Выбрать главу

— Вам варта прызнаць, што кампанія ваша паўстала надзвычай хутка і надзвычай хутка разьвівалася, некаторыя актывы могуць некалькі адрозьнівацца ад тых, што фігуруюць на паперы.

Трасца яе бяры, распавяла суцягам аб тых сумнеўных угодах, адзіным накірунку, што турбуе яго з паплечнікамі. Інакш бы ім не даведацца.

— Калі яна спадзяецца прыбраць штосьці, узводзячы паклёп на нашу кампанію, ёй прыйдзецца за гэта адказаць, — самавалоданьне цалкам зьмяніла яму.

У гэты момант чалец калегіі адвакатаў нахіліўся наперад і загаварыў сваім лісьлівым голасам. — Паважаны спадар Кейн, вы шакуеце нас праявай такога неразуменьня. Ваша жонка турбуецца за вас. Вы, магчыма, трохі знаёмы зь яе мінулым. Укладаньні яе бацькі ня здолелі забясьпечыць яго сям'ю, калі …

— Знайшлі з чым параўноўваць. Гэты шалёны дантыст усадзіў усё, што зарабіў плямбоўкай зубоў, у канёў і сабак. — Двое праўнікаў моўчкі пераглянуліся. Гары Кейн сьцяміў, што выявіў сябе ня лепшым чынам. — Аднак ён, па агульных водгуках, быў файны хлопец, — неахвотна дадаў ён.

— Так, вельмі файны хлопец, як вы слушна прыкмецілі. Адзін з маіх найблізкіх сяброў, — холадна зазначыў Т.П. Мэрфі.

— Так. Так, вядома.

— Калі мы дакладна зразумелі спадарыню Кейн, хутка вы зь ёй чакаеце другое дзіця? — праўнік казаў, не падымаючы вачэй ад папер.

— Сапраўды так. Мы абодва вельмі радыя.

— І спадарыня Кейн, зразумела, змушаная пакінуць сваю пасьпяховую кар'еру ў Хайес Гатэлі, каб выхоўваць гэтых дзяцей і тых, якія, магчыма, народзяцца ў вас зь ёй у будучыні.

— Паслухайце, гаворка ідзе аб бязглуздай працы на рэцэпцыі. Выдаваць людзям іх ключы, жадаць прыемнага знаходжаньня ў гатэлі. Гэта не кар'ера. Яна выйшла за мяне замуж, яна можа мець усё, што ёй заманецца. Я у чымсьці ёй адмаўляю? Яна ўключыла гэта ў сьпіс сваіх прэтэнзій?

— Мяне вельмі суцяшае, што спадарыня Кейн адсутнічае тут і ня чуе вашых слоў, — дакорліва пакруціў галавой Т.П. Мэрфі. — Вы нават не ўяўляеце, як хібна вы тлумачыце сытуацыю. Ні аб якім сьпісе прэтэнзій ня можа быць прамовы. Гаворка ідзе аб імкненьні засьцерагчы вас, вашу кампанію і сям'ю, якую вы так імкнуліся стварыць. Яна пячэцца выключна аб вашых інтарэсах. Здарся штосьці з вашай кампаніяй, вы пазбавіцеся ўсяго, дзеля чаго так цяжка працавалі і працягваеце працаваць і прадпрымаць вялізную колькасьць вандровак, што адрываюць вас ад вашай сям'і.

— І што ж яна прапануе?

Зараз яны зьвярнуліся да сутнасьці. Адвакаты Коні жадалі перавесьці на яе імя практычна ўсё, і хату, і вызначаны высокі адсотак гадавога прыбытку за вылікам падаткаў. Яна створыць кампанію з уласнай радай дырэктараў. Паперы падрыхтаваныя, нават імёны ўжо ўпісаныя.

— Такі крок для мяне немагчымы.

— Чаму, спадар Кейн?

— Што падумаюць два маіх паплечніка, разам зь якімі мы стваралі кампанію? Усё роўна што сказаць ім: «Паслухайце, хлопцы, мяне трошкі бянтэжыць уся гэтая трасца, дык я перавяду сваю дзель на імя жонкі, каб вы ня здолелі дастаць мяне, калі смажаны певень дзюбане». Як гэта будзе выглядаць зь іх пункту гледжаньня? Як праява даверу да таго, чым мы займаемся?

Ніколі Гары не прыходзілася чуць голасу гэтулькі мяккага і адначасова гэтулькі пераканаўчага, як у Т.П. Мэрфі. Ён размаўляў вельмі ціха, адылі кожнае слова гучала крышталёва ясна. — Перакананы, вас цалкам задавальняе тое, як распараджаюцца сваімі прыбыткамі абодва вашы паплечніка, спадар Кейн. Хтосьці можа укласьці ўсё ў конны завод на заходнім узьбярэжжы, хтосьці, да прыкладу, аддае перавагу набыцьцю твораў мастацтва і прадзюсаваньне кінастужак і шоў-зорак. У вас гэта не выклікае пытаньняў. Чаму ў іх павінны выклікаць пытаньні вашы інвэстыцыі ў кампанію вашай жонкі?

Яна ўсё ім распавяла. Але як яна пазнала? Жонкі на вечарах па серадах … Добра ж, ён пакладзе гэтаму канец.

— А калі я адмоўлюся?

— Упэўнены, вы так ня зробіце. Магчыма, наш закон не дапушчае разводаў, але Шлюбны Кодэкс у нас маецца. Магу шчыра засьведчыць, любы, хто будзе прадстаўляць спадарыню Кейн у судзе, даможацца вялізных выплат. Да няшчасьця ўсё, зразумела, атрымае шырокую агалоску, а страхавы бізнэс такі залежны ад добрай рэпутацыі і даверу публікі …

Гары Кейн падпісаў паперы.

Ён адразу накіраваў машыну да сваёй вялікай камфартабэльнай хаты. Уздоўж паўднёвай сьцяны красаваліся высаджаныя садоўнікам расьліны. Ён прымусіў сябе ўвайсьці ў пярэдні пакой і зірнуў на сьвежыя кветкі ў вітальні, на чыстыя яркія колеры карцін. Карцін, што яны разам абіралі і разьвешвалі па сьценах. Між іншым кінуў погляд на вялізную гасьцёўню, у якой лёгка маглі разьмясьціцца сорак чалавек госьцяў. Толькі ў сталоўне сухія кветкі, там яны ніколі не ядуць, выключна падчас званых абедаў. Далей, далей, у залітую сонцам кухню, дзе Коні з лыжачкі корміць малога Рычарда цёртым яблыкам і захоплена сьмяецца, гледзячы, як ён гамае. На ёй любасная вольная сукенка ў кветачку зь белым каўнерыкам. Зьверху чуецца шум пыласоса. Хутка пад'едзе вэн дастаўшчыка з супэрмаркету.