Выбрать главу

–Мама, адстань!

–Не, не адстану. Я сур’ёзна. Вы ж так падыходзіце адзін аднаму, што і не перадаць! Ну, дык што, калі вяселле будзем спраўляць?

Бываюць жа дзівосы на свеце. Маці заставіла сына і прыбіўшуюся да яго жанчыну перашай справай памыцца і пераапрануцца (жанчыне дала свае транты), а потым пасадзіла за стол, наліла па сто грамаў і адразу ж схавала графінчык. А тады папрасіла слова, добранька пасарамаціла тых:”Пара, пара, дзеці мае, брацца за розум. Паглядзіце на сябе: вы ж такія прыгожыя, а што гарэлка зрабіла з вашымі тьварамі? На каго вы падобны? Бог, каб ведаў, аддаў бы вашу прыгажосць іншым людзям…”

Так Яны і жывуць у кватэры ягонай маці. Яна нарадзіла дачку, Ён купіў легкавік. Бачылі б, якія шчаслівыя.

Паляпаем па дрэве.

11.

Ён і Яна – выпускнікі тэатральна-мастацкай акадэміі ( на той час – інстытут), пакахалі адзін аднае яшчэ на першым курсе. Вяселле было сціплае: студэнты, і гэтым усё сказана. Хаця з боку жаніха мелася прапанова непасрэдна ад бацькі, а ён быў палкоўнікам у адстаўцы, салідным чалавекам, не спяшацца, а паднасабіраць грошай ды адзначыць гэтую падзею як след, усё ж адзін сын у сям’і. Яго не паслухаліся: што чакаць, калі няма калі!.. Хутчэй у ЗАГС!.. Размеркаваліся ў абласны драматычны тэатр: Ён стаў працаваць па спецыяльнасці – рэжысёрам, Яна – актрысай. Даволі хутка атрымалі кватэру. Нарадзілася дзіця. А потым яна сказала: “Хачу дамоў! Сумую па бацьках! Ды і што мы сядзім тут, калі ў Маскве віруе сапраўднае тэатральнае жыццё! Там жа кіно, тэатры. А што мы тут не бачылі?” Ён разводзіў толькі рукамі, не ведаў, што адказаць жонцы. А потым яму прапанавалі пасаду галоўнага рэжысёра ў іншым абласным тэатры. Ён ахвотна пагадзіўся. І пачаў апантана працаваць, перад ім было шырокае поле дзейнасці. Ты – галоўны, табе і карты ў рукі. Стаў спектаклі, якія пажадаеш. А Яна зноў успомніла пра Маскву, дзе нарадзілася і вырасла, бацькоў, брата.”А дзе мы там жыць будзем? У нас жа тут жыллё – лепш не прыдумаеш – два пакоі насупраць тэатра.”– “Нас цётка возьме да сябе, яна, ты ж ведаеш, адзінокая…”– “”А праца? Хто нас там, у белакаменнай, чакае?” – “Былі б мы, а працу знойдзем. З Сібіры вунь ажно едуць, каб пакараць Маскву. І пакараюць. А мы што, горшыя? Тым больш Масква – мой горад. Стане ён і тваім. Павер”.

Ён… здаўся. І тут трэба нагадаць, што на дварэ быў пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Распаўся вялікі саюз народаў СССР. У Маскве мітынгі, на вуліцах танкі… Тэатры не фінансуюцца. Кіно не здымаецца. Рэжысёры і акцёры нікому не патрэбны, сваім няма чаго рабіць. Ён не працуе, Яна – таксама… Дзіцё на руках. Як жыць, што рабіць? Страшней сітуацыі не прыдумаеш. Вярнуцца, можа, назад? Але хто ж іх, уцекачоў, чакае сёння ў Беларусі ? Ранейшае месца галоўнага рэжысёра занята, нават няма вакансій чарговых.

Сёння Яны дзівяцца: і як толькі выжылі? Ды і радасці ад працы няма, таму што робяць не па спецыяльнасці. Для творчых людзей – гэта спрэс стрэсавая сітуацыя, іначай не скажаш. Ён іншы раз, праўда, наязджае ў беларускі тэатр, ставіць спектаклі… Але не так часта, як таго жадалася б.

Масква ж, распусніца, не прыняла належным чынам. Не працягнула руку, схіліліўшы голаў: мы вас даўно чакаем, шаноўныя нашы!..

12.

Апошні раз я бачыў гэтага чалавека, калі Ён падмятаў каля свайго двара. Рабіў гэта з перадыхам: шаркне раз-другі – адпачне, і так далей. Сусед быў зусім слабы. Неўзабаве яго забраў у горад сын, аднак на гарадскім хлебе пабыў нядоўга– адтуль яго прывезі назад у вёску ў труне, пахавалі побач з жонкай, якая пайшла з жыцця паперад. Дзеці паставілі ім агульны помнік, на якім Яны – як два галубкі…

Ён з суседняй вёскі, Яна – мясцовая. Пабраліся шлюбам яны адразу ж пасля вайны, і хоць час быў няпросты, расшчодрыліся на дзяцей: дачка, сын, дачка, сын, сын, дачка… Дзеці былі ў іх прыгожыя, як і самі бацькі. Жылі дружна, рабілі і на сваім агародзе, і на калгасных палетках, а ў сезон збіралі дурніцы на балоце і што пакідалі сабе, а што неслі на базар у мястэчка. Але было адно “але”. Цёшча. Яна таксама жыла ў гэтый дружнай сям’і, і таму іншы раз падсыпала зяцю перца: то выпіў з хлопцамі на дворні (Ён працаваў там механікам), то стаяў і размаўляў на вуліцы з сімпатіычнай суседкай, а то і проста не так глянуў на яе, цёшчу. Адным словам, тады-сяды ўспыхвалі сямейныя канфлікты, якія заканчваліся іншы раз тым, што аконная шыба, а то і адразу дзве, былі затыкнуты куфайкай альбо ватнікамі, і тады праходжыя каля такіх вокнаў спачувалі зяцю, казалі, што ў прымах жыць – ну яго!..

