Буйны, ветлівы Лярэнца, чые рукі памерам нагадвалі рыдлёўкі, на адным з урокаў гуляў ролю кліента рэстарацыі, а Коні — стольніцы. — Una tavola vicina alla finestra, — сказаў Лярэнца, і Коні прысунула кардонную скрынку да намаляванага акна, пасадзіла яго там і спытала, што жадае замовіць яе наведвальнік. Лярэнца вывучыў усе новыя назвы страў, нават вугра, гусіны паштэт і марскога вожыка. Сыньёра пратэставала і прасіла яго вучыць выключна адзначаны сьпіс.
— Вы не разумееце, Сыньёра. Людзі, зь якімі я павінен сустрэцца ў Італіі, сапраўдныя едакі, яны ня стануць есьці нейкую піццу.
Яшчэ тут быў жудасны Луіджы зь вечна нахмуранымі бровамі і жахлівым італьянскім вымаўленьнем. Вось ужо з кім яна ня мела бы ніякіх зносін у звычайным жыцьці. А тут ён часам рабіўся яе паплечнікам, як, напрыклад, у той раз, калі яны былі лекарамі з імправізаванымі стэтаскопамі і казалі адно аднаму дыхаць глыбей. — Respiri profondamente per favore, Signora, — выкрыкваў Луіджы, прыціснуўшы да вуха адзін канец гумовай трубачцы. — Non mi sento bene, — адказвала Коні.
Паступова іх, такіх розных, усё больш аб'ядноўвала мара аб вандраваньні ў Італію улетку. Коні, якую не абцяжарыла б заплаціць за рэйсавыя квіткі для ўсяго кляса, разам з усімі абмяркоўвала фундатарства, зьніжкі і своечасовае занясеньне дэпазыту на групавы чартэрны палёт. Калі будзе сумесная паездка, яна паедзе абавязкова.
Коні бачыла, як зьменьваецца тыдзень за тыднем школа. Зрабілі касмэтычны рамонт, усё пафарбавалі, пасадзілі дрэвы. Школьны двор папрыгажэў. Зламаны падстрэшак для ровараў замянілі.
— Вы зьдзейсьнілі тут сапраўдны пераварот, — сказала яна з ухвалай кудлатаму, сымпатычнаму спадару А’Брайну, Дырэктару, які часам наведваўся ў італьянскі кляс.
— Пякельная праца, спадарыня Кейн. Мы бы вам былі вельмі ўдзячныя, закінь вы за нас слоўца тым фінансістам, якіх вы з мужам сустракаеце ў сьвеце. — Ён ведаў, хто яна насамрэч, і ў адрозьненьне ад астатніх ня зваў яе Constanza, але выяўляў прыемную абыякавасьць да чыньнікаў яе знаходжаньня тут.
— Гэта людзі бяз сэрца, спадар А’Брайн. Яны не разумеюць, што школы — будучыня краіны.
— Каму вы распавядаеце, — разьвёў ён рукамі. — Хіба я не праводжу палову жыцьця ў чортавых банках, запаўняючы фармуляры? Хутка зусім развучуся выкладаць.
— А жонку, сям'ю вы маеце, спадар А’Брайн? — Коні і сама не магла зразумець, чаму задала такое асабістае пытаньне. Ёй не была ўласьціва дакучлівасьць. Больш слухаць, менш пытаць. Гэту мудрасьць яна засвоіла ў гатэльным бізнэсе.
— Не, так ужо здарылася, — адказаў ён.
— Бадай, тое нават лепш, калі вы ў нейкім сэнсе заручаны са школай. Мабыць, некаторым людзям шлюб наогул супрацьпаказаны. Мой уласны муж да такіх належыць.
Ён прыўзняў бровы. Коні зразумела, для выпадковай прыемнай гутаркі яна зайшла занадта далёка. — Выбачайце, — засьмяялася яна. — Гэта не ныцьцё самотнай жонкі, я толькі канстатую факт.
— Я бы з радасьцю ажаніўся, гэта таксама факт, — выявіў ён пашану, адказаўшы шчырасьцю на шчырасьць. — Праблема ў тым, што я не спаткаў нікога прыдатнага, пакуль ня стаў занадта стары.
— Вы сур'ёзна лічыце сябе старым?
— Так. Ці бачыце, яна дзіця ў параўнаньні са мной. Насамрэч яна дачка спадара Данна, — ён хітнуў у бок школы, дзе Эйдан Данн і Сыньёра разьвітваліся з клясам.
— А яна вас кахае?
— Спадзяюся, нават упэўнены. Але я ёй не падыходжу, занадта стары. Я зусім не падыходжу ёй. Ды і іншых заганаў хапае.
— Што аб тым думае спадар Данн?
— Ён ня ведае, спадарыня Кейн.
Яна цяжка ўздыхнула. — Ясна, што вы разумелі пад іншымі заганамі. Мне падаецца, вы здолееце іх перамагчы.
Ён усьміхнуўся ёй, удзячны за адсутнасьць новых пытаньняў. — Ваш муж вар'ят, як ён мог аддаць перавагу бізнэсу?
— Дзякуй вам, спадар А’Брайн.
Коні накіравала машыну да хаты. Плойму неверагодных рэчаў пазнала яна аб людзях з таго моманту, як запісалася ў гэты кляс.
Гэтая дзівосная дзяўчына з кудзеркамі, Элізабэт, распавяла ёй, што Гугліема зьбіраецца кіраваць банкам у Італіі ў наступным годзе, калі вывучыць мову. Пануры Луіджы спытаў у яе, ці зразумее звычайны чалавек, калі хтосьці носіць кляйнодзік коштам дванаццаць штук. Эйдан Данн высьвятляў, дзе можна набыць яркі, каляровы, ня моцна падношаны дыван. Барталамеа даведваўся, ці сутыкалася яна зь людзьмі, якія спрабавалі скончыць жыцьцё самагубствам, і ці праўда, што яны заўжды паўтараюць тыя спробы. Ён пытае для сябра, адзначыў ён некалькі раз. Кацярына, ці то сястра, ці то дачка Франчэскі, зразумець немагчыма, распавяла аб нядаўнім падабедзе у Квеньціне. Артышокі, па яе словах, былі файныя. Лярэнца ўпэўніваў яе, што сям'я, у якой ён зьбіраецца спыніцца ў Італіі, вельмі заможная. Ён спадзяецца ня ўпасьці перад імі ў бруд тварам. А зараз спадар А’Брайн сказаў, што закаханы ў дачку спадара Данна. Усяго колькі месяцаў таму яна паняцьця ня мела аб гэтых людзях і іх жыцьці.