Выбрать главу

Роўз пайшла да Брата Джэралду, маленькага добрага чалавечка, які заўсёды добра казаў аб Лапіку.

— Ах, Роўз, дзетка, расплюшчы вочкі, — уздыхнуў ён. — Лапік найлепшы хлопчык з усіх, хто калісьці падымаўся на ганак гэтай школы, але глузду ў небаракі, на жаль, з жабіны прыгаршчы.

Роўз ахапіла прыкрасьць. — Бадай, вы, Брат, не разумееце, — пачала яна. — Ён такі непасрэдны і так прагне вучыцца. Мабыць кляс, у якім ён займаецца, занадта вялікі.

— Ды ён чытае, водзячы пальцам па радках, і то зь вялікай напругай.

— Тага звычка. Мы маглі бы дапамагчы яму пазбавіцца ад яе.

— Я дзесяць гадоў спрабую пазбавіць яго ад той звычкі, і ўсё дарма.

— Ну, гэта яшчэ не канец сьвету. Ён жа не праваліў ні воднага іспыту. Не было ні адной кантрольнай, якую ён напісаў бы зусім дрэнна. Ці ён атрымае атэстат? — Брат Джэралд разявіў было рот, але раздумаўся і змаўчаў. — Не, Брат, працягвайце, калі ласка. Нам няма аб чым спрачацца. Абодва мы жадаем Лапіку найлепшага. Скажыце мне ўсё. Я павінна ведаць.

— Ён ніколі не правальваў кантрольныя, бо ніколі не пісаў іх. Я не хацеў падвяргаць яго такому зьневажаньню. Хіба можна дазволіць, каб хлопчык заўжды быў горш за ўсіх?

— І чым Лапік займаўся, пакуль астатнія пісалі кантрольныя?

— Я даваў яму розныя даручэньні. Ён выдатны, надзейны юнак.

— Якія менавіта, Брат?

— Ну, прынесьці скрыні з кнігамі, падпаліць камін у настаўніцкай, аднесьці нешта на пошту.

— Так я аплачвала рахункі гэтай школы дзеля таго, каб мой брат быў тут хлопчыкам на пабягушках, я вас дакладна зразумела?

— Роўз Бірн, — вочы брата Джэралда напоўніліся сьлязамі, — табе варта зірнуць праўдзе ў твар. Аб якіх рахунках ты кажаш? Некалькі фунтаў на год. Ты выдатна ведаеш, Лапік тут шчасьлівы. Хіба гэта ня лепшае, што мы здольныя для яго зрабіць? Зразумей, няма ніякага сэнсу прымушаць яго здаваць выпускныя іспыты. Хлопчык кепска цяміць, вось усё, што я маю сказаць. Жадаў бы я, каб гэта было самае дрэннае, што я мог сказаць аб усіх хлопчыках, якіх бачыла гэтая школа.

— Што ж мне зь ім рабіць, Брат? Я спадзявалася, ён пойдзе ў сельскагаспадарчы каледж, вывучыцца фэрмэрскай справе.

— Яму тое не па зубах, Роўз, ды ён туды і ня трапіць.

— Але як жа ён будзе гаспадарыць на фэрме?

— Ня будзе ён гаспадарыць на фэрме. Ты будзеш весьці справы. Ты заўсёды тое ведала.

Яна ня ведала. Да гэтай самой хвілі.

Дахаты яна вярнулася зь цяжкім сэрцам.

Шэй Нэйл віламі шуфляваў гной да кучы. Ён павітаўся зь ёй звычайным рэзкім ківам галавы. Трыпер, стары сабака Лапіка, ветліва забрахаў. Сам Лапік чакаў ля дзьвярэй.

— Брат Джэралд сказаў аба мне нешта дрэннае? — спалохана спытаў ён.

— Ён сказаў, што ты самы надзейны хлопец з усіх, хто калісьці хадзіў у гэтую школу. — Супраць волі яна пачала размаўляць зь ім амаль як зь немаўлём і спалохалася, зразумеўшы гэта.

Але Лапік нічога не зазначыў. Яго буйны твар празьзяў. — Сапраўды?

— Так, ён сказаў, ты выдатна распальваеш камін, пераносіш кнігі і выконваеш даручэньні. — Яна імкнулася мовіць нязмушана, без гаркаты.

— Ну, большасьці зь іх ён не давярае, а мне давярае. — Лапік ганарыўся сабою.

— У мяне трошкі баліць галава, Лапік. Ты ня мог бы прынесьці мне кубак гарбаты і лусту хлеба і Шэю таксама прыгатаваць гарбату?

— Зрабіць яму лусьцік зь вяндлінай і памідорам?

— Так, было б выдатна.

Яна паднялася наверх і лягла ў ложак. Як яна раней не прымячала, які ён? Ці адчувалі бацькі, што зь ім нешта кепска?

Гэтага ёй ніколі не пазнаць. Што ж зараз, яна ніколі ня выйдзе замуж? Ёй маецца жыць тут з сваім разумова адсталым братам і наймітам, зь якога слова ня выцягнеш? І ніякага прасьвету наперадзе.

Кожны тыдзень яна пісала ліст адной зь сясьцёр, дык раз на месяц кожная атрымлівала ад яе вестку. Зараз лісты даваліся ёй з напругай. Ці разумеюць яны, што ў іх брата кепска з галавой? Яны заўжды дзякавалі і хвалілі яе. Няўжо за тое, што яна прысьвяціла ўсё сваё жыцьцё дагляду за ім? Яна паняцьця ня мела, што гэта так. Ёй падавалася, з-за няшчаснага выпадку прыйдзецца ахвяраваць колькі год сваёй маладосьці, сваёй прафэсійнай кар'еры. Яе захлынула туга. Навошта бацькі пхалі гэтую чортаву фурманку, чаму ня кінулі яе і ня выратаваліся самі?

У пляменьніцы дзень народзінаў. Яна паклала ў канвэрт паштоўку і дзесяць шылінгаў, і раптам зразумела, што з пункту гледжаньня астатніх яна атрымала за сваю фатыгу нядрэннаю ўзнагароду. Як жа, яна мае фэрму. Калі б яны толькі ведалі, да чаго гняце яе тая фэрма. Яна аддала бы яе першаму стрэчнаму, калі б ведала, што Лапік будзе мець тут шчасьлівую хату да сканчэньня свайго жыцьця.