— Бо баюся абудзіць Лапіка, напалохаць яго.
— Не, таму што мы можам гэта рабіць, вось чаму, таму ты не жадаеш яго будзіць.
— Я дам табе ўсё што захочаш.
— Не, зараз прамова аб тым, што я зьбіраюся даць табе. — Ён быў хмулаты, ён быў цяжкі, ён быў занадта моцны для яе. Ёй мелася вылучыць адно з двух. Альбо паклікаць Лапік і апынуцца перад ім у такім выглядзе, начная сарочка разьдзёртая, цела распрастаная. Ці дазволіць Шэю давяршыць пачатае. Роўз ўпадабала другое.
Наступнай раніцай яна папрала ўсе пасьцельныя рэчы, спаліла сарочку і адчыніла вокны ў спальні.
— Шэй прыходзіў уначы наверх, — сказаў Лапік за сьняданкам.
— Чаму ты так вырашыў?
— Статуя, што я выйграў для цябе, стаіць на лесьвічнай пляцоўцы.
— Дакладна, — пагадзілася Роўз.
Яна пачувалася скатаванай і спустошанай. Яна загадае Шэю сысьці. Лапік пачне задаваць бясконцыя пытаньні. Ёй прыйдзецца выдумляць нейкія казкі, каб схаваць усё ад яго, і ад суседзяў таксама. Потым яе ахапіла злосьць. Чаму яна, Роўз, цалкам бязьвінная ва ўсім гэтым, павінна прыдумляць апраўданьні, тлумачэньні? Больш няшчырай гісторыі яна ў жыцьці ня чула.
Раніца мінула як звычайна. Яна прыгатавала Лапіку лусьцікі і ён адправіўся ў школу, як зараз ёй было вядома, выконваць даручэньні настаўнікаў. Яна сабрала яйкі, пакарміла курэй. Увесь гэты час вецер паласкаў на матузу прасьціны і навалачкі. Коўдра ляжала на загарадзі.
Так павялося, на сьняданак Шэй піў гарбату з хлебам з маслам у сваім закутку. Толькі пачуўшы гарадзкія званы ён мыў рукі і твар ля помпы на двары і ішоў у хату паесьці. Калісьці на абед было мяса, калісьці поліўка. Але заўжды рондаль буйнай рассыпістай бульбы, гарлач з вадой на стале і кубак гарбаты. Пасьля ежы Шэй мыў за сабою посуд.
Цалкам бязрадаснае мерапрыемства. Часам Роўз чытала за абедам, бо суразмоўца з Шэя быў ні да чаго ня варты. Сёньня яна нічога не варыла. Калі ён прыйдзе, яна загадае яму сысьці з фэрмы. Але званы празванілі, а ён не прыйшоў. Яна ведала, што ён працуе. Чуваць было, як дашлі на дойку каровы, як уключалася маслабойка.
Зараз яе ахапіў жах. А калі ён зноў накінецца на яе? Раптам ён успрыняў тое, што раніцай яму не паказалі на дзьверы, як заахвочваньне? Ён і яе пасіўнасьць уначы мог расцаніць як заахвочваньне, тады як адзінай яе мэтай было абгарадзіць Лапіка ад незразумелых яму рэчаў. Нармалёвы шаснаццацігадовы хлопец разабраўся бы ў здарэньні, але Лапік ня быў нармалёвым.
Да двух гадзін яна ўжо месцы сабе не знаходзіла. Каб Шэй не прыйшоў паабедаць, такога ніколі не здаралася. Няўжо ён чакае яе дзесьці, каб накінуцца і зноў згвалтаваць? Хай толькі паспрабуе. Бог сьведка, гэтым разам яна пастаіць за сябе. Адразу за прызбай ляжаў кій з цьвікамі, якім здымалі са страхі сукі і галінкі. Менавіта тое, што трэба. Яна занесла яго ўнутр і села за кухенны стол, спрабуючы сплянаваць свае дзеяньні.
Дзьверы ціха адчыніліся і ён зьявіўся на кухні перш, як яна пасьпела апамятацца. Яна ірванулася да сваёй зброі, але ён адштурхнуў кій прэч. Твар у яго быў зьбялелы, адамаў яблык ходырам хадзіў па шыі. — Тое, што адбылося ўчора, не павінна было здарыцца, — сказаў ён. Яе ўсю трэсла. — Я быў вельмі п'яны. Мне нельга шмат піць. Гэта ўсё віскі.
Яна шукала словы, што прымусілі бы яго сысьці зь іх жыцьця. Прыдатную фразу аб звальненьні, пасьля якой ён не накінецца на яе нанава. Але язык не жадаў ёй падпарадкоўвацца. Яны абвыклі да маўчаньня. Гадзіны, дні, тыдні яе жыцьця прайшлі на гэтай кухні побач з Шэям Нэйлам, і ні словы не было сказана. Але сёньня ўсё зьмянілася. Спуд і памяць аб жаху мінулай ночы стаялі паміж імі. — Мне б карцела, каб мінулай ночы не было, — вымавіў ён урэшце.
— Мне таксама, Бог сьведка, мне таксама. Але зробленага ня вернеш … — Вось зараз яна ўсё скажа, прагоніць яго зь іх фэрмы.
— Але зробленага ня вернеш, — падхапіў ён, — мне ня варта зараз абедаць з табой у тваёй хаце. Цяпер я буду варыць сабе сам, у прыбудове. Так будзе лепш.
Ён насамрэч зьбіраўся застацца пасьля таго, што адбылося паміж імі. Самы інтымны і жахлівы зьдзек, што толькі можна зьдзейсьніць над іншым чалавекам, гэты вар'ят спадзяваўся загладзіць сьмяхотнымі зьменамі ў раскладзе сілкаваньня.
Яна загаварыла мякка і вельмі асьцярожна. Нельга, каб яе голас гучаў спалохана. — Не, Шэй, тага нядосыць. Мусібыць, табе лепей сысьці. Нам нялёгка будзе забыць тое здарэньне. Знайдзі сабе іншае месца.
Ён зірнуў на яе зь недаверам. — Я не магу сысьці.
— Ты знойдзеш нешта іншае.
— Я не магу сысьці, я кахаю цябе.
— Не чаўпі. — Зараз яна раззлавала і шчэ больш спужалася. — Ты не кахаеш мяне. Тое, што ты зрабіў, ня мае нічога агульнага з каханьнем.