Кожнае лета ў горадзе праходзіў кірмаш з зáбаўкамі. Роўз з Лапікам выправіліся туды ў нядзелю. Яны пракаціліся на каруселі, паскокалі на батутах. У цягніку з прывідамі Лапік хапаў яе за руку і крычаў ад жаху, але потым папрасіў шылінг праехаць іншы разок. Яна сустрэла шмат знаёмых, усе зь цеплынёй віталі яе. У горадзе Роўз Бірн захапляліся. Зараз яна разумела, чаму. Іх уражвала, што яна паставіла крыж на сваім жыцьці.
Яе брат быў на вяршыні асалоды.
— Мы можам выдаткаваць грошы за яйкі? — спытаў ён.
— Ня ўсе.
— Хіба можна выдаткаваць іх лепш, як на кірмашы? — зьдзівіўся ён і яна прапанавала яму пайсьці да намёту Тры Кольцы і выйграць для яе статую Сьвятога Сэрца. Ён прынёс ёй сваю выйгранку, разьдзімаючыся ад гонару.
Голас у яе за сьпіной вымавіў: — Я адвязу статую на фэрму, каб вам не цягацца зь ёй цэльны дзень. — Гэта быў Шэй Нэйл. — Пакладу яе на багажнік ровара, — прапанаваў ён.
Вельмі любасна зь яго боку. Грувасткая статуя, нядбайна загорнутая ў газэту, важка адцягвала рукі.
Роўз з падзякай усьміхнулася. — Вы цудоўны хлопец, Шэй. Заўжды аказваецеся менавіта там, дзе вы патрэбный.
— Дзякуй, Роўз.
Нешта было ня так зь ягоным голасам. Падаецца, ён выпіў. Яна ўважліва зірнула на яго. Адылі, чаму бы і не? Сёньня ў яго выходны. Калі ён жадае выпіць, гэта ягоная справа. Жыцьцё ў яго не занадта вясёлае. Жыве адзін у прыбудове, раскідвае гной, доіць кароў. Сяброў нямае, блізкіх сваякоў, колькі яна ведае, таксама. Можа, трохі віскі ў вольны дзень яго адзіная ўцеха.
Яна прайшла наперад і паказала Лапіку прадказальніцу будучыні: — Паспрабуем шчасьця?
Яго палохала, што яна захоча сысьці дахаты. На кірмашы так файна. — Хачу, хачу. Хай прадкажа мне будучыню, — прысьпешыўся ён. Цыганка Эла марудліва разглядала яго далонь. Яна ўбачыла выдатныя посьпехі ў гульнях і ў спорце, доўгае жыцьцё, працу зь людзьмі. І падарожжа. Падарожжа праз мора. Роўз ўздыхнула. Усё ішло так цудоўна. Навошта ёй спатрэбілася згадваць падарожжа? Патрапіць замежжа Лапік зможа хіба што зь ёй. А гэта выглядае занадта малаверагодным.
— Зараз ты, Роўз, — папрасіў ён.
Цыганка Эла, задаволеная, падняла на яе вочы.
— Але мы ведаем мой лёс, Лапік.
— Ведаем?
— Мне маецца рупіцца аб фэрме разам з табой.
— Але я буду сустракацца зь людзьмі і адпраўлюся вандраваць праз мора.
— Так, сапраўды, — пагадзілася Роўз.
— Дай сваю руку, Роўз, калі ласка. — Ён нават падскокваў ад нецярпеньня.
Цыганка Эла прыкмеціла на далоні Роўз замужжа на працяг года, адно дзіця і вялізнае шчасьце.
— А я паеду праз мора? — спытала яна больш зь ветласьці.
— Не, — цыганка Эла ня бачыла падарожжа для Роўз. Яна бачыла некаторыя заганы са здароўем, але не даўгія. Дзьве з паловай кроны былі аддадзены і перш як сысьці дахаты, яны яшчэ зьелі па марозіву. Дарога зварот падалася доўгай. Яе пацешыла, што не прыйшлося цягнуць з сабою статую.
Перад сном Лапік усё балбатаў аб выдатным дні і аб тым, як ён не спалохаўся цягніка з прывідамі. Роўз глядзела на агонь і думала аб цыганцы Элы. Што за дзіўнае жыцьцё, увесь час рушыць з горада ў горад з аднымі і тымі людзьмі. Магчыма, яна замужам за гаспадаром каруселі.
Лапік выправіўся ў ложак з коміксамі, што яна набыла яму, а Роўз паспрабавала ўявіць, што робіцца на кірмашы зараз. Хутка зачыняць. Разнаколерныя агні згаснуць, людзі разыдуцца па сваіх вагончыках. Трыпер мякка пахрапваў, ляжачы ля каміну. Лапік засыпаў наверсе. На вуліцы сьцямнела. Роўз падумала аб замужжы, аб адзіным дзіцяці, аб слабым здароўі напрыканцы жыцьця. Яны павінны пакласьці канец паданьням такога кшталту. Некаторыя людзі досыць дурныя, каб даць ім веры.
Уначы яна прачнулася ад недахопу паветра. Зьверху яе прыціснула нешта цяжкае. У жаху паспрабавала яна вызваліцца. Звалілася шафа? Абрынулася страха? Калі яна пачала крычаць, яе вусны закрыла нечыя рука. Пах віскі. У гэты момант яна з балючай выразнасьцю зразумела, што Шэй Нэйл у яе ложку наваліўся на яе ўсёй сваёй вагай.
Зь вялізнай напругай вызваліла Роўз галаву ад яго рукі. — Калі ласка, Шэй, — шапнула яна. — Калі ласка, ня трэба.
— Ты тага прагнеш, — ён, сапучы, імкнуўся рассунуць ёй ногі.
— Шэй, не. Я не жадаю, каб ты гэта рабіў. Шэй, сыдзі зараз і забудзем аб гэтым выпадку.
— Чаму тады шэпчаш? — Ён таксама перайшоў на шэпт.