Выбрать главу

У дождж яна падвозіла людзей дахаты, але не рабіла тага стала, каб не ператварыцца ў неафіцыйную таксоўку. Адылі дзеля Лярэнца, які мусіў вяртацца ў гатэль пляменьніка з двума перасадкамі, часьцяком рабілася выключэньне. Там, у гатэлі, ён жыў і працаваў начным парцье і майстрам на ўсе рукі. Усе астатнія выпраўляліся пасьля ўроку дахаты, у ложак, да тэлевізара, ці ў паб, альбо ў кавярню. А Лярэнца мелася усю ноч працаваць.

Сапраўды яго клічуць Лапік, высьветліла яна. Але ўсе яны звалі адно аднаго італьянскімі імёнамі, так было прасьцей. Нейкія італьянцы запрасілі яго наведаць іх у Рыме. Гэты буйны, прастадушны, радасны мужчына гадоў шасьцідзесяці не знаходзіў нічога дзіўнага ў тым, што яго, начнога парцье, падвозіць жанчына на шыкоўнам аўто.

Часам ён распавядаў аб сваім пляменьніку Гусу, сыну яго сястры. Хлапчук працаваў кожны пасланы Богам час, з раніцы да ночы, і вось зараз, падаецца, ён можа страціць свой гатэль.

Нейкі час таму іх зрынула ў паніку страхавая інвэстыцыйная кампанія, паслугамі якой яны карысталіся. У апошні момант усё абышлося і ўсе яны атрымалі ў выніку свае грошы зварот. Тады сястра Лярэнца ляжала ў хосьпісу, і гэта ледзь не разьбіла ёй сэрца. Але Гасподзь міласьцівы, яна пражыла досыць доўга, каб пазнаць, што яе любы адзіны сынок Гус не збанкрутаваў. Урэшце яна памерла шчасьлівай. Коні слухала гэтую гісторыю, кусаючы вусны. Вось людзі, якіх Гары хацеў пусьціць з торбамі.

Так у чым новыя складанасьці, карцела ёй ведаць. Ну, гэта працяг старой гісторыі. Кампанія, што трапіла ў бяду, але ўрэшце сапраўды выплаціла свае пазыкі, прапанавала ім зрабіць рэінвэстыцыю на даволі вялікую суму. У якасьці падзякі за адданасьць інтарэсам кліентаў. Лярэнца меў вельмі смутнае паданьне аб падзеях, што адбываюцца, але засмучэньню яго не было мяжы. Гус дайшоў да клямкі. Гатэлю тэрмінова патрабуюцца ўдасканаленьні. Інспэктар папярэдзіў іх аб парушэньні патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, знос абсталяваньня занадта вялікі. А па багамскіх законах, кажуць, трэба выканаць безьліч папярэдніх умоў, перш як здолееш забраць грошы.

Коні, пачуўшы гэта, ледзь ня ўрэзалася ў машыну са стрэчнай паласы.

— Не маглі бы вы распавесьці мне ўсё нанава? Калі ласка, Лярэнца. — Твар у яе спалатнеў.

— Я ў фінансах ня вельмі кемлю, Канстанца.

— Можна паразмаўляць з вашым пляменьнікам? Вельмі прашу.

— Яму можа не спадабацца, што я балбачу аб ягоным бізнэсе … — Лярэнца амаль шкадаваў аб сваёй шчырасьці з гэтай добрай жанчынай.

Падчас гутаркі са зьбянтэжаным Гусам Коні прыйшлося папрасіць трохі брэндзі. Гісторыя вымалёўвалася брудная, нават брыдкая. За пяць гадоў, мінулых з таго часу, як іх укладаньні былі вернутыя, Гуса і, верагодна, шмат, шмат іншых, такіх як ён, схілілі ўкласьці грошы ў дзьве розныя кампаніі, зарэгістраваныя ў Нассау і Фрыпорце.

Са сьлязамі на вачах Коні прачытала імёны дырэктараў, Гаральд Кейн і Сабіна Кэсі. Гус і Лярэнца глядзелі на яе ў поўным зьдзіўленьні. Перш за ўсё яна выняла чэкавую кніжку і выпісала Гусу важнецкі чэк. Потым дала ім адрэсу фірмы маляроў і дэкаратараў, адрэкамэндаваўшы іх як сваіх добрых сяброў і выдатных працаўнікоў. Яна таксама запісала назву фірмы, што займаецца электрыкай, але папярэдзіла, што там яе імя згадваць ня варта.

— Але чаму вы ўсё гэта робіце, Канстанца? — Гус не разумеў, на якім ён сьвеце.

Коні паказала яму імёны ў паперах. — Гэты чалавек мой муж, гэтая жанчына яго палюбоўніца. Я шмат гадоў зачыняла вочы на іх стасункі. Мяне не хвалявала, што ён сьпіць зь ёй, але, далібог, мяне павінна было хваляваць, што з дапамогай маіх грошаў ён ашуквае годных людзей. — Яна разумела, у іх вачах яна павінна выглядаць звар'яцелай.

Гус мякка загаварыў. — Я не магу ўзяць грошы, спадарыня Кейн, не магу. Гэта занадта.

— Убачымся ў аўторак, Лярэнца. — Яна сышла.

Колькі раз па чацьвяргах яна сьпяшалася вярнуцца, у надзеі, што муж апынецца дома. І як рэдка яе надзеі спраўджваліся. Сёньняшні вечар ня быў выключэньнем. Нягледзячы на позьнюю гадзіну яна патэлефанавала старому сябру свайго бацькі, праўніку Т.П. Мэрфі. Потым адвакату. Яна прызначыла нараду на раніцу. Не было ні выбачэньняў, ні абвінавачаньняў. Іх размова скончылася а палове на дванаццатую.