Выбрать главу

— Я прагну мець дзіця, Коні. Мне трыццаць гадоў. Я прагну сына, які здолее забраць бізнэс у свае рукі, калі мне стукне пяцьдзесят пяць. Жадаю сям'ю пад бокам. Але ты ўсё гэта ведаеш. Бо мы так доўга абмяркоўвалі нашы мары і мэты, ноч за ноччу, да таго як я пазнаў … — ён запнуўся.

— Не, працягвай, — яе голас гучаў цалкам спакойна.

— Добра, да таго як я пазнаў, што ты фрыгідная. — Павісла маўчаньне. — Ты прымусіла мяне гэта сказаць. Ня бачу сэнсу абмяркоўваць тыя рэчы. — Ён выглядаў засмучаным.

Яна па-ранейшаму была непарушная. — Ты маеш рацыю, я прымусіла цябе. Так ты лічыш, я фрыгідная?

— Ну, ты сама сказала, магчыма, табе варта зьвярнуцца да псыхолягу, да лекара, да кагосьці. Можа, гэта неяк зьвязана з тваім мінулым. Божухна, я ня ведаю. І мне па-чартоўскі шкада, ты такая прыгажуня і нішто не магло бы знэрваваць мяне больш, як тое, што сэкс табе прыкры.

Ёй карцела екатаць, рыдаць, зьбегчы куды вочы глядзяць, але яна не магла сабе тага дазволіць. Яна павінна захоўваць спакой, трэба працягваць у тым жа духу.

— Прынамсі, у нас шмат агульных мэт. Я таксама прагну радзіць дзіця. Давай жа, не так ужо гэта складана. Шмат людзей тое робяць, ня будзем апускаць рукі. — Яна падаравала яму самую няшчырую ўсьмешку з усіх, якія хтосьці бачыў на яе твары, і рушыла зь ім зварот, у спальню.

Па вяртаньні ў Дублін яна ўпэўніла мужа, што хутка ва ўсім разьбярэцца і, адважна ўсьміхаючыся, паабяцала пракансультавацца з экспэртамі. Перш за ўсё яна запісалася на прыём да вядучага гінэколяга. Ён апынуўся надзвычай ветлівым і рахманым чалавекам. Паказаўшы схему жаночых рэпрадуктыўных органаў, растлумачыў ёй, дзе магчымы блякіраваньні і закаркоўваньні. Коні зь цікавасьцю вывучыла схему, што вельмі нагадвала плян новай вэнтыляцыйнай сыстэмы ў іх гатэлі. Яна ківала ў такт тлумачэньням, супакоеная яго лёгкай манерай і запэўненьнямі, што шмат хто ў сьвеце сутыкаецца з падобнымі складанасьцямі.

Але пры аглядзе пачаліся праблемы. Яна так моцна напружвалася, што абсьледаваць яе не ўяўлялася магчымым. Лекар стаяў поруч яе ў роспачы, рукі ў гумовых пальчатках апушчаныя, твар добры і адначасова адхілены. Яна не адчувала ніякай пагрозы да сябе зь яго боку. Было б такім палягчэньнем адшукаць нейкую мэмбрану, якую лёгка выдаліць. Але кожная цягліца у яе целе рабіла супраціў.

— Бадай, мы мусім правесьці абсьледаваньне пад наркозам. Вельмі зручна. Калі выявіцца неабходнасьць апэратыўнага ўмяшаньня, усё адразу і зробім, тады вы будзеце ў поўным парадку.

Працэдуру прызначылі на наступны тыдзень. Гары выказаў шмат каханьня і падтрымкі. Ён адправіўся ў лякарню дапамагчы ёй уладкавацца. — Ты гэтулькі значыш для мяне, ніколі я не сустракаў нікога падобнага да цябе.

— Ды ўжо, іду ў заклад, — яна спрабавала жартаваць. — Выставіць іх са свайго ложку, вось адзіная цяжкасьць, зь якой ты сутыкаўся да сустрэчы са мной.

— Коні, усё будзе выдатна, — ён быў такі далікатны, гожы, спагадлівы. Калі яна ня ў стане заняцца каханьнем з такім мужчынам, яна безнадзейная. Магчыма, паддайся яна ў свой час на ўгаворваньні людзей накшталт Жака, усё абвінулася бы інакш. Але лепш ці горш? Тага ёй ніколі не пазнаць.

Абсьледаваньне выявіла адсутнасьць фізычных адхіленьняў у спадарыні Канстанцыі Кейн. Працуючы ў гатэлі, Коні зразумела, калі ты ідзеш адным шляхам і трапляеш у тупік, трэба вярнуцца зварот і прайсьці іншым шляхам. Яна запісалася на прыём да псыхіятра, прыемнай жанчыны са шчырай усьмешкай і цьвярозым поглядам на жыцьцё. Размаўляць зь ёй было лёгка. Яна задавала кароткія пытаньні і чакала доўгіх адказаў. На працы Коні больш абвыкла да ролі слухача, але пакваля паддалася на цікавыя, не дакучлівыя пытаньні псыхіятра.

Спадарыня Кейн засьведчыла пажылую жанчыну ў адсутнасьці ў яе мінулым прыкрага сэксуальнага досьведу за поўнай адсутнасьцю ўсялякага. Не, яна не пачувалася ні недасканалай, ні дзіўнай, ні абдзеленай адсутнасьцю сэксу. Не, яе ніколі ня вабілі прадстаўніцы яе полу і моцнай эмацыйнай залежнасьці ні ад каго зь іх яна не выпрабоўвала. Яна распавяла гэтай жанчыне аб сваім цудоўным сяброўстве зь Верай, але растлумачыла, што ў іх адносінах няма ні намёку на сэксуальнасьць або залежнасьць, проста яны шчырыя адна з адной і любяць разам пасьмяяцца. А пачалося ўсё з таго, што Вера апынулася адзіным чалавекам, зь якім яна магла шчыра паразмаўляць аб сваім бацьку.