Коні чытала газэту, калі Гары спусьціўся ўніз з двума валізамі. На Багамах, бадай, вызначаецца напружаная праграма. Ён падаваўся і супакоеным і зачэпленым адначасова, хутчэй за ўсё яго сыход абыдзецца без дадатковых сцэн.
Яна зірнула на яго па-над акулярамі і ўсьміхнулася. — Што мне казаць? Калі ты вернесься?
— Казаць? Каму табе спатрэбілася казаць аб тым?
— Ну, тваім дзецям, напрыклад. Хоць, я ўпэўненая, ты ім сам распавядзеш. Яшчэ сябрам ці камусьці з офіса, з банка.
— У офісе будуць ведаць.
— Цудоўна, значыць я магу адсылаць усіх з пытаньнямі да Сабіны? — яе твар сьвяціўся нявіннасьцю.
— Сабіна таксама едзе на Багамы, як табе выдатна вядома.
— А да каго тады?
— Я бы наогул нікуды ня ехаў, Коні, калі б ты паводзіла сябе слушна, не рабіла зь сябе падатковага інспэктара, кантралюючы кожны мой крок і абмяжоўваючы з усіх бакоў.
— Але ж ты едзеш у дзелавую паездку, хіба не? — сказала яна і ён выйшаў, пляснуўшы дзьвярамі. Яна прымусіла сябе вярнуцца да адкладзенай газэты. Занадта шмат за плячыма падобных сцэн, ён сыходзіць, яна рыдае. Далей так жыць нельга.
Яна чытала інтэрвію з выкладчыкамі, якія зладзілі курсы італьянскага пры школе Выгляд-На-Гару, вялікай муніцыпальнай школе, разьмешчанай у небясьпечным раёне. У тым самым раёне, у якім жыве Жак. Спадар Эйдан Данн меркаваў, што навакольныя жыхары выявяць цікавасьць як да жыцьця і культуры італьянцаў, так і да іх мовы. Бо нядаўні Чэмпіянат Сьвету абудзіў вялізную цікавасьць да Італіі сярод звычайных дублінцаў. У Выгляд-На-Гару ім прапануюць надзвычай разнастайную праграму. Коні перачытала апошні абзац. Цалкам магчыма, Жак запішацца туды. А калі і не, у яе будзе падстава бываць навакол двойчы на тыдзень. Дзесьці тут быў тэлефон. Яна запішацца зараз, пакуль не раздумалася.
Жака, ясная справа, не апынулася ў гэтым клясе. Такога роду рэчы здараюцца толькі ў казках. Але Коні там падабалася. Гэта цудоўная жанчына амаль адных зь ёй гадоў, Сыньёра, валодала прыроджаным талентам настаўніка. Яна ніколі не падвышала голас, але ўсеагульная ўвага стала была прыкавана да яе. Ніколі не крытыкуючы, яна чакала, што кожны будзе гатовы да ўроку.
— Constanza … баюся, вы ня вывучылі гадзіны. Вы ведаеце толькі sono le due, sono le tre … усё бы выдатна, але акрамя цэлых гадзін часам даводзіцца мець справы з паловай і чвэрцю гадзіны.
— Выбачайце калі ласка, Сыньёра, — прысаромлена адказвала спадарыня Канстанцыя Кейн, — Я была трохі занятая, не пасьпела вывучыць.
— На наступным тыдні вы ўсё падвучыце. — І вось Коні ловіць сябе на тым, што, заткнуўшы вушы пальцамі, паўтарае sono le sei e venti, інакш Сыньёра будзе засмучаная. Як здарылася, што яна езьдзіць праз увесь горад у гэтыя школьныя халупы і сядзіць там з трыццацьцю незнаёмцамі, скандуючы новыя словы, сьпяваючы песьні, знаёмячыся па фатаграфіях з карцінамі вялікіх мастакоў, статуямі і будынкамі, спрабуючы італьянскія стравы і слухаючы італьянскія опэры? І што найбольш цікава, робіць гэта з задавальненьнем.
Яна паспрабавала распавесьці аб тым Гары, калі ён, загарэлы і трохі астылы, вярнуўся з Вэст-Індыі. Але ён ня выявіў адмысловай цікавасьці. — Што ты там згубіла? Жадаеш, каб табе машыну на запчасткі разабралі? — На гэтым тэмат быў вычарпаны.
У Веры тая задума таксама захапленьня ня выклікала. — Небясьпечнае месца, ты спакушаеш лёс, прыежджая туды на добрым аўто. І напрамілы Бог, не апранай на заняткі свой залаты гадзіньнік.
— Я не зьбіраюся ставіцца да іх пагардліва. Можна ўявіць, прамова ідзе аб нейкім гета.
— Не разумею, што табе там рабіць? Калі ты так прагнеш вывучаць італьянскі, хіба нельга знайсьці курсы бліжэй да хаты?
— Мне падабаюцца гэтыя. Раптам на адным з урокаў я спаткаю Жака, — вусны Коні кранула гарэзная ўсьмешка.
— Пане міласэрны, — Вера ўзьняла вочы дагары. — Вырашыла пашукаць гуза на сваю галаву? Табе цяжкасьцей бракуе? — У Веры на руках акрамя офіса Кевіна зараз быў яшчэ і ўнук. Дэйдра нарадзіла вялізнага выдатнага бахура, але заявіла, што не жадае занявольвацца і вешаць сабе на шыю хамут састарэлай канцэпцыі шлюбу.
Коні падабаліся людзі ў клясе. Сур'ёзны Біл Бурк, Гугліема, і яго эксцэнтрычная сяброўка Элізабэт. Малады чалавек працаваў у тым самым банку, у якім ляжаў рэзэрвовы пакет Гары і яго кампаньёнаў, але быў занадта малады, каб ведаць аб тым. А калі бы і ведаў, як ён пазнаў бы яе ў Канстанцы? Старанныя Кацярына і Франчэска, ці то маці з дачкой, ці то сёстры. Прыемная пара.