Выбрать главу

— Годзе, Коні. Спыні тыя ідыёцкія ўздыхі і стогны. Усіх котак распужаеш.

Ніколі яшчэ не адчувала яна сябе такой пакрыўджанай і самотнай. Трэба аддаць яму належнае, ён усё паспрабаваў. Ён выказваў далікатнасьць і ўважлівасьць. Ён абдымаў і лашчыў яе. Але пры кожнай спробе увайсьці ў яе яна напружвалася і быццам рабіла супраціў, хоць і паўтарала сабе безупынна, што менавіта таго яны абодва прагнуць.

Цёплымі цёмнымі начамі яна ляжала бяз сну, прыслухваючыся да незнаёмага сьпеву цыкад ды ракатаньня хваль. Яна імкнулася зразумець, ці ўсе жанчыны так пачуваюцца. Можа, гэта гіганцкая шматвяковая змова? Жанчыны нібы атрымліваюць асалоду ад тага, а сапраўды толькі прагнуць дзяцей і бясьпекі? Ці ня гэта мела на ўвазе яе маці, пераконваючы яе падбаць аб сваёй будучыні? У цяперашнім сьвеце, у 1970-е, жанчыны вымушаныя клапаціцца аб сабе. Зараз на мужчын, якія кінулі сям'ю, не глядзяць як на ліхадзеяў, а гульцоў, што зьнішчылі, як яе бацька, усе сямейныя зьберажэньні, успамінаюць як файных хлопцаў.

Гэтымі доўгімі, цёплымі, бяссоннымі начамі, калі яна нават не адважвалася зварухнуцца, бо баялася, што ён прачнецца і пакута пачнецца нанава, яна часта ўспамінала словы Веры. — Далібог, Коні, лепей перасьпі зь ім зараз. Паглядзі, ці спадабаецца табе. Раптам не — уяві, якое жыцьцё чакае цябе зь ім.

Яна сказала не. Ёй падавалася, сэкс трэба адкласьці на потым, уручыць яго як прыз у абмен на заручальны пярсьцёнак. Ён павінен паважаць яе жаданьне выйсьці замуж цнатлівай. Шмат разоў за апошнія месяцы яе цягнула да яго. Чаму яна не пайшла да канца? А што зараз? Проста бяда. Расчараваньне, якое пакіне непапраўны сьлед у іх жыцьці.

Пасьля васьмі дзён і васьмі начэй, што павінны былі стаць лепшымі момантамі ў жыцьці двух маладых здаровых людзей, а абвінуліся жахам расчараваньня і ўзаемнага неразуменьня, Коні вырашыла вярнуцца да свайго старога аблічча непахіснай жанчыны, якое так яго вабіла. Апрануўшы сваю лепшую цытрынавую зь белым сукенку, яна села на гаўбецы з кошыкам садавіны і кубачкам кітайскай кавы і паклікала яго: — Гары, уставай, прымі душ. Нам з табой трэба паразмаўляць.

— Гэта адзінае, на што ты заўжды здольная, — прабурчэў ён у падушку.

— Хутчэй, Гары, кава стыне.

Ён, як ні дзіўна, паслухаўся і выйшаў да сьняданку ўскудлачаны і чароўны ў сваім белым купальным халаце. Грэшна зь яе боку, падумала яна, ня здолець даставіць задавальненьне гэтаму мужчыне і ня даць яму магчымасьці даставіць задавальненьне ёй. Але ня гэта галоўнае, трэба вырашыць, што ж ім зараз рабіць.

Пасьля другога кубка кавы яна сказала: — Калі у цябе, ды і ў мяне на працы ўзьнікае праблема, мы зьбіраемся і абмяркоўваем яе, згодзен?

— Ты аб чым? — Ён не выяўляў жаданьня гуляць у тыя гульні.

— Памятаеш, ты распавядаў мне аб жонцы свайго паплечніка, якая моцна піла і магла распавесьці лішняе аб вашым бізнэсе. І як вы вырашылі, што яна не павінна ведаць нічога важнага. Выпрацавалі стратэгію … вы ўсе паведамлялі ёй як вялізную таямніцу ўсялякую лухту. І яна была цалкам шчасьлівая і цалкам шчасьлівая па гэты дзень. Вы распрацавалі гэтую стратэгію ўтрох. Вы селі разам і сказалі: — Мы не жадаем крыўдзіць яе, мы ня можам прысьвячаць яе ў нашыя справы, што ж нам рабіць? І вы адшукалі выйсьце.

— Ну дык? — ён не разумеў, куды яна хіліць.

— І у мяне на працы, калі паўсталі праблемы з пляменьнікам спадара Хайеса. Непраходны гальмар … яго трымалі там, каб трошкі абсклюдаваць для пасады кіраўніка. Нават сякера цясьляру ня здолела б яго абсклюдаваць. Як мы маглі распавесьці спадару Хайесу? Мы абмеркавалі гэта, тыя трое, каго гэта турбавала. Сустрэліся, селі і сталі думаць што нам рабіць. Мы высьветлілі, што хлапчук марыць быць музыкам, а ня мэнэджэрам гатэля і прапанавалі яму іграць на раялі ў адным з холаў. Гэта прыцягнула ў гатэль усіх яго заможных сяброў. Аб такім выніку можна было толькі мроіць.

— Куды ты хіліш, Коні?

— У нас з табой праблема. Я ня здольная гэтае зразумець. Ты файны, ты дасьведчаны палюбоўнік, я кахаю цябе. Думаю, вінаватая я. Магчыма, мне трэба зьвярнуцца да лекара ці да псыхатэрапэўта. Але я хачу разабрацца. Можам мы спакойна паразмаўляць, замест таго каб сварыцца, крыўдзіцца, упадаць у роспач? — Яна была такая любасная ў сваім парыве, тлумачачы рэчы, што так цяжка вымаўляюцца, што ў яго не знайшлося адказу.

— Скажы нешта, Гары. Скажы, што пасьля васьмі дзён і васьмі начэй мы не здаемся. Бо наперадзе нас чакае шчасьце. Скажы мне, што ты перакананы, усё будзе добра. — Ён па-ранейшаму маўчаў, цалкам зьбіты з толку. — Не маўчы, — узмалілася яна. — Проста скажы, чаго ты прагнеш.