Выбрать главу

— Не, яна не мая. Яе даўно набыла іншая кампанія, у якой я дырэктар.

— Тат, які ты разумны! — выгукнуў Рычард.

— Так, ваш бацька выключна разумны бізнэсмэн. І калі ён складае дамову, ён яе выконвае. Ён не захоча пакідаць людзей у страце, таму, не сумняваюся, па канчатку гэтай гісторыі мы ня будзем выглядаць ліхадзеямі і нягоднікамі. Але некалькі цяжкіх момантаў маецца быць, дык запатрабуецца сабраць усю нашу мужнасьць і веру.

А пасьля вечар ператварыўся ў суцэльныя зборы і тэлефанаваньні. Яны пакінулі хату незаўважанымі, у вэнах дэкаратараў.

Спалатнелыя Вера і Кевін віталі іх абодвух у сваёй хаце. Не было ні выразаў спагады, ні спроб завязаць гутарку. Яны адразу прайшлі ў прыгатаваную для іх лепшую гасьцёўню зь вялізным двухспальным ложкам. Там іх чакала халодная вячэра і тэрмас з гарачым булёнам.

— Убачымся заўтра, — кіўнула Вера.

— Адкуль людзі ведаюць, што менавіта трэба сказаць? — уразіўся Гары.

— Мяркую, яны робяць тое, што запатрабавалася бы ім самім. — Коні наліла яму трохі булёну. Гары пакруціў галавой. — Паясі, Гары. Заўтра табе спатрэбяцца сілы.

— Кевін трымаў усе свае зьберажэньні ў нас?

— Не, ніякіх, — спакойна адказала Коні.

— Як так?

— Я прасіла іх не рабіць тага. На ўсялякі выпадак.

— Што мне рабіць, Коні?

— Паглядзець фактам у твар. Сказаць сабе, што гэта памылка, ты не жадаў, каб гэта здарылася, ты застанесься ў краіне і распачнеш усё магчымае для выпраўленьня сытуацыі.

— Яны разарвуць мяне ў жмуты.

— Гэта будзе нядоўга. Потым пачнецца іншая гісторыя.

— А ты?

— Вярнуся на працу.

— А што з грашыма, якія прыхавалі для цябе тыя юрысты?

— Пакіну столькі, колькі патрабуецца, каб паставіць дзяцей на ногі, астатняе вярну для выплат людзям, якія страцілі свае зьберажэньні.

— Божухна, у давяршэньне да ўсяго ты яшчэ зьбіраесься строіць зь сябе сьвятую вялікапакутніцу?

— Што ты прапаноўваеш мне рабіць з маімі грашыма пасьля ўсяго гэтага, Гары? — яе погляд не абяцаў нічога добрага.

— Трымай іх двума рукамі. Падзякуй сваёй шчасьлівай зорцы за іх захаванасьць і не кідай на вецер.

— Ты так ня лічыш. Паразмаўляем аб тым заўтра.

— Менавіта так я і лічу. Гэта бізнэс, а не джэнтэльмэнскі матч у крыкет. У тым сутнасьць суполкі з абмежаванай адказнасьцю, яны могуць атрымаць толькі тое, што абумоўлена. Ты свой кавалак займела, якога д'ябла трэба яго вяртаць?

— Заўтра, — паўтарыла яна.

— Спыні рабіць зь сябе сьвятошу. Хоць раз за сваё праклятае жыцьцё паводзь сябе як нармалёвы чалавек. Паварушы мазгамі хоць пяць хвілін і зразумееш, вяртаць бедным укладчыкам іх грошы — ханжаская лухта. Яны выдатна ведалі, на што ідуць, як усе ведаюць. Як ведаў, на што ідзе, твой бацька, калі ставіў твае ўнівэрсытэцкія чэкі на бегавога каня.

У яе зьбялеў твар. Яна ўстала і рушыла да дзьвярэй. — Файна. Давай, сыходзь, замест таго каб усё абмеркаваць. Каціся да сваёй даражэнькай Веры. Паабмывайце языкамі, якія мужчыны набрыдзі. Вера для цябе заўжды на першым месцы. Можа табе наогул патрэбна была баба, каб нарэшце разварушыць цябе ў ложку?

Яна не зьбіралася тое рабіць, але ляснула яго па твары. З-за таго, што ён крычаў аб Веры ў яе ўласнай хаце, дзе Вера і Кевін прытулілі іх без адзінага пытаньня. У абліччы Гары не засталося нічога чалавечага, ён нагадваў зьдзічэлага зьвера.

Ад кляйнодзіка ў яго на шчацэ застаўся крывавы сьлед, доўгая чырвоная паласа. Да яе зьдзіўленьня, яна не выпрабавала ні шоку пры выглядзе крыві, ні сораму ад зробленага.

Яна зачыніла дзьверы і спусьцілася па лесьвіцы. На кухні напэўна быў чутны іх лямант. Магчыма, нават кінутыя ім словы. Коні, якой цягам папярэдніх гадзін ні разу не зьмянілі спакой і рашучасьць, абвяла поглядам маленькую групу за сталом. Сярод іх былі Дэйдра, прыгожая цёмнавокая дачка Веры, якая працуе ў модным буціку, і Чарлі, які далучыўся да сямейнага малярна-дэкаратарскага бізнэсу.

А паміж Кевінам і Верай перад пляшкай віскі сядзеў Жак. Жак з расшпіленым каўнярам і чырвонымі шалёнымі вачыма. Жак, які плакаў, піў, і не зьбіраўся спыняць ні адно, ні другое. Хутчэй за ўсё страціў апошняе пэні ў інвэстыцыйнай кампаніі яе мужа. Яе першы бойфрэнд, які кахаў яе проста, без усялякіх розбрыкаў, які стаяў у царкве ў дзень яе шлюбу з Гары, у надзеі, што яна раздумаецца. Ён, банкрут, сядзеў зараз за сталом на кухні сваіх сяброў. Як жа ўсё гэта здарылася, спрабавала зразумець Коні, стоячы тут з прыціснутай да шыі рукой. Час быццам спыніўся для яе.

Нельга заставацца ў гэтым пакоі. Вярнуцца наверх, да новых абраз, да агіднага, падобнага да разьлютаванага льва, Гары, таксама немагчыма. Сысьці адгэтуль у рэальны сьвет яна ня можа і ніколі, пэўна, ня зможа зрабіць гэта і зноў паглядзець людзям у вочы. Няўжо чалавек здольны прыцягваць няшчасьці і падбухторваць іншых на брыдкія ўчынкі? Па статыстыцы бадай неймаверна, каб і бацька, і муж адной і той жа жанчыны страцілі ўсё, што маюць. Бачна, справа ў ёй самой, раз яна ў другі раз трапляе ў дакладна такое становішча. Раптам ёй успомніўся шчыры, прыязны твар псыхіятру, яе пытаньні. Магчыма, нешта ў гэтым ёсьць.