Выбрать главу

Сэксам яны практычна не займаліся. Спачатку замінала яе цяжарнасьць. Але пасьля нараджэньня Гуса яна сказала яму вельмі шчыра: — Мы з табой муж і жонка, трэба забыцца на мінулае і жыць нармалёвым сямейным жыцьцём.

— Гэта слушна, — пагадзіўся ён. Зрэшты, без усякага запалу.

Да свайго зьдзіўленьня Роўз выявіла, што, нягледзячы на ўспаміны аб той жахлівай ночы, не выпрабоўвае да яго ні страху, ні агіды. Фактычна яны былі блізкія лічаныя разы. Ён заўжды баяўся, дзейнічаў жудасна ніякавата, маўчаў. Зрэшты, гутаркі на любы тэмат даваліся яму цяжка.

Яны не трымалі ў хаце сьпіртнога, за выключэньнем пачатай пляшкі віскі на верхняй паліцы кухеннай шафы на выпадак крайняй неабходнасьці. Напрыклад, намачыць вату, калі хтосьці захварэе на зубы. П'яная ўтрапёнасьць той ночы ніколі ня згадвалася паміж імі. Роўз імкнулася выцесьніць з галавы падзеі, што больш нагадвалі жахлівы сон. Яна нават не задумвалася, што менавіта яны прывялі да нараджэньня Гуса, дзіцяці, які прынёс ёй больш шчасьця, як магла яна ўявіць у найсьмелых мроях.

Таму калі Шэй вярнуўся з кірмашу п'яны амаль да страты здольнасьці варушыць языком, яна апынулася да тага цалкам не гатовая. Узвар'яваны яе заўвагай, ён выхапіў са штаноў дзягу і выцяў яе. Гэта ўзрушыла яго і ён кінуўся на яе дакладна як той ноччу, аб якой яна намагалася забыць. Былы жах і агіда ахапілі яе. І хоць зараз яна ведала яго цела, сама жадала яго, гэта было жудасна. Яна ляжала на сваім ложку ўся ў сіняках, вусны пабітыя да крыві.

— Заўтра высакародная пані ня зможа прыйсьці і загадаць мне складаць рэчы і выбірацца. Ня гэтым разам. Зараз я твой муж. — Ён адвярнуўся і захроп.

— Што здарылася, Роўз? — устрывожыўся Лапік.

— Звалілася з ложку сонная, і разьбіла галаву аб столік поруч пасьцелі.

— Я папрашу лекара зазірнуць да цябе, калі буду ў горадзе? — Лапік ніколі ня бачыў такіх сінякоў.

— Не, Лапік, усё добра, — сказала яна і далучылася да жонак, якія трываюць лютасьць, бо гэта прасьцей, чым ёй супрацьстаяць.

Роўз спадзявалася на другое дзіця, сястрычку для маленькага Гуса. Не атрымалася. Як дзіўна, цяжарнасьць можа апынуцца вынікам адзінай ночы гвалту і не настае пасьля шматлікіх месяцаў таго, што завецца нармалёвым сямейным жыцьцём.

Спадарыня Нолан з гасьцініцы зьвярнула ўвагу лекара Кені на падазрона частыя падзеньні і ўдары Роўз.

— Ведаю, я бачыў яе.

— Яна кажа, што стала нязграбнай, але мне ў тое слаба верыцца.

— Я таму веры таксама ня шмат даю, спадарыня Нолан, але што я магу зрабіць? — Ён досыць доўга жыў на сьвеце, каб зазначыць, колькі жанчын кажуць аб нязграбнасьці, што зьявілася зьнянацку, і выпадковых падзеньнях.

Па дзіўнай заканамернасьці адбывалася гэта часьцей за ўсё ў тыя дні, калі ў горадзе меліся кірмашы. Будзь яго воля, лекар Кені забараніў бы продаж трункаў на кірмашах. Але хто паслухае старога вясковага лекара, які павінен здавольвацца драбкамі інфармацыі аб здарэньнях.

Лапіку падабаліся дзяўчыны, але посьпехам у іх ён не карыстаўся. Яму патрэбны вастраносыя чаравікі і гладкая фрызура, сказаў ён Роўз, тады дзяўчыны яго пакахаюць. Яна набыла яму вастраносыя чаравікі і намаглася ўпарадкаваць валасы, але гэта не спрацавала.

— Лічыш, я некалі ажанюся, Роўз? — спытаў ён неяк увечары. Шэй зьехаў у іншы горад купляць быдла. Гус заснуў у прадчуваньні школьнага жыцьця, якое пачнецца заўтра. Роўз і Лапік сядзелі ля каміна, дакладна як у ранейшыя часы.

— Ня ведаю, Лапік. Я, шчыра кажучы, і сама не разьлічвала выйсьці замуж, але памятаеш, тая варожка, да якой мы хадзілі шмат гадоў таму, наваражыла мне замужжа ў найблізкі год. Так і здарылася. Хоць я і не чакала нічога падобнага. Яшчэ яна сказала што ў мяне будзе дзіця, якое зробіць мяне шчасьлівай, але я і ўявіць не магла, што ўсё так і атрымаецца. Табе яна абяцала працу, зьвязаную са шматлікімі сустрэчамі зь людзьмі. Так яно і ёсьць у гасьцініцы. І падарожжа праз мора, і посьпехі ў спорце, дык ўсё гэта цябе чакае. Яна весела ўсьміхнулася брату, нагадваючы аб прыемных яму рэчах, абыходзячы маўчаньнем паабяцаныя цыганкай Элай ёй самой хваробы. Калі гэта яшчэ будзе.

Калі гэта здарылася, дык здарылася цалкам нечакана. Не было ў горадзе кірмашу, не чакалася ніякай п'янкі, ніякіх рэк віскі сярод мужчын, якім выпіўка была адзінай уцехай. Гэтай ноччу яна не сьцераглася яго вяртаньня, вось чаму яе так шакаваў яго п'яны твар, каламутны расплывісты позірк, перакошаны рот.

— Не глядзі на мяне так, — адразу завёўся ён.