А неяк пасля чаговага канцэрта Ён цвёрда вырашыў з’ехаць куды вочы глядзяць. Тады была ўжо праторана дарога з вёскі ў Карэлію, павёз і Ён сваё сямейства туды. Цёшча засталася адна, шкадавала дачку, кляла няпутнага зяця. У Карэліі ім чамусьці не спадабалася – вярнуліся. Але адразу Ён пачаў будавацца. Адразу. Тут, побач з цёшчынай хатай, вырасла неўзабаве і зяцева. І што цікава, калі трохі калгас станавіўся на ногі, багацелі і людзі,вядома ж, тады Ён і зусім прыдумаў вось што: цёшчыну хату знесці, на яе месцы пабудаваць мураваны асабнячок, а цёшча няхай вяртаецца ў іхнюю, а заходзіць толькі па святах. Так і зрабілі. І жылі, кажуць, вельмі шчасліва. Ды што кажуць – я сам бачыў… Ён і Яна часта падвечар, узяўшы адзін аднае пад ручку, хадзілі па вуліцы і дыхалі свежым паветрам. На манер гарадскіх.

І на помніку, здаецца, Яны… ідуць, узяўшыся пад ручку, шчыльней прытуліўшыся галовамі адзін да аднаго. Сапраўды – як два галубкі.

13.

Сёння Яна больш сядзіць на лаве перад пад’ездам, у кватэру заходзіць рэдка: сумна там пасля таго, як не стала дзеда. Яму было восемдзесят сем, франтавік, стары атрымліваў добрую пенсію і любіў віно. За ім далёка хадзіць не трэба – прама ў іхнім доме зрабілі нядаўна маленькую, але ўдаленькую краму, дзе Ён мог задаволіць свае патрэбы. Яна іншы раз бурчэла: “Колькі можна жлукціць? І грошай не шкада табе, стары ёлуп?” А Ён адказваў:”Пражыві ты столькі, баба, тады рот разяўляй. Гэта – па-першае. А па ўсё астаняе, я б мог і не вярнуцца з вайны. Ды і мне, адчуваю, не багата засталося… Расступіся, дай схадзіць за віном… ” Яна скардзілася на старога суседзям. Амаль усе яны займалі бок дзеда. Бо бачылі ж, як разбэсціла Яна сваіх дзяцей і ўнукаў, адшчыпваючы тым грошы ад дзедавай пенсіі. Яны, дзеці і ўнукі, у дзень пенсіі і яшчэ дні два-тры не выходзілі з кватэры, шасталі туды-сюды: дзверы амаль што не зачыняліся. Але ж і ў дзедавых грошай бывае канец. Тады яны, сваякі самых розных узростаў і рангаў, не прыходзяць, чакаюць наступнага месяца. А яна вохкае і ахае, што сын хворы, не бяруць нікуды на працу, унучка няшчасная ў каханні, кінуў муж, а чаму не ўладкоўваецца куды на працу, бо ніводнага дня не рабіла, адказвае, не хаваючы вачэй:” А хто ж малое будзе глядзець?”– “Іншыя ж і працуюць, і дзяцей вырошчваюць”. – “Ат!” Толькі што суседзям хлусіць, калі яны больш ведаюць пра іхняе жыццё, чым думае пра гэта Яна? Ведаюць, чаму дзед цвёрда стаіць на сваёй пазіцыі і чаму шкадуе “апошняга рубля. Ён, стары, якраз і супраць таго, каб бэсціць сына, унукаў і праўнукаў. Сёння можна зарабляць і самім грошы, а не клянчыць. Ідзі, працуй. Хто жадае,той і мае. А патачкі даваць было не ў ягоным характары. Жонцы ж казаў: “Што ж ты будзеш рабіць без мяне?” Яна весела адказвала:”Мяне дзеці не кінуць, што ты! Яны мяне любяць, хіба ж не бачыш?”– “Ды бачу, як жа. Яны любяць не цябе, а грошы – вось што я табе скажу, пара ўжо паразумнець”. – “Што ты такое пляцеш, стары? Пакайся!..”

Ён памер напачатку года. Акрамя старэйшаша сына, п’яніцы і гультая, да яе ніхто не заходзіць. А што возьмеш? Усё, што было можна ўзяць, бярэ сын, які раней яшчэ ездзіў на заробкі ў Расіію, а потым, як толькі скончыў выплочваць аліменты на сына, і зусім махнуў рукой на працу: старыя пракормяць. Яны і кармілі яго. Пасля раздзелу маёмасці, сыну дасталася малагабарытка, і маці часта насіла туды ежу, а больш прыходзіў сын сам, прасіў грошай на папіросы і піва. Яна ж, хаваючы гэта ад дзеда, бо “забіў бы”, плаціла і за сынаву маласямейку. І вось цяпер, калі не стала дзеда, у кватэры замест яго стаў старэйшы сын. Ён! Пан-атаман! Заўсёды пад хмяльком альбо з цяжкага пахмелля, сын патрабуе прадаць кватэру, а маці кажа, што ёй добра будзе з ім. “Я старшы сын, я застаўся за бацьку, таму кватэра – мая!..”