкі, калі на іх не застанецца грошай, пачакаюць. І марожанае пацерпіць.
Грошы лічыць у людным месцы Арцёмка пабаяўся, ці мала што, таму ён выбраў дзіцячы садзік, там шмат хмызоў, у адзін з іх яны і зашыліся.
– Сядзі ціха, – папярэдзіў хлопчык сабачку.– Пачакай, а як цябе зваць?
Сабачка ціхенечка праскуголіў, лізнуў Арцёмку ў шчаку.
– Ну-ну, я да такога не прывык, – адмахнуўся хлопчык і выцер краем кашулі тое месца, куды лізнуў яго сабачка.– А сябраваць будзем. Бачу, ты добры, спагадлівы. Толькі без імя жыць нельга. Хочаш, я назаву цябе… Як жа мне цябе назваць, дружок? Пачакай! А так і будзь – Дружок! Я прыдумаў! Ты згодны, Дружок?
Сабачка адказаў:
–Гаў!
–Малайчына. Цяпер не перашкаджай мне лічыць грошы. Маўчок.– Арцёмка доўга лічыў грошы, фасаваў іх па кішэнях, аднак ад Дружка тайнаў не меў.– На мыла хопіць. Трэба недзе і нажніцы дастаць, каб тваё шчэцце абрэзаць, бо яно ж нікуды нявартае. Ды і што пра мяне падумаюць людзі? Скажуць, я ж ведаю: які ж гультай, які ж абібок гэты хлопчык, што ідзе з вунь з тым сабачкам! Няўжо ён не выбера часу, каб прывесці і сабачку ў больш-менш прывабны стан, каб прыдаць яму належны выгляд? Сорам які, сорам!.. Вось толькі ж дзе нажніцы ўзяць? Грошы ёсць, не пярэчу, аднак распылім, што тады? Гэта каб нам тыя нажніцы былі патрэбны кожны дзень, я б не пашкадаваў. Але што-небудзь прыдумаем. Спярша – на копанку, я ведаю, дзе яна, а па дарозе купім мыла. На другое ў нас – абед. І правільна! За стол жа з бруднымі рукамі садзіцца нельга. Я ўвесь час хацеў адмыць свае рукі, асабліва ўлетку, калі не хадзіць у школу, але ў нас вечна не было мыла. А потым я, скажу табе па сакрэце, Дружок, узяў кавалачак ў школьным мыцельніку, ім і карыстаўся. Памыюся – і схаваю, памыюся – і схаваю. Уго, каб бачыў мыла Калян! На яго рукі тона мыла патрэба! Ого!.. Ну, ды што гэта я? Пайшлі, пайшлі, Дружок!