Вось табе й на, думаў салдат. Ён спадзяваўся, што хоць дзед жыве ў бясьпецы, неяк гаспадарыць ля самай зоны, не галадае. Аж на дзеда знайшлася іншая пошасьць — не радыяцыя, ня голад, дык бандытызм. Раней сялян рабавала ўлада, а цяпер гэтыя — на фурах. Сапраўды, куды дзецца працоўнаму чалавеку, дзе знайсьці прытулак?
Салдат таропка разьвітаўся і зь вядром у руцэ пашыбаваў па тым самым полі наўпрост да ракі. Сьпярша азіраўся, але дзеда не было відаць. Наводшыбе ад пабуранай вёскі сіратліва мясьцілася абрабаваная сяліба, трохі прыхаваная за некалькімі дрэвамі садка. Бы партызан, бы партызан, — думаў пра сябе салдат, прыпамятаўшы нейкі фільм, што глядзеў у дзяцінстве. Толькі там партызаны несьлі ў лес авечку, а ён — вядро бульбы. І ўсё тоячыся, баючыся. Не нашмат, аднак, зьмяніліся часы… Праўда, тыя хоць мелі вінтоўкі, а ён што?
Увесь час на хадзе ён саваў руку ў кішэню бушлата і адшчыкваў патроху хлеба. І кожны раз думаў, што гэты раз — апошні, што астатняе трэба пакінуць бамжу. І ня мог утрымацца. Голад яго, здаецца, ад таго ня меншаў, а нават большаў. Тады ён аж вылаяў сябе — трэба ж урэшце знаць меру! Ды ягоны дурны жывот, мабыць, не хацеў ведаць меры і патрабаваў яшчэ. Тады салдат стаў суцяшаць сябе, што бульбу ўжо ён прынясе ўсю. Яны напаляць на беразе прысаку і напякуць яе — хопіць на двух. Ужо ён наесца…
Сонца тым часам увабралася ў паўдзённую высь і здорава прыпякала плечы ў бушлаце. Салдат зьдзеў шапку і сунуў яе пад дужку вядра. Так стала вальней і не было відаць, што ён нясе. Ён удала перайшоў затравянелае поле, зноў выйшаў да аброслых крапівой каляінаў на бродзе. Тут трохі спачыў у цяні пад алешынай, зноў разуўся. Пераходзіў брод, не сьпяшаючыся, з насалодай мацаючы босымі нагамі ў сьцюдзёнай вадзе. На другім беразе сеў, каб абуцца. І тады нейкая сіла змусіла яго зірнуць пад суччо недалёкіх елак. Сьпярша ён нічога там не заўважыў, а затым зірнуў зноў і сумеўся ад сполаху. Між елак ля броду стаяў худы, нейкі быццам аблезлы, зь белаватымі праплешынамі на баках воўк. Што то быў воўк, а не сабака, салдат адчуў пэўна: такімі насьцярожанымі і маларухавымі сабакі не бываюць. А ў гэтага — настырчаныя вушы, апушчаны долу хвост… Аднак у ім не прыкмячалася і ніякай адзнакі хцівасьці — можа, болей зьдзіўленьня і зьбянтэжанасьці ад нечаканай сустрэчы з чалавекам. Не адрываючы позірку ад ваўка, салдат падняўся, узяў вядро. Воўк здаля толькі пільна сачыў за ягонымі рухамі, сам, аднак, застаючыся разгублена нерухомым. У паставе ваўка па-ранейшаму не было жаднай прыкметы драпежнасьці — хіба адчай і бясьсільле. Можа, як і чалавек, ён быў згаладнелы і чакаў якой дапамогі, падумаў салдат. А калі ён шалёны? І салдат сьпярша памалу, а затым усё хутчэй пашыбаваў ад ракі. Воўк за ім не пабег.
Штораз азіраючыся, хлопец шпарка ішоў краем бору. Напачатку праз хвойнік яму быў відаць воўк, але спакваля яго аблезлая постаць пачала зьнікаць, заслоненая дрэвамі і падлескам. Хутка ён і зусім схаваўся. Тады салдат пайшоў крыху марудней. Гэта нечаканая сустрэча ў лесе новым клопатам уварвалася ў ягоную душу. А ён пасьля гутаркі зь дзедам у каторы ўжо раз гатовы быў паверыць, што не такая яна ўжо і страшная — зона. Што і ў зоне ці каля яе жывуць людзі. Але воўк… Нават воўк! Хіба такі павінны быць нармальны воўк у летнім нармальным лесе? Але калі воўк так падупаў, дык чаго тады чакаць людзям?
Застаўшыся ўранку адзін, бамж доўга й нерухома ляжаў на лапніку, захінаючыся ў сваю кухвайку. Пачуваўся ён кепска, дужа не хацелася ўставаць, было санлява-млосна, сілы ўвачавідкі зьнікалі. І ён ня мог даўмецца, што зь ім адбываецца.
Мабыць, ён яшчэ трохі забыўся ці задрымаў і прачнуўся ад млоснай задухі — не хапала паветра, было дужа горача і хацелася піць. Але вада была толькі ў рацэ, за абрывам, — як да яе дапяцца? І бамж усё ляжаў, баючыся скрануцца з належанага месца, бо ня меў упэўненасьці, што зноў можа сюды вярнуцца.
Празь нейкі нядоўгі час ён адчуў, што стала й зусім кепска, усё ў ягоным нутры гарэла. У роце было суха, язык стаў шурпаты, бы яловая шышка, — не паварушыць. Усё болей дакучала смага, і ён думаў: трэба паўзьці да ракі. Зараз, зараз трэба намагчыся ўстаць, казаў ён сабе ў думках і ня мог устаць. Усё ляжаў, і стан яго ўсё горшаў.
Як зусім стала кепска, зразумеў, што зараз жа трэба вады… Тады нейкім намаганьнем устаў на калені і споўз зь невысокага абрыву. Тут, на ўгрэтым сонцам пяску зрабілася й зусім невыносна. Хістаючыся, ступіў колькі крокаў і ўпаў каленямі ў гарачы пясок. Далей поўз — на кукішках цераз пясок і травяністы бераг, пакуль нарэшце не дапяў да вады.