— Яны не маглі сысьці адначасова.
Лапіку споўнілася восем, ён ведаў што да чаму. Людзі сыходзяць на неба паасобку, тады ўсе апранаюць чорнае і галосяць.
Але так здарылася. Яны загінулі на пераезду. Пхалі фурманку, што захраснула на рэйках і апынуліся пад цягніком, нават не пасьпеўшы зразумець, што адбылося. Лапік ведаў, Бог заклікаў іх да сабе, надышоў іх час, але нават праз гады ня мог зразумець, чаму Бог вылучыў менавіта такі шлях.
Здарэньне прынесла ўсім вялізнае засмучэньне і тугу. Гаротнік машыніст так і не акрыяў, яго зьмясьцілі ў вар'ятню. Людзі, якія знайшлі маці і тату, ніколі і ні з кім тое не абмяркоўвалі. Аднойчы Лапік запытаў сьвятара, чаму Божанька, раз ужо Ён жадаў іх сьмерці, не замарозіў яго маці з татам падчас моцных зімовых халадоў. Сьвятар пачухаў патыліцу і адказаў, што таямніца тая вышэй за яго разуменьне, але калі б мы разумелі ўсё, што адбываецца на зямлі, мы былі бы мудрыя, як Сам Гасподзь Бог, а гэта, вядома, немагчыма.
Старэйшая сястра Лапіка, Роўз, працавала мэдсястрой у мясцовай лякарні. Яна кінула працу і вярнулася дахаты даглядаць малых. Юнак, які заляцаўся за ёй, хутка забыў аб сваіх пяшчотных пачуцьцях, калі гэта вылілася ў шпацыр даўжынёй паўтары мілі і сустрэчы ў тлумным асяродзьдзі дзятвы ў хаце, што лягла на яе плечы.
Роўз вяла хату цьвёрдай рукой. Кожны вечар яна ўсаджвала іх на кухні і сачыла, каб усе хатнія заданьні былі зробленыя. Яна прала і цыравала іх вопратку, гатавала і прыбірала, вырошчвала гародніну і разгадоўвала курэй. Яна гадзіла на фэрму парабка, Шэя Нэйла.
Шэй пас іх невялікі статак і падтрымліваў гаспадарку на плыву. Ён езьдзіў на рынкі і кірмашы, складаў дамовы. Жыў гэты маўклівы чалавек самотна, у прыбудове ля фэрмэрскай хаты. Суседзі знаходзілі гэта слушным. Нікому не спадабалася бы, калі б найміт жыў пад адным дахам зь дзяўчынкамі і малым.
Але дзяўчынкі Бірн адна за адной пакідалі маленькую фэрму. Роўз дапамагала ім здаваць іспыты і благаслаўляла на разьвітаньне. Адна зрабілася мэдсястрой, іншая рыхтавалася стаць настаўніцай, трэцяя ўладкавалася ў Дубліне, працавала ў краме, малодшая спыніла свой выбар на Дзяржаўнай Грамадзянскай Службе.
Роўз з дапамогай манашак паставіла на ногі дзяўчынак Бірн. Усе так казалі. Але галоўнае, яна выгадавала Лапіка. Лапік, зараз ужо вялікі хлопец, шаснаццаці гадоў, амаль забыўся на сваіх бацькоў. Яму ўспаміналася толькі жыцьцё з Роўз. Клапатлівая, вясёлая сястра ніколі не лічыла яго таўкачом.
Яна гадзінамі сядзела зь ім над падручнікамі, дапамагаючы яму зацьвердзіць урок. І ніколі не злавалася, калі наступнай раніцай ён ня мог яго ўзгадаць. Калі паслухаць у школе іншых хлопцаў, Роўз лепей за любую маці.
У той год, калі Лапіку споўнілася шаснаццаць, адбылося два шлюбы. Усё гатаваньне і ўсе клопаты па зборы госьцяў для сваіх малодшых сясьцёр Роўз ўзяла на сябе. Усё прайшло цудоўна. У памяць аб тых важных падзеях на сьцяну павесілі фатаграфіі, зробленыя перад хатай, якую Шэй дбайна пафарбаваў дзеля ўрачыстасьцяў. На вясельлях Шэй, вядома, прысутнічаў, але трымаўся ў цені, як і належыць наёмнаму працаўніку.
А потым сястра Лапіка, якая працавала ў Англіі, паведаміла, што рыхтуецца да вельмі сьціплага шлюбу. Тое вызначала яе цяжарнасьць і жаданьне абмежавацца запісам у бюро рэгістрацый. Яны з Лапікам будуць шчасьлівыя прыехаць, калі гэта дапаможа ёй, напісала Роўз. У зваротным лісьце пасьля шматлікіх падзяк меліся падкрэсьленыя два разы словы, якія вызначалі, што дапамога не запатрабуецца.
А сястрычка-мэдсястра выправілася ў Афрыку. Вось Бірны і ўладкаваліся, сказалі людзі. Роўз будзе гаспадарыць на фэрме, пакуль небарака Лапік не падрасьце і ня возьме справу ў свае рукі. Блаславі яго Бог, калі гэта некалі здарыцца. Усе разумелі, галава ў Лапіка цяміць кепска. Усе, акрамя Роўз і самога Лапіка.
Зараз, калі Лапіку споўнілася шаснаццаць, яму належала патурбавацца аб падрыхтоўцы да атрыманьня атэстата аб заканчэньні сярэдняй школы, але ніхто аб тым прамовы не заводзіў.
— Далібог, Браты залёгка ставяцца да гэтых рэчаў, — аднойчы сказала яму Роўз. — Табе бы ўжо трэба ўсё расплянаваць, паўтарыць, падвучыць матэрыял, а яны ні гу-гу.
— Ня думаю, што мне трэба здаваць іспыты сёлета.
— Ну вядома сёлета. Чацьвёрты кляс. Калі ж яшчэ?
— Брат Джэралд ні словы аб тым не казаў, — захваляваўся Лапік.
— Я усё ўладкую. — Яна заўжды ўсё ўладкоўвала.
Зараз гэтай прыгожай цёмнавалосай жанчыне, вясёлай і дабразычлівай, было амаль трыццаць. Усе тыя гады яна не магла паскардзіцца на адсутнасьць цікавасьці да яе з боку мужчын. Але Роўз нікому не адказвала ўзаемнасьцю. Ёй трэба паставіць сям'ю на ногі. Калі ўсё ўладкуецца, надыдзе час падумаць і аб рамантыцы … сьмяялася яна ў адказ, не засмучаючыся з-за адносін, што спыняліся, не пасьпеўшы пачацца.