Выбрать главу

Коні ахапіла ўвагай і кампаньёнаў з жонкамі. Яна ўзяла за звычай кожную сераду ўладкоўваць для іх вячэры ў сваёй хаце. Днём, пасьля штотыднёвых сустрэч, кампаньёны аддавалі належнае вінам і стравам гатэлю, таму ўвечар яшчэ не адчувалі гумору да уежнай вячэры. Але кожны тыдзень яны з задавальненьнем спрабавалі тут прыгатаваны адмыслова для іх новы дэлікатэс. Нічога занадта тлустага, бо адзін зь іх заўжды на дыеце, і трункаў на стале не зашмат, паколькі другі ня супраць прыкласьціся да пляшкі.

Коні задавала пытаньні і выслухвала адказы. Яна запэўнівала жонак кампаньёнаў, што Гары так пахвальна адклікаецца аб іх мужах, што яна амаль раўнуе яго да іх. Яна памятала кожную маркотную падрабязнасьць аб іспытах іх дзяцей, удасканаленьні іх хат, іх апошняга адпачынку і вопраткі, што яны набылі. Яны былі амаль на дваццаць гадоў старэй за яе. Спачатку яна сапхнулася зь іх крыўдамі і падазрэньнямі. Праз шэсьць месяцаў яны ператварыліся ў яе адданых прыхільніц. Яны паўтаралі мужам, што Гары Кейн ня мог адшукаць лепшай жонкі, і хіба не выдатна, што ён не ажаніўся на гэтай ганарыстай Сабіне Кэсі, якая ўскладала на яго такія надзеі.

Кампаньёны не занадта дабразычліва ставіліся да крытыкі ў адрэсу цудоўнай Сабіны. Зь меркаваньняў разважлівасьці і мужчынскай салідарнасьці яны не лічылі патрэбным тлумачыць, што хоць шлюбныя пляны спадарычні Кэсі і не ўвянчаліся посьпехам, рамантычныя адносіны, што калісьці існавалі паміж ёй і Гары, мусібыць аднавіліся. Яны не маглі тага зразумець. Які сэнс ісьці на бок, калі ў цябе такая прыгажуня жонка, як Коні?

Калі Коні скеміла, што яе муж сьпіць з Сабінай Кэсі, яна выпрабавала жахлівы шок. Яна не чакала тага так хутка. Яму не прырупела шмат часу, каб здрадзіць яе. Шанец, адпушчаны ім іх сумеснаму жыцьцю, апынуўся дробязны. Сем месяцаў як яна выйшла замуж, тры месяца як зацяжарала, і яна бездакорна выконвала свае абавязкі. Ні адзін мужчына ня мог бы марыць аб лепшай спадарожніцы і больш камфортным жыцьці. Для ўладкаваньня хаты Коні спажыла ўсе свае немалыя пазнаньні ў гатэльным бізнэсе. Варта было яму захацець, і хата поўнілася людзьмі, кветкамі і весялосьцю. Па яго ж жаданьню хата рабілася ціхай і спакойнай. Але ён прагнуў большага.

Магчыма, ёй было бы лягчэй зьмірыцца, будзь гэта выпадковыя прыгоды на нарадах у іншым горадзе ці ў замежных камандзіроўках. Але з гэтай жанчынай, якая заўсёды так відавочна жадала яго! Як зьневажальна, што яна займела яго зноўку. І займела так хутка.

Ён нават не турбаваўся надаць сваім тлумачэньням нейкае падабенства да праўды. — У панядзелак мне трэба ў Корк. Бадай, прыйдзецца пераначаваць, — сказаў ён. Адылі ў панядзелак увечар тэлефанаваў, шукаючы яго, паплечнік з Корку. Мусібыць, ён там і не паказваўся.

Коні вырашыла спусьціць справу на тармазах і нібы прыняць сумнеўныя прыдумы Гары. — Гэты хлопец забыў бы ўласнае імя, ня будзь яно напісана на яго партфэлі. Мне прыйшлося тры разы яму паўтарыць, што я начую ў гатэлі. Што гады зь людзьмі робяць.

А неўзабаве, калі ён памкнуўся ў Чэлтнем, бюро падарожжаў даслала квіткі да хаты. Квіток для Сабіны Кэсі ў тым ліку.

— Я і ня ведала, што вы едзеце разам. — Яе голас прагучаў нязмушана.

Гары сьцепануў плячыма. — У нас заплянаваныя дзелавыя перамовы, сустрэчы зь людзьмі. Хтосьці павінен займацца паперамі.

З тага часу ён адсутнічаў ня менш за адну ноч на тыдзень. І яшчэ пару разоў на тыдзень зьяўляўся так позна, што сумненьняў не заставалася, ён быў зь іншай. Ён прапанаваў асобныя спальні, каб не турбаваць яе і даць ёй магчымасьць спаць гэтулькі, колькі трэба ў яе становішчы. Коні пачувалася невыносна самотна.

Тыдні ішлі і іх зносіны зводзілася да мінімуму. Ён быў ласкавы зь ёй, часта хваліў. Асабліва яе вячэры па серадах. Яны сапраўды дапамагаюць умацоўваць адносіны з кампаньёнамі, казаў ён. Яны таксама гарантавалі, што ў сераду ён правядзе вечар у хаце, але яна не імкнулася распавесьці яму, што ў тым і складалася яе сапраўдная мэта. Яна заказвала таксоўку, каб адвезьці кампаньёнаў і іх жонак у Хайес Гатэль, дзе яны спыняліся з адмысловымі зьніжкамі.

Калі госьці зьяжджалі, яна магла нарэшце сесьці побач з Гары і паразмаўляць аб яго справах. Але часта думкі яе высьлізгвалі ад гэтай гутаркі. Цікава, у кватэры Сабіны Кэсі ён таксама сядзіць і абмяркоўвае свае посьпехі і паразы? Альбо запал настолькі іх захлынае, што яны зрываюць адно з аднаго вопраткі, ледзь заступіўшы парог, і займаюцца каханьнем на дыване ля каміну ня мая моцы дабрацца да спальні?