Выбрать главу

Стрымліваючы гідоту, бамж ножыкам выпатрашыў жабіны вантробы, кінуў у раку. Нарыхтаваных жабаў радком расклаў на траве, некаторыя яшчэ тузалі лапкамі, але большасьць ляжала ціха. Салдат прынёс ладны бярэмак сушша, яны раскачагарылі добрае вогнішча і на выграбеным зь яго жары паклалі пляскатыя жабіны тушкі. Спакваля ад вугольля пашыбаваў незразумелы, але быццам зусім нябрыдкі пах смажанага. Жабы памалу пякліся.

— Хочаш жыць — умей падлу пажраць! — сказаў бамж. — Вось дэвіз савецкіх бамжоў.

— А што — ёсьць бамжы і несавецкія? — запытаў салдат.

— А як жа! У Францыі, напрыклад, бамжы. Называюцца па-француску кляшары, дацэнт расказваў. Ну жывуць, я табе скажу, ня горш, чым у нас сакратары райкомаў.

— Няўжо?

— Праўда. Дацэнт езьдзіў у Парыж, бачыў. Сьпяць пад саборам, ранічкай сьнедаюць у Булонскім парку. Культурна так, на лаўцы, пасьцелюць газэтку, паставяць бутэлечку чырвонага. Ну і там — францускую булачку, каўбаску. Пасьля — дабавяць яшчэ ў бістро, так забягалаўка па-іхнаму называецца. Ну а абед само сабой — дзе-небудзь на Елісейскім полі…

— Елісейскіх палях, — паправіў салдат.

— Можа, і на палях. Калі аднаго поля мала. Іх жа там таксама, мабыць, нямала, кляшараў гэтых… А ў нас якіх, можа, пару дзясяткаў і тым жраць не даюць. Во, трэба жабаў жраць…

— А не атруцімся?

— Ні чарта ня будзе, — запэўніў бамж, — радыяцыя ня дасьць. Яна сама каго хочаш атруціць.

Салдат зразумеў тое як жарт, хаця й на гэты раз яму было не да жартаў. Як і заўжды, ён чуўся прыгнечаным, мала што яго весяліла ці нават захапляла. Тое, мабыць, заўважыў бамж і, знарок сярдзіта пачаў дакараць салдату:

— Ты гэта — ня кісьні! Малады яшчэ, трэба лягчэй пачувацца. Маладая бяда, яна што пылінка, дзьмух — і няма. Празь месяц і ня ўспомніш. Яшчэ хто ведае, каму пашэнціць — ім там, на чыстай зямлі, ці нам тут, у зоне.

— Наўрад ці нам, — сказаў салдат.

— А во й не наўрад! — загарачыўся бамж. — Мы тут сядзім на нікчэмнай зямлі, самі па сабе. А яны там ля ядзерных базаў. Ну па кім смалянуць у першую чаргу, саабразі?

— Па ўсіх разам.

— А во й няправільна. Усё ж ты салдат, ды яшчэ дэзэрцір, мусіць слаба ў гэтым петраеш. А я афіцэр запасу, дваццаць гадоў адслужыў, у том чысьле шэсьць у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. Паняў?

Што было панімаць, думаў салдат. І дурню зразумела, што будуць цаляць па базах. Але гэтых базаў навокал столькі, што промаху проста ня можа быць — за кожным кустом база. Ды й Чарнобыль — ня пустка, там таксама засталіся рэактары. Але салдат не хацеў ні спрачацца з гэтым чалавекам, ні нават абмяркоўваць балючую праблему — у яго свае праблемы былі ня меней балючыя.

Зноў па адной, як учора падлешчыкаў, яны пачалі есьці падсмажаных жабаў, абсмоктваць іх тонкія костачкі. Жабы ўвогуле былі дробныя, канечне, абодва яны не наеліся, — хіба што раздражнілі свой згаладнелы апэтыт. І бамж абвясьціў:

— Ну, здорава, ды мала. Знаеш, давай ты нацягай болей дроў, а я зноў у балота. Ужо я іх налаўлю…

Так яны й зрабілі, — салдат зноў палез у бор, а бамж хуткім крокам пашыбаваў берагам рэчкі да недалёкага балота.

Салдат хадзіў доўга, забрыў нават далёка. Баравы лес усюды быў прыгожы нейкаю трагічнаю прыгажосьцю. Хвоі зь ціхім гулам гайдаліся ўгары, сьвежай лістотай трапяталіся пад імі бярозкі, бы не падазраючы, дзе расьлі. Дзе на сонечных палянках высока вымахала нейкая невядомая трава, — нібы жыта, нават з пустым калосьсем, ніхто яе тут не таптаў, не касіў. У гольлі нідзе не трапляла путшак, — нават вараньня й таго не было відаць. Аднойчы толькі высока над хвоямі палунаў у небе лясны канюк і таропка паляцеў кудысьці на захад. Чагосьці яму тут не падабалася. Хаця вядома чаго… Куды ж ён улез, радавы ракетнага дывізіёну, што яго тут чакала, скрушна думаў салдат.

Канечне, трапіў не адзін, цяпер яны ўдвох. Але бамжу што — бамж ужо стары, сваё, мабыць, аджыў, папіў гарэлкі ды й жанчын пазнаў… А салдат нават не пасьпеў каго пакахаць, толькі прымерваўся да нясьмелага юнацкага каханьня. У школе з восьмае клясы падабалася яму адно чорненькая весялушка Сімакова Тоня. Аднойчы напісаў ёй запіску, што кахае і хоча сустрэцца; да пачатку заняткаў паклаў ў тоньчыну парту. Усе перапынкі ні жывы, ні мёртвы сачыў за яе тварам, на якім, аднак, не было нічога, апроч звычайнай ейнай сьмяшлівасьці. Тады, падпільнаваўшы, як яна вярталася з туалету, спыніўся наперадзе і, нічога ня кажучы, уперся ў яе ідыёцкім позіркам. Яна ўскінула свае чорныя броўкі, ціха мовіла адно толькі слова «дурак» і пайшла ў клясу. Пасьля ўрокаў ён знайшоў у глыбіні яе парты сваю запіску і дробненька пашкамутаў яе. Так скончылася, не пачаўшыся, яго дурное каханьне.