Потым яны рушылі ў банк. Ніколі яшчэ банкіры не былі гэтулькі зьдзіўленыя зьяўленьнем фондаў невядома адкуль. Коні і Гары сядзелі моўчкі, пакуль іх юрысконсульты тлумачылі супрацоўнікам банка, што тыя грошы ўносяцца толькі пры ўмове, што ўсю суму да адзінага пэні банк накіруе на выплаты фундатарам.
Апоўдні яны зладзілі нараду, выклікалі кампаньёнаў Гары і загадалі ім захоўваць маўчаньне цягам усёй прэс-канфэрэнцыі ў Хайес Гатэлі. Дамовіліся, што ніхто з жонак на прэс-канфэрэнцыі прысутнічаць ня будзе. Жонкі глядзелі яе разам па тэлевізары ў адным з гатэльных нумароў. Імя Коні там не згадалі. Абвясьцілі, што на выпадак непрадбачаных акалічнасьцяў кампанія дыхтавала рэзэрвовыя фонды.
Пасьля дзённых навін загалоўкі ранішніх газэт страцілі актуальнасьць. Адзін з журналістаў спытаў Гары Кейна аб драпіне на яго твары. — Справа рук крэдытора?
— Гэта быў чалавек, які не разумеў, што адбываецца. Ня ведаў, што мы зробім усё магчымае дзеля інтарэсаў людзей, даручыўшых нам свае справы, — заявіў Гары ў камэру. І Коні адчула лёгкую млосьць і хвалю агіды. Калі ён здольны так схлусіць, на што яшчэ ён здольны? Падчас трансьляцыі Коні зазначыла ў вялізнай зале, прадстаўленай гатэлем для прэс-канфэрэнцыі, Сабіну Кэсі. Цікава, як шмат той вядома? Ці не апынуцца грошы з фонду Коні у кішэні Сабіны? Зрэшты, яна гэтага ўсё роўна не пазнае. Банк засьведчыў яе, што паколькі кіраўніцтва працэсам выплат ён бярэ на сябе, патрэба ў кантролі зь яе боку адпадае. Яна ведала, грошы разьмяркуюць справядліва і мудра. Яна не магла сказаць ім, што Сабіна Кэсі не павінна атрымаць належную ёй дзель, бо сьпіць з сваім босам.
Яны здолелі вярнуцца ў сваю хату. Праз тыдзень уздыхнулі вальней. Праз тры месяца жыцьцё амаль пайшло нармалёвым ходам.
Вераніка час ад часу прымалася бедаваць аб шнару на твары бацькі. — Ён заўжды будзе нагадваць мне аб маёй дурасьці, — адказваў той, і Коні прымячала пяшчоту ў поглядах, якімі яны пры тым абменьваліся.
Рычард, падаецца, выпрабоўваў да бацькі шчырае захапленьне.
— Тата зараз бавіць у хаце значна больш часу, так, маці? — гаварыла Вераніка, быццам шукаючы ў Коні падтрымкі і ўхвалы.
— Так, сапраўды, — адказвала Коні. Гары кожны тыдзень праводзіў адну ноч па-за хатай і два-тры разы на тыдзень вяртаўся дахаты, у сваю спальню, глыбока за поўнач. Так ён, хутчэй за ўсё, зьбіраўся паводзіць сябе і далей.
У глыбіні душы Коні адчувала жаданьне зьмяніць гэта, але яна стамілася. Яе змарылі гады прытворнасьці, іншага жыцьця яна ня ведала.
Аднойчы яна патэлефанавала Жаку на працу.
— Мяркую, я павінен зваліцца на калены, Вашамосьць, ў знак падзякі за зварот маіх уласных грошай?
— Не, Жак. Проста я падумала, раптам ты не адмовісься сустрэцца са мной.
— Зь якою мэтай?
— Ня ведаю. Паразмаўляць, схадзіць у кіно. Ты вывучаў італьянскі?
— Не, я быў занадта заняты, зарабляў сабе на жыцьцё. А ты?
— Не, я была занадта занятая, не зарабляла сабе на жыцьцё.
Ён засьмяяўся. — Божухна, Коні, наша сустрэча ня мае сэнсу. Я толькі зноўку закахаюся ў цябе, нанава пачну прыставаць да цябе з ложкам. Мы ўсё гэта ўжо праходзілі шмат гадоў таму.
— Жак, няўжо цябе гэтыя рэчы па-ранейшаму цікавяць?
— Божа, вядома. Чаму не? Я ж ў самым росквіце гадоў, хіба не?
— Так, так.
— Коні?
— Так?
— Проста, ведаеш... Дзякуй табе. Ты ведаеш.
— Я ведаю, Жак.
Мінула колькі месяцаў. На першы погляд нічога не зьмянілася, але ў больш уважлівага назіральніка не выклікала сумненьняў, Коні пазбавілася значнай часткі сваёй энэргіі.
Кевін і Вера абмяркоўвалі гэта амаль штодня. Яны прыналежалі да вузкага колу тых, хто ведаў, як яна выратавала свайго мужа. Да іх засмучэньня, ён ня выявіў ёй практычна ніякай падзякі. Яго стала бачылі на людзях зь нязьменнай асабістай памочніцай, загадкавай Сабінай Кэсі, зараз заняўшай пасаду дырэктара кампаніі.
Для маці Коні не застаўся незаўважаным прыгнечаны стан дачкі. Яна імкнулася падбадзёрыць яе. — Нягоды, у якія ён цябе ўцягнуў, ня будуць доўжыцца вечна, ня тое, што ў маім выпадку. І потым, ён падрыхтаваў гэты рэзэрвовы фонд. У твайго бацькі ніколі такога не было. — Адкуль ёй было ведаць. Коні ніколі не распавядала маці. Адным з чыньнікаў была свайго кшталту ляяльнасьць па дачыненьні да Гары, але ў асноўным агідна было згаджацца, што тады, шмат гадоў таму, маці мела рацыю, угаворваючы яе забясьпечыць сваю фінансавую бясьпеку і незалежнасьць.