— Што вы зараз будзеце рабіць? — спытала яна адваката.
— Тэлефанаваць на пляц Хакот. — Менавіта там разьмяшчаўся цэнтар па расьсьледаваньні фінансавых махлярстваў.
Ён так і не прыйшоў дахаты уначы. Ёй так і не атрымалася заснуць. Навошта яна даўно не прадала гэтую недарэчную хату. Усе дзеці жывуць ва ўласных кватэрах. Раніцай на ёй твару не было. Яна выправілася ў горад. Прыпаркавала машыну. Удыхнуўшы глыбей, паднялася па прыступках офіса свайго мужа, каб сустрэцца з тым, што пакладзе канец яго жыцьця, як ён яго сабе ўяўляе.
Яны папярэдзілі яе, справа атрымае шырокую агалоску, надзвычай нэгатыўную. Яе гэты бруд таксама кране. Ёй прапанавалі знайсьці часовае сховішча. Неяк даўно, на выпадак, калі яе маці захоча пажыць у Дубліне, яна набыла маленькую кватэрку, разьмешчаную на асобным участку непадалёк ад мора. Гэта падыдзе ідэальна. За пару гадзін туды цалкам можна будзе перавезьці яе рэчы.
— Вы маеце ўсяго некалькі гадзін, — сказалі яны ёй.
Па яе просьбе ёй падалі магчымасьць паразмаўляць зь ім без староньніх.
Ён сядзеў у сваім офісе, назіраючы, як забіраюць паперы і кампутары. — Я заўсёды імкнуўся кімсьці стаць у гэтым жыцьці, — уздыхнуў ён.
— Ты мне гэта ўжо казаў.
— Авохці! Я кажу зноўку. Калі ты вымавіў нешта двойчы, гэта неабавязкова хлусьня.
— Ты быў кімсьці. Ты заўжды быў кімсьці. Але прагнуў ты іншага. Табе карцела мець усё.
— Ведаеш, табе бы не прыйшлося рабіць гэта, калі б з табой ўсё было добра.
— Са мной заўсёды ўсё добра.
— Не, ня добра. Ты была упартай, фрыгіднай, раўнівай сьцервай. І такой засталася.
— Я ніколі не раўнавала да таго, што магла табе даць Сабіна Кэсі, ніколі.
— Навошта ж ты зрабіла гэта?
— Бо ты павёў сябе ня годна. Аднойчы табе жыцьцё папярэдзіла, ты выратаваўся. Хіба ня досыць?
— Ты нічога ня ведаеш аб мужчынах. Нічога. — Ён амаль выплюнуў тыя словы. — Ты ня толькі ня здольная даць мужчыне задавальненьне, ты сур'ёзна мяркуеш, што сапраўдны мужчына можа прымаць твае падачкі і пстрычкі па носе.
— Дзеля дзяцей ты мог бы жыць інакш.
— Сыходзь прэч, Коні.
— Яны заўсёды любілі цябе, сапраўды любілі. Яны жывуць самастойна, але ты па-ранейшаму іх бацька. Цябе твой бацька ніколі асабліва не цікавіў, але для большасьці людзей усё інакш.
— Ты мяне ненавідзіш, так? Вось ты пацешысься, калі я апынуся за кратамі.
— Не. Да таго ж ты, верагодна, доўга там не затрымаесься. Ты заўжды вылезеш сухім з вады. — Яна пакінула кабінэт.
На наступных дзьвярах красавалася медзяная таблічка зь імем Сабіны Кэсі. З гэтага офіса таксама выносілі паперы і тэхніку. У Сабіны, мабыць, не было сям'і альбо сяброў, здольных падтрымаць яе ў ліхую гадзіну. Яна сядзела ў асяродзьдзі банкіраў, праўнікаў і інспэктараў з атрада па барацьбе з махлярствам.
Коні цьвёрдай хадой выйшла за дзьверы, села ў машыну і выправілася ў сваю новую кватэру ля мора.
ЛАПІК
Падбіраючы італьянскія імёны сваім падапечным Сыньёра ня так клапаціліся аб дакладным перакладзе, як імкнулася захаваць ініцыялы. У клясе была жанчына па імі Герта. Строга кажучы, яе належала назваць Маргарэт, а дакладней Маргарэтта. Але ў такім выглядзе Герта сваё імя ніколі бы не прызнала, таму давялося пераназваць яе ў Глорыю. Новае імя да таго прыйшлося ёй па гусьце, што яна падумвала захаваць яго надалей.
Буйны мужчына са шчырым, прыязным тварам назваўся Лапік. Сыньёра марудзіла. Бессэнсоўна шукаць адпаведнасьць. Трэба прапанаваць імя, якое яму спадабаецца вымаўляць. — Лярэнца, — выгукнула яна.
Лапік натхніўся. — Так сябе завуць у Італіі ўсе, каго клічуць Лапік?
— Так, Лярэнца, — Сыньёра яшчэ раз пакатала для яго на языку тыя гукі.
— Хіба не выдатна? Лярэнца! — Лапік быў у захапленьні ад свайго імя. — Mi chiamo Lorenzo, — казаў ён зноўку і зноўку.
У 1930-м годзе, пры хрышчэньні, Лапіку далі імя Джон Мэцью Ёсіф Бірн, але ніхто ніколі не зьвяртаўся да яго інакш як Лапік, маўляў, справа залапленая. Адзіны хлопчык пасьля пяці дзяўчынак. Яго зьяўленьне азначала, што маленькай фэрме наканавана ацалець. Каб весьці гаспадарку, патрэбны мужчынскія рукі.
Але чалавек страляе, ды чорт кулю носіць.
Лапік вяртаўся са школы. Яму засталося яшчэ паўтары мілі лужын і капяжу з дрэў, калі ён убачыў ідучых насустрач сясьцёр і зразумеў, здарылася нешта жудаснае. Спачатку ён вырашыў, што бяда з Трыперам, кольлі, яго сабакам, якога ён так любіў. Можа, парэзаў лапу, альбо пацукі пакусалі.
Ён паспрабаваў уцячы ад рыдаючых дзяўчынак, але яны дагналі яго і распавялі, што маці з татам адправіліся на нябёсы, і зараз яны будуць клапаціцца аб ім адтуль.