Выбрать главу

— Я наогул на цябе не гляджу.

— Глядзіш, перац цябе ў вочы. Яшчэ як глядзіш!

— Набыў цялятаў?

— Ты зараз атрымаеш цялятаў, — выгукнуў ён, адпярэзваючы пас.

— Не, Шэй, не. Я проста размаўляю з табой. Ні ў чым цябе не папракаю. НЕ! — вырваўся зь яе грудзей крык замест звычайнага ўмольнага шэпту, якім яна размаўляла з гэтым вар'ятам, імкнучыся ўсьцерагчы брата і сына ад такіх сцэн.

Крык яшчэ больш узрушыў яго. — Распусьніца. Брудная паскудніца. Табе вечна бракуе, у гэтым заўсёды былі тваі заганы, нават калі ты не была мужней жонкай, набрыдзь. — Ён таргануў пасам і выцяў яе па плячах, потым па галаве.

Тагачас яго штаны зваліліся на падлогу. Ён ірвануў на ёй сарочку. Яна кінулася да крэсла, спрабуючы абараніцца, але ён апынуўся там раней, грукнуў крэслам аб сьпінку ложка і рушыў да яе з абломкам у руцэ.

— Не, Шэй, дзеля Бога, ня трэба. — Яна забыла, што яе могуць пачуць. У дзьвярах зьявіўся маленькі спалоханы Гус, ад страху запхнуўшы ў рот палец, ззаду яго застыў Лапік. Абодвух, абуджаных лямантам, прыкавала да месца сцэна, што адчынілася іх вачам. — Дапамажы, Лапік, дапамажы мне! — выгукнула Роўз раней, чым усьвядоміла, што робіць. І убачыла, як вялізная рука Лапіка адцягнула Шэя за карак.

Гус заекатаў ад жаху. Роўз прыкрылася разьдзёртай начной сарочкай і, не зьвяртаючы ўвагі на кроў, што лілася зь ілба, кінулася падхапіць сына на рукі.

— Ён сам ня свой, — зьвярнулася яна да Лапіка, — не разумее, што робіць. Замкнем яго недзе.

— Татачка, — плакаў Гус.

Шэй вырваўся і рушыў да маці зь дзіцем. У руцэ ён дагэтуль сьціскаў ножку ад крэсла.

— Лапік, запрамілы Бог, — узмалілася яна.

Шэй зірнуў на Лапіка. Гэты буйны хлопец у нерашучасьці спыніўся сярод пакоя, абціраючы чырвоны, змоклы ад спуду твар.

— Ну дык, пані Роўз, у вас выдатны абаронца. Гарадзкі вар'ят у бялізьне, адна любата. Вясковы ідыёт мае намер уступіцца за сваю сястрычку. Гэй, Лапік, ты ж вялікі хлопчык, джвагні мяне. Гваздані мяне, гаматны кныр. Га!? — Востры бок залому ператвараў ножку крэсла ў яго руцэ у небясьпечную зброю.

— Стукні яго, Лапік, — крыкнула Роўз, і цяжкі кулак Лапіка абрынуўся на сківіцу Шэя. Падчас падзеньня Шэй заваліўся на мармуровы рукамыйнік. Раздалося храбусьценьне і Шэй застаўся ляжаць з