Дзеці нічога не прымячалі. Маці як маці, цудоўная, заўсёды, пры першай неабходнасьці, тут, побач. Па іх меркаваньню, жыцьцё яе цалкам задавальняла.
Рычард атрымаў спэцыяльнасьць бухгальтара, і спадар Хайес уладкаваў яму шыкоўную пасаду ў фірме свайго зяця. Яго любая адзіная дачка Мар'яна выйшла замуж за прыгожага чароўнага мужчыну па імі Паўль Мэлан. Грошы Хайеса і ўласная чароўнасьць дапамаглі маладому чалавеку зрабіць галавакружную кар'еру. Рычард быў там шчасьлівы.
Вераніка з посьпехам атрымоўвала мэдыцынскую адукацыю. Яна абмяркоўвала спэцыялізацыю па псыхіятрыі і не стамлялася паўтараць, што асноўныя праблемы людзей ў іх галовах і ў іх мінулым.
Двайняты нарэшце спынілі ўспрымаць сябе як адзінае цэлае. Адзін пайшоў у мастацкі каледж, іншы ўпадабаў Дзяржаўную Грамадзянскую Службу.
Іх вялікая хата па-ранейшаму заставалася запісана на Коні. Прадаваць яе ня мела сэнсу, адсоткі з ацалелага ўкладаньня прыносілі цалкам досыць грошай. Праўнікі працягвалі пераконваць Коні ў неабходнасьці скласьці новы афіцыйны дакумэнт з аналягічнымі засьцярогамі, каб забясьпечыць ёй гарантыі ў атрыманьні яе дзелі прыбытку, але яе тая ідэя не натхняла. — Дамову падпісвалі шмат часу таму, тады мяне турбавала будучыня дзяцей.
— Шчыра кажучы, гэта варта зрабіць зноўку. У выпадку праблем суд напэўна прыме рашэньне на вашу карысьць, у адпаведнасьці з духам закона, але…
— Якія праблемы могуць паўстаць зараз? — зьдзівілася Коні.
Адвакат часьцяком бачыў, як спадар Кейн абедае ў Квеньціне з дамай, якая нават крыху не нагадвае спадарыню Кейн. Ён стуліў вусны: — Я бы ўпадабаў зрабіць гэта.
— Добра, толькі бяз драм і зьнявагі. Мінулае ёсьць мінулае.
— Ніякіх драм ня будзе, — засьведчыў праўнік.
І справа была зроблена. Паперы даслалі на подпіс да Гары ў офіс. Зь яго боку не атрымалі ніякіх пярэчаньняў. У дзень падпісаньня ён зьявіўся дома з каменным тварам. Яна занадта добра ведала яго і лёгка зразумела, у якім той гуморы. Ён нічога ня выкажа нацянькі, але пастараецца зрабіць ёй балюча.
— Мяне ня будзе некалькі дзён, — паведаміў ён увечар. Ні тлумачэньня, ні добрапрыстойных чыньнікаў. Яна гатавала вячэру, хоць і разумела, што ён ня мае намеру застацца сёньня ў хаце і падзяліць зь ёй ежу. Што ж, старыя звычкі паміраюць цяжка. Коні па-ранейшаму пры любых акалічнасьцях рабіла выгляд, што ўсё выдатна. Яна працягвала так старанна зьмешваць салату з памідораў з фэнхелем, быццам гэта патрабавала вялізнай увагі і канцэнтрацыі.
— Стомная маецца быць паездка? — яна дбайна падбірала словы. Нельга пытаць куды, навошта і, галоўнае, з кім.
— Не занадта, — яго голас зьвінеў. — Вырашыў сумясьціць карыснае з прыемным.
— Выдатна.
— Я буду на Багамах. — Паміж імі павісла маўчаньне.
— Вось як, — нарэшце здолела вымавіць яна.
— Не пярэчыш? Мяркую, ты не разглядаеш іх як наша адмысловае месца і ўсё такое? — Замест адказу яна зьвярнулася да духоўкі, дастаць яшчэ цёплую кулябяку з грудзінкай. — Ну так, вядома, у маю адсутнасьць цябе будуць суцяшаць твае інвэстыцыі, твае правы на сумеснае валоданьне, твае кайданы. — Ад злосьці ён ледзь мог гаварыць.
Усяго колькі гадоў таму ён, з падзякай рыдаючы на яе каленах, паўтараў, што ня годны яе, кляўся, што ніколі ў жыцьці ня будзе ў яе больш самотных гадзін. А сёньня ў яго ўжо бялеюць вусны ад лютасьці з-за яе жаданьня працягнуць абарону сваіх інтарэсаў. І гэта пасьля відавочнай даведзенасьці неабходнасьці такіх крокаў.
— Гэта фармальнасьць, ты ж ведаеш.
Яго вусны крывіла пагардлівая ўсьмешка. — Такая ж фармальнасьць дзелавая паездка, у якую я зьбіраюся. — Ён выправіўся наверх складаць рэчы.
Начаваць ён, зразумела, будзе ў кватэры Сабіны, паляцяць яны заўтра раніцай. Яна села і мэханічна прынялася за ежу. Яна абвыкла есьці у адзіноце. За гэтай позьняй летняй вячэрай да яе далятаў сьпеў птушак у саду, прыглушаныя гукі машын з дарогі за высокай агароджай іх участку. Там, за плотам, тузін месцаў, куды бы яна пры жаданьні магла сысьці сёньня ўвечар.
Чаго бы ёй карцела, так гэта спаткаць Жака і пайсьці зь ім у кіно. Бестурботна пастаяць на рагу вуліцы А’Конал, разглядаючы мінакоў і спрачаючыся зь ім, які вылучыць фільм. Недарэчнасьць якая. Жак меў рацыю, ім больш няма чаго сказаць адно аднаму. Добра яна будзе выглядаць, калі адправіцца ў працоўны раён, у якім ён жыве, на БМВ, і дасі сыгнал ля яго хаты. Дурное спадзявацца, што са спробы зьвярнуць час зварот можа нешта атрымацца. Магчыма, з Жакам яна была бы таксама нешчасьлівая. Ложак зь ім мог ёй быць таксама ненавісны. Але раптам яна была бы зь ім меней самотная?