Выбрать главу

— Я ж кажу, гэта ўсё віскі. Але я кахаю цябе.

— Сыходзь, Шэй.

— Я не магу кінуць цябе. Што будзе з табой і з Лапікам, калі я сыду?

Ён павярнуўся і выйшаў з кухні.

— Чаму Шэй не прыйшоў абедаць? — спытаў Лапік у суботу.

— Ён сказаў, што хоча абедаць у сябе. Ты ж ведаеш, Шэй мармоль, — адказала Роўз.

З таго самога дня яна не размаўляла з Шэем. Праца ішла сваёй чаргой. Загарадзь вакол фруктовага саду была папраўленая. На кухенныя дзьверы ён прымайстраваў новую засаўку. Зараз можна было замыкацца на ноч знутры.

Трыпер, стары сабака, паміраў.

Лапік не знаходзіў сабе месцы ад гора. Ён трымаў галаву сабакі на каленах і імкнуўся даць яму з лыжачкі хоць глыток воды. Часам, абхапіўшы шыю сабакі рукамі, ён пачынаў плакаць. — Ачуньвай, Трыпер. Не магу чуць, як ты дыхаеш.

— Роўз? — у першы раз за ўсе гэтыя тыдні Шэй зьвярнуўся да яе.

Яна скаланулася. — Што?

— Бадай, мне трэба забраць Трыпера да палетка і застрэліць яго. Як ты лічыш? — Яны абодва паглядзелі на сабаку, які задыхаўся.

— Мы ня можам зрабіць так, не сказаўшы Лапіку. — У гэты дзень Лапік сышоў у школу, паабяцаўшы Трыперу набыць біфштэкс. На зваротным шляху ён зазірне ў ятку. Сабака ўжо ня мог нічога есьці, але Лапік не жадаў у гэта верыць. Раптам кавалачак мяса падніме яго ўлюбёнца на ногі.

— Тады я спытаю яго?

— Спытай.

Ён адышоў. Увечар Лапік вырыў магілу для Трыперу і яны прынесьлі яго на далёкі ўскраек палетка. Шэй прысунуў стрэльбу да галавы сабакі. У сэкунду ўсё было скончана. Лапік зрабіў маленькі драўляны крыж і яны ўтрох пастаялі ў маўчаньні вакол невялікага капца. Потым Шэй выправіўся ў свой закутак.

— Ты такая ціхая, Роўз, — сказаў Лапік. — Думаю, ты любіла Трыпера ня менш за мяне.

— Ну вядома, — адказала яна.

Але Роўз была пагружаная ў сябе па іншым чыньніку. Яе бянтэжыла затрымка находу. Раней такога не здаралася.

Паводзіны сястры турбавалі Лапіка ўвесь наступны тыдзень. Нешта зь ёй вельмі блага. Справа тут мусібыць ня толькі ў Трыперы.

У Ірляндыі пяцідзесятых гадоў перад ёй адчыняліся тры шляхі. Яна магла нарадзіць дзіця і працягваць жыць на фэрме. Аганьбаваная жанчына, аб якой гадамі будзе гавэндаць парафія. Магла прадаць фэрму і рушыць кудысьці разам з Лапікам, пачаць новае жыцьцё ў незнаёмым месцы. Магла прыцягнуць Шэя Нэйла да сьвятара і павянчацца зь ім.

Усе тыя магчымасьці мелі свае заганы. Ёй была нясьцерпная думка аб зьмене статусу пасьля ўсіх гэтых гадоў. Стаўшы маці-адзіночкай яна ператворыцца ў аб'ект плётак і жалю. Зь яе бяскрыўднымі нешматлікімі задавальненьнямі, накшталт візытаў у горад, кубачка кавы ў карчме пры гасьцініцы, гутарак з суседзямі пасьля імшы, будзе скончана. Яе пачнуць цурацца, Лапік будзе саромецца. Але ці здолее яна прадаць фэрму і зьехаць пры такіх акалічнасьцях? Фэрма прыналежыць ім усім, яе чатыром сёстрам у тым ліку. Што адчуюць яны, пазнаўшы, што яна забрала выгандлеваныя грошы і перасялілася з Лапікам і байструкам у Дублін?

Яна пабралася шлюбам з Шэям Нэйлам.

Лапік быў шчасьлівы. Больш за ўсё яго радавала пэрспэктыва стаць дзядзькам. — Малы будзе клікаць мяне дзядзька Лапік? — хацеў ён ведаць.

— Як ты пажадаеш, — усьміхалася ў адказ Роўз.

Шэй Нэйл зараз спаў у спальні Роўз, у астатнім у хаце амаль нічога не зьмянілася. Хіба што Роўз радзей звычайнага хадзіла ў горад. Можа стамлялася хутчэй, можа страціла цікавасьць да сустрэч з знаёмымі. Лапік ня ведаў. Яна радзей пісала сёстрам, хоць тыя сталі пісаць ёй часьцей. Іх уразіў гэты шлюб. І адсутнасьць вялікага застольля накшталт тых, што Роўз ўладкоўвала для іх. Яны прыехалі і з пачуцьцём няёмкасьці паціснулі Шэю руку. Ня вынесьлі яны нічога зразумелага і з гутарак са старэйшай сястрой.

А потым нарадзіўся малы, дужае, здаравенькае дзіця. Хросным бацькам стаў Лапік, хроснай маці спадарыня Нолан — гаспадыня гасьцініцы. Пры хрышчэньні хлопчыку далі імя Аўгуст. Хатнія яго звалі Гусам. Калі Роўз ўпершыню ўзяла на рукі свайго сына, усьмешка вярнулася на яе твар. Лапік душы ня чуў у пляменьніку і няньчыўся зь ім бяз стомы. Шэй быў з малым такі ж маўчун і сугней, як і з ўсімі астатнімі. Дзіўнае сямейства паволі прыціралася адно да аднаго.

Лапік пачаў працаваць у гасьцініцы спадарыні Нолан. Лепшага памагатага ў яе ніколі не было, казала спадарыня Нолан. Яму кожная справа па плячу. Бяз Лапіка яны бы пэўна загінулі.

Маленькі Гус навучыўся хадзіць і, гойдаючыся, клыпаў па двары за куранятамі, а Роўз, стоячы ў дзьвярах, захаплялася ім. Шэй заставаўся нязьменна панурым. Часам па начах Роўз цішком назірала за ім. Ён падоўгу ляжаў з адчыненымі вачыма. Аб чым ён меркаваў? Ці быў ён шчасьлівы ў гэтым шлюбе?