Коні ведала, сёй-той мяркуе, што ёй бы лепей сысьці ад Гары. Вера, напрыклад. У вочы яна тага не казала, але намякала. І спадар Хайес таксама. Абодва лічылі, што яна застаецца зь ім выключна дзеля бясьпекі. Адкуль ім было ведаць, як добра арганізаваны яе фінансы, цалкам дазваляючы ёй самастойна ўтрымоўваць гэтую хату.
Што ж яе спыняла?
Інтарэсы сям'і. Дзецям патрэбныя абодва бацькі. Да таго ж, каб усё зьмяніць, запатрабуецца бездань моц. А дзе ўпэўненасьць, што пасьля яна стане хоць трошкі шчасьлівей? Ды і не магла яна назваць сваё жыцьцё кепскім. Гары, калі бываў у хаце, трымаўся любасна і ветліва. Безьліч хатніх спраў запаўнялі гадзіны, што ператвараліся ў тыдні, месяцы і гады.
Яна наведвала сваю маці і бацькоў Гары. Па-ранейшаму прымала ў сябе кампаньёнаў і іх жонак. Дзьверы хаты заўжды былі адчыненыя для сяброў яе дзяцей. Гукі тэнісных мячоў з корту і музыкі зь іх пакояў не змаўкалі цэльнымі днямі. Моладзь цалкам уладкоўваў уклад жыцьця Кейнаў. Спадарыня Кейн ня тузала іх без дай прычыны, спадар Кейн ў хаце амаль не зьяўляўся. Дакладна тыя дзьве рысы, што больш за ўсё шануюць юнакі ў бацьках сваіх сяброў.
Калі Рычарду Кейну споўнілася дзевятнаццаць, столькі, колькі было Коні, калі яе бацька памёр і пакінуў іх бяз сродкаў да існаваньня, Гары Кейн прыйшоў дахаты і паведаміў, што казка скончылася. Фірма зачыняецца ў найблізкія дні з максымальным скандалам і мінімальнымі рэсурсамі. У іх пазыкі па ўсёй краіне, укладаньні і зьберажэньні кліентаў зьніклі. Аднаго з кампаньёнаў ледзь ўтрымалі ад самазабойства, іншы спрабаваў зьбегчы з краіны.
Яны сядзелі ў сталоўне, Коні, Рычард і Вераніка. Двайняты зьехалі з клясам у вандроўку. Яны сядзелі моўчкі, пакуль Гары Кейн выкладаў, якая іх чакае нявыкрутка. Артыкулы ў газэтах. Рэпарцёры ля дзьвярэй. Фатографы, якія змагаюцца за магчымасьць увасобіць тэнісны корт і іншыя атрыбуты шыкоўнага жыцьця чалавека, які ашукаў цэльную краіну. Усплывуць імёны палітыкаў, якія добразычліва ставіліся да іх, падрабязнасьці іх замежных падарожжаў. Вялікія шышкі з гэтага часу не пажадаюць зь імі знацца.
У чым чыньнік? Зрэзалі куты, рызыкавалі, супрацоўнічалі зь людзьмі, якіх іншыя лічылі не занадта надзейнымі. Не задавалі пытаньняў, калі павінны былі іх задаць. Зачынялі вочы на рэчы, якія б не пакінула без увагі больш грунтоўная кампанія.
— Нам прыйдзецца прадаць хату? — спытаў Рычард. Ўсьлед рушыла маўчаньне.
— На ўнівэрсытэт грошы будуць? — прагнула ведаць Вераніка. Зноў маўчаньне.
Потым Гары загаварыў. — Павінен сказаць вам абодвум, ваша маці заўжды папярэджвала мяне, што гэта можа здарыцца. Яна перасьцерагала мяне, а я не слухаў. Памятайце аб тым, аглядаючыся на гэты дзень.
— Ой, тата, гэта ня мае ніякага значэньня, — інтанацыі Веранікі ў дакладнасьці падтаквалі тым, што гучалі ў голасе самой Коні, калі выявіўся фінансавы крах яе бацькі. Яна ўбачыла, што вочы Гары поўныя сьлёз.
— Гэта магло здарыцца з кожным, — адважна пацьвердзіў Рычард. — Гэта бізнэс.
У Коні пацяплела на сэрцы. Яны выгадавалі велікадушных дзяцей, а не маленькіх пацукоў, якія пазіраюць на сьвет, як на вялізную кармушку. Надышла яе чарга загаварыць, зразумела Коні. — Калі ваш бацька пачаў распавядаць мне кепскія навіны, я прапанавала яму пачакаць, пакуль мы здолеем сабрацца ўсе. Мне карцела, каб мы выслухалі гэта разам і сустрэлі навалу твар да твару, як сям'я. Нашы двайняты ў ад'езду, ім я распавяду пазьней. Сёньня ж увечары нам варта зьехаць з хаты. У невялікія валізы спакуем рэчы, якіх досыць на тыдзень. Я папрашу Веру і Кевіна даслаць за намі вэны, каб ніхто з журналістаў, калі яны ўжо тут, ня ўбачыў, як мы зьяжджаем на сваіх машынах. На аўтоадказьніку пакінем паведамленьне з просьбай пераадрасоўваць усе званкі Сабіне Кэсі. Мяркую, так будзе слушна, Гары?
Ён хітнуў, зьдзіўлены. — Вядома.
— Вы пажывяце ў маёй маці, у вёсцы. Ні адна душа не пазнае, дзе яна жыве і не патурбуе яе. Скарыстаецеся яе тэлефонам, каб патэлефанаваць сябрам і паведаміць ім, што ўсё ўладкуецца, але, пакуль ня ўляжацца шум, вы пабудзеце ў цені. Скажаце, што вернецеся дзён праз дзесяць. Больш гэты вэрхал часу ня зойме. — Яны глядзелі на яе, адкрыўшы роты.
— І вядома, вы абодва паступіце ва ўнівэрсытэт, і двайняты таксама. Гэтую хату мы, магчыма, прадамо, але ня зараз, не па патрабаваньні нейкага банку.
— Хіба нам ня прыйдзецца адплачвацца маёмасьцю? — спытаў Рычард.
— Гэтая хата не прыналежыць твайму бацьку, — проста адказала Коні.
— Нават калі яна твая, ты павінна будзеш … ?