Выбрать главу

У адзін з такіх вечароў ён пагладзіў яе круглявы жывоцік і сьлёзы выступілі ў яго на вачах. — Мне так шкада, — вырвалася ў яго.

— Шкада? — Яе твар выказаў зьдзіўленьне. Ён спыніўся, разважаючы, ці варта тлумачыць сказанае. Яна хутка загаварыла, не жадаючы нічога пазнаваць, ні ў чым пераконвацца. — Аб чым ты шкадуеш? У нас ёсьць усё, амаль усё, а то, чаго няма, мы здолеем атрымаць зь цягам часу.

— Так, так, вядома, — ён узяў сябе ў рукі.

— А хутка нарадзіцца наш маленькі, — заспакаяльна шапнула яна.

— Усё ў нас будзе выдатна, — яго словы прагучалі непераканаўча.

Іх сын зьявіўся на сьвет пасьля васямнаццаці гадзін зьнясільваючай працы. Выключна здаровае дзіця. Ахрысьцілі яго Рычардам. Цалкам зразумелы выбар, тлумачыла яна, калі ужо і бацьку Гары клічуць так, і яе бацьку клікалі таксама. Той факт, што спадара Кейна старэйшага ўсё жыцьцё звалі Роні Кейн, не згадваўся. Па выпадку хрэсьбін у хаце зладзілі прыём, элегантны, але без прэтэнзій. Коні, стоячы ў холе, вітала госьцяў. Яе постаць праз тыдзень пасьля родаў зграбная як раней, яе маці тут, прыбраная і шчасьлівая, дзеці яе сяброўкі, Дэйдра і Чарлі, ганаровыя госьці.

Парафіяльны сьвятар выпрабоўваў да Коні самыя сяброўскія пачуцьці. Ён з гонарам прысутнічаў тут. Калі б усе яго вернікі былі гэтулькі шчодрымі і цудоўнымі як гэтая маладая жанчына. Сярэдніх гадоў юрыст, сябар бацькі Коні, таксама быў тут. Нязьменны чалец калегіі адвакатаў, бездакорная рэпутацыя, ніводнай паразы ў справах.

Гледзячы, як Коні ў сваёй элегантнай ядвабнай сукенцы колеру марской хвалі з прыбраным белым шлякам каўнярам стаіць побач зь сьвятаром і юрыстам, трымаючы на руках яго малютку сына, Гары адчуў цьмяную фатыгу. Незразумела, чым выклікана гэтае пачуцьцё. Мусібыць, грып пачынаецца. Вось недарэчы, наступным тыднем маецца шмат працы. Але ён ня мог адвесьці вачэй ад гэтай маляўнічай групы. Быццам яны нешта ўвасаблялі. Нешта пагрозьлівае да яго.

Амаль супраць волі ён наблізіўся да іх. — Якая любасная карціна, — кінуў ён у сваёй звычайнай нязмушанай манеры. — Мой сын у асяродзьдзі рэлігіі і закону ў дзень свайго хрышчэньня. Чаго больш можна яму пажадаць пры ўступе ў жыцьцё ў Сьвятой Ірляндыі?

Яны ўсьміхнуліся і Коні загаварыла: — Я як раз распавядала айцу А’Хара і спадару Мэрфі, які шчасьлівы ты павінен быць сёньня. Я паведаміла ім аб тваіх словах на восьмы дзень пасьля нашага вясельля.

— Бач. А што былі за словы?

— Ты сказаў, што прагнеш сына, які здолеў бы зьмяніць цябе ў бізнэсе, калі табе споўніцца пяцьдзесят пяць, і сям'ю побач. — Іншым яе голас падаваўся радасным і захопленым, але ён учуў ў ім ляск сталі. Яны ніколі не вярталіся да той гутаркі. Ён ўявіць сабе ня мог, што яна ўзгадае яму тыя словы, сказаныя ў парыве раздражненьня. Што яна паўторыць іх яму публічна. Што гэта, пагроза?

— Упэўнены, я сказаў гэта значна больш любасна, Коні, — усьміхнуўся ён. — Справы былі на Багамах, падчас мядовага месяца.

— Ты гэта сказаў. Ня варта спакушаць лёс, але ж я выказала айцу А’Хара і спадару Мэрфі сваю надзею, што ўсё і далей будзе рушыць пераважна у тым рэчышчы.

— Будзем спадзявацца, Рычарда зацікавіць страхавы бізнэс.

Адылі гэта пагроза; ён усьведамляў тое, але не разумеў, адкуль яна зыходзіць.

Праз колькі месяцаў нейкі праўнік прапанаваў яму зазірнуць да яго ў офіс на нараду. — Вы распрацоўваеце плян страхаваньня кампаніі? — пацікавіўся Гары.

— Не, справа асабістая, выключна асабістая, старэйшы юрысконсульт таксама будзе, — адказаў праўнік.

Старэйшым юрысконсультам апынуўся Т.П. Мэрфі, сябар бацькі Коні. Прыемна ўсьміхаючыся, ён маўчаў, пакуль праўнік тлумачыў, што прадстаўляе інтарэсы спадарыні Кейн. Яго мэта — зьдзейсьніць падзел сумеснай маёмасьці паводле Закона Аб Маёмасьці Замужніх Жанчын.

— Але яна ведае, палова таго, што я маю, прыналежыць ёй. — Ніколі ў жыцьці Гары ня быў так шакаваны. Па родзе дзейнасьці ён часьцяком сутыкаўся зь людзьмі, якія уражвалі яго, але каб да такой ступені?!

— Безумоўна, але варта прыняць да разгляду і іншыя фактары, — настойваў праўнік. Нязьменны чалец калегіі адвакатаў ня вымавіў ні словы, толькі пераводзіў погляд з аднаго твару на іншы.

— Напрыклад?

— Напрыклад, наяўнасьць у вашым бізнэсе элемэнту рызыкі, спадар Кейн.

— Элемэнт рызыкі прысутнічае ў любым чортавым бізнэсе, уключаючы ваш уласны, — адгыркнуўся той.