Так цягнулася шэраг гадоў; мабыць, дацягнулася б і да жаданай зьмены, калі б аднойчы ў разгар палярнай начы ў гарнізон не прыляцеў новы камандуючы ракетных войскаў. Генэрал толькі што быў прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем палітбюро, якое падпісаў сам Леанід Ільліч, і меў жалезную рашучасьць навесьці бальшавіцкі парадак у самым стратэгічным родзе войска. Зрабіўшы двухдзённы разгон у падразьдзяленьнях, зьняўшы з пасадаў двух камандзіраў і трох іх намесьнікаў, генэрал выправіўся на ня дужа далёкі (за 250 кілямэтраў) аэрадром стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Натуральна, як самы вялікі ракетны начальнік, ён ня мог езьдзіць на нейкім вайсковым «Уазе», а прывез з сабой у самалёце адмысловы ўрадавы «Зім», які яго й падвёў. А заадно спляжыў і без таго ня дужа бліскучую кар'еру дывізійнага нампатэха.
Зрэшты, даўно тое было, за шмат гадоў усё было перадумана, і ён даўно ня меў крыўды на тагачаснага генэрала, што, як ён чуў, дажываў свой век на падмаскоўнай дачы. Разумеў, вінаваты быў сам, ня трэба было так паводзіць сябе, належала б асьцерагчыся. Але й як асьцеражэсься, калі самы блізкі табе чалавек — жонка толькі й пільнавала, каб дзе падлавіць яго, падставіць начальству, бачачы ў тым сваё помсьлівае жаночае задавальненьне. Таго разу пасьля генэральскага разбору ў клюбе, як камандуючы ўжо выехаў за прахадную, і ў палку з палёгкай уздыхнулі, ён зь сябруком у акумулятарнай спажылі бутэльку 95-градуснага, і нампатэх заваліўся спаць. Мінулай начы спаў усяго тры гадзіны пасьля шалёнага перадпаверачнага аўралу ў аўтапарку і цяпер спаў, як забіты. І раптам жонка штурхае яго ў плячо — прыбег дзяжурны. Дзяжурны перадае загад камандзіра паехаць на 27-ы кілямэтар, дзе ў камандуючага сапсаваўся «Зім». Дзяжурныя ўжо езьдзілі, ня могуць зразумець, у чым справа — рухавік не заводзіцца. Што было рабіць соннаму, нецьвярозаму нампатэху? Абклаў матам жонку (нашто сказала, дзе сьпіць) і надзеў паўшубак. Машыну ён даволі хутка наладзіў (у той забракаваў ланцуг высокага напружаньня), і яна завялася. Але пакуль ён корпаўся пад капотам, напрактыкаванае вока камандуючага, мусіць, нешта ў ім згледзела, ён папытаўся прозьвішча нампатэха і кінуў ад'ютанту — запішы. Нампатэх падумаў: ну, будзе падзяка ў загадзе, і сьціпла парадаваўся. Загад сапраўды неўзабаве прыйшоў з вынікамі высокай праверкі, і там пасьля шмат чаго іншага аб'яўлялася аб звальненьні ў запас неадпавядаючых службе афіцэраў. Сярод іншых было і ягонае прозьвішча. І гэта за два гады да выслугі на пэнсію, зь неладамі ў сям'і, у прыпалярным гарнізоне, дзе немагчыма было знайсьці ні кватэры, ні працы.
А тут і зусім разьюшылася жонка, якая не трывала яго ў пагонах, дзе ўжо было ёй мірыцца зь беспрацоўным. Паўгода яна дамагалася разводу, а разьвёўшыся, тут жа запісалася з даўгавязым, бы жардзіна, прапаршчыкам, нядаўнім сваім улюбёнцам. Ды яшчэ наскардзілася ў палітаддзел на маральнае разлажэньне нядаўняга мужа. У часе чарговых разборак на партбюро ён, не стрываўшы, кінуў на стол свой партбілет і ў той жа вечар добра напіўся. Пасьля, як ня стала грошай, кудысьці паехаў з выпадковым субутэльнікам, у нейкім паўночным гарадку ўладкаваўся інжынэрам мясцовага аўтапарку, дзе праз паўгода яго зьнізілі да брыгадзіра мэханікаў. Затым некалькі месяцаў рабіў шараговым шафёрам, пакуль ДАІ не адабрала правы. Мабыць, самая пара было адумацца, зрабіць нейкія высновы з свае кар'еры наадварот, але адумацца нампатэху не выпадала. Найперш не было часу. Жыў безь сям'і, вадзіўся з процьмай сяброў-субутэльнікаў, выдатных, на яго думку, мальцаў. Нехта зь іх прысватаў яго да таксама неблагой кабеціны (немаладой, праўда), якая рабіла ў гастраноме. Як ён цяпер разумеў, то была цярплівая жанчына і хацела яму толькі добрага. Яна нікому на яго ня скардзілася, калі ён па тыдні не паяўляўся дома, толькі часьцяком плакала, і аднойчы яму стала яе шкада. Як яна сказала, што, можа б, ён падлячыўся ў ЛТП, ён пагадзіўся. Тры месяцы ён сумленна адпакутваў сярод такіх, як сам, небаракаў, глытаў розную дрэнь, драў кішкі ад ванітаў. Але трываў, — ён сапраўды хацеў вылечыцца й завязаць. Ён дужа ўзрадаваўся, як доктарская камісія прызнала ягонае лячэньне скончаным і выпісала адпаведны дакумэнт, які ён з радасьцю прывёз жанчыне. Тая, ня менш за яго ўзрадаваная, прыгатавала смачны абед з украінскім баршчом, які ён заўсёды любіў, заслала на стол новы абрус. Аднак не хапіла хлеба, і ён вырашыў зьбегаць у хлебную краму на суседняй вуліцы. Гаспадыня дала яму грошай — дваццаць пяць рублёў у адной купюры, ён хутка купіў бохан хлеба і скіраваў дадому. Яму можна было ісьці наўпрост, цераз двор, каля дзіцячага садзіка, а можна па вуліцы, дзе на рагу мясьцілася тутэйшая забягалаўка з ласкаваю назвай «Уралачка». Не падумаўшы, ён пайшоў па вуліцы і каля забягалаўкі канешне ж наткнуўся на даўніх сяброў — аднавокага Юзя і Колю Валяўку. Тыя дужа ўзрадаваліся сустрэчы, бо ня бачыліся ад пачатку лета, і папыталіся, дзе быў. «Лячыўся, — сказаў ён. — У ЛТП». — «Ну, і як?» — «Парадак. І спраўку маю». Сябры дужа ажывелі — спраўку належала абмыць. Ён завагаўся, але тыя сказалі: «Ня бойся, можаш ня піць. Мы за цябе вып'ем». Як было адмовіць харошым мальцам выпіць за сябе, і ён зайшоў — на хвілінку. Тая «хвілінка», аднак, задоўжылася, ён выбраўся з «Уралачкі» недзе апоўначы ў дым п'яны, бяз грошай і бяз хлеба. Прадаўшчыца тры дні праплакала, а затым сабрала ягонае майно ў стары чамадан і выставіла яго на ганак. «Ты мне болей ня муж. Тым болей, мы не расьпісаныя»…