Выбрать главу

Черный Кузьма

Вечар (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Вечар

I

Вiктар Зенiч самым адвячоркам прыйшоў дадому з работы i сеў адпачываць - узлёг на стол i маўчаў.

Зусiм цiха канчаўся дзень - так, як i ўсё робiцца ўвосень: менш звiнючай вясёласцi i больш цiхай радасцi. З акна вiдны былi жоўтыя ад лiстоў, напалову голыя галiны вiшань, а за iмi густа-зялёнае неба, з белым колерам угары i ружовае нiзка, дзе за нейкiмi чорнымi абрысамi падыходзiла да яго роўнасць зямлi - была яна вiдна далёка за пустым пляцам напроцi скрозь рэдкiя дрэвы. А па баках то панура, то весела думалi нешта домiкi i хаты.

Плыў з шырынi вецер, радасны i лёгкi, i нёс вольнасць поля ў горад, а камянiцы, што недзе там, трохi далей, на гары, зацiхалi на ноч, спынялi свае грымучыя гiмны. А ў людзях рабiлася звычайнае, вялiкае i неабдымнае - людзi жылi, iмкнулiся да радасцi, баронячыся ад смутку...

На дварэ плылi, спляталiся зыкi, а ў пакоi было цiшэй, яны глуха сюды даляталi, i лёгка было тут думаць у змроку.

Дом быў вялiкi, дзеравяны, было ў iм многа кватэр, i многа жыло ў iм людзей. I з'яўлялiся самi па сабе думкi, што каб гэтыя старыя сцены маглi раптам загаварыць, яны б многа сказалi чалавеку аб iм самiм - так многа яны бачылi таямнiц людскога жыцця; тады, пачуўшы аб сабе праўду, чалавек можа хутчэй адкiнуў бы ад сябе ўсё паскудства, што ўрасло ў яго з самых цёмных далей вякоў i, будучы часам нават малым, псуе вялiкае хараство чалавека.

Гусцiлася вячэрняя цiш. А можа, гэта вячэрнiя зыкi здавалiся цiшынёю... I ўсё весялей было сядзець i маўчаць, адчуваць, глядзець i слухаць. Ды яшчэ было жаданне непрыкметна душой увайсцi ва ўсе таямнiцы, што ў жывых iстотах захованы, увайсцi ласкава i цiха, з чыстымi думкамi i адчуваннямi, i ў гэтым была б радасць.

Цiш, цi то гэта зыкi, сталi здавацца нейкай мелодыяй.

Вiктар Зенiч сядзеў i маўчаў...

- Ведаеш што, жонка, - пачуўся раптам грубы i шырокi голас за сцяной, у суседняй кватэры.

- А што? - адказала нервовым голасам жанчына.

- Каб на яе ўпадкi, каза ў хляве ўгразла, - зноў сказаў мужчына.

- Ну?! - перапалохалася жанчына. - То чаму ж ты выцягаць не iдзеш?

Пачуўся грубы рогат i пасля зноў словы:

- Дурная ты: каза, каб ты i хацела, нiколi не ўгразне. Чорт яе нават не ўтопiць, каб, скажам, прыйшлося.

- То нашто ты мяне палохаеш дарэмна, гад ты печаны!..

I жанчына заплакала. Чутно было, як яна сярдзiта нечым стукнула.

- То чаго ты плачаш?

- Чаго плачаш?! Жыць спакойна не дае, заўсёды перапалохае, дый чаго плачаш!

- То гэта ты гэтага плачаш!

- А чаго! Табе нiчога не трэба, нi казы, нi шмазы, раскiдака чортава.

I зноў, яшчэ больш горка, заплакала жанчына.

Вiктар Зенiч ведае, што гэта ад вясёлага настрою пацвялiўся з жонкаю сусед, сталяр Арсень Грабiч, i цяпер сам не рад, бо жончыны слёзы распачалiся надоўга. Амаль не кожны вечар сталяр так цвялiцца з жонкаю, пакеплiваючы гэтым над яе бяздоннаю крынiцаю слёз.

На некалькi хвiлiн змоўк сталяр, i жонка пачала зацiхаць, не пакiдаючы толькi гаварыць сама сабе пад нос аб сваёй цяжкай долi. I, мусiць, гэты трагiзм жаночага настрою яшчэ больш падвесялiў сталяра, бо Вiктар Зенiч зараз жа зноў пачуў яго вясёлы голас:

- Жонка, ведаеш што, жоўтая курыца знеслася ў чужым хляве.

- А можа?! - зноў перапалохалася жонка, забыўшыся плакаць.

- От, балазе твае слёзы ўцерлiся, - раптам канстатаваў факт сталяр.

- Ах, каб ты нiколi твару не абцiраў ручнiком, - загаласiла жонка i ўжо з енкам пачала плакаць.

Ухмыльнуўшыся ад думкi аб глыбокай крыўдзе сталяровай жонкi, Вiктар Зенiч зноў пачаў слухаць.

- То ведаеш што, жонка, - чуўся голас сталяра, - калi так, то я пайду гляну на белы свет, а ты тым часам паволi выплаквай свае горкiя слёзы. Па майму вылiчэнню, iх у цябе хвацiць на дзве гадзiны, дык ты, што робячы, iх выплач, а я да таго часу вярнуся, i зоймемся мы з табою тады якою iншаю справаю.

- Няхай ты не вярнiся, - скрозь слёзы адказала жонка, i сталяр весела ляпнуў дзвярыма.

Зараз жа яго барадатая i трохi сагнутая постаць паказалася на двары. Ён пастаяў на адным месцы, пасвiстаў трохi на раннi асеннi месяц i пайшоў за вароты.

Жонка яго плакала. Выцiраць яе слёзы, так як i заўсёды, з'явiўся Юзiкаў Юзiк - хлапчук-падшэрак, засморканы i з пасiнеўшым ад холаду носам. За дзень ён апалераваў некалькi разоў увесь горад, зарабiўшы на гэтай справе рознымi хiтрасцямi i штукамi чатыры капейкi, а гэта шмыгануў скоранька з сваiх цёмных сяней i падбег па мокрай зямлi да сталяровых дзвярэй.

- Плача, лiха ёй, - рашуча сказаў ён, хiтра падмаргнуўшы гнiлому слупу, што падпiраў сталярову сцяну.

I тут жа, адскочыўшы на сярэдзiну двара, ён задзёр голаў угору i закрычаў, наколькi хапала дзiцячых сiл:

- Тараны смажаныя, па капейцы штука.

I раптам драпануў назад у цёмныя сенi i ўжо адтуль, з неабдымнай радасцю свайго маладога жыцця глядзеў на сярэдзiну двара. Хутка з свае кватэры выбегла сталярыха i, забыўшы свае глыбокiя трагiзмы, памчала сваё дзябёлае цела ў вароты. На вулiцы было пуста, толькi барабаншчык вайсковага аркестра плiшчыў некуды на жываце барабан. З вялiкiм расчараваннем, агледзеўшы пустую вулiцу, сталярыха паволi ўжо пайшла назад. На момант яна стала процi акна Вiктара Зенiча, каб запытаць у яго:

- Не чулi? Здаецца, смажаныя тараны прадавалi. Хацела купiць - якраз нешта галава балiць.

- Не, не чуў, - з лёгкай усмешкай адказаў Вiктар Зенiч.

- Што гэта за кавалер, калi ён не чуў, як смажаныя тараны прадавалi, тонам мудрай настаўнiцы абазвалася сталярыха i, зноў гатовая заплакаць ад глыбокай крыўды, пайшла да сваiх дзвярэй; але заплакаць ёй ужо не ўдалося перад самымi дзвярыма спаткалася яна з газетчыкаваю дачкою, i пачалi яны гаварыць аб тым, якая фальбона харашэй у спаднiцы - шырокая цi вузкая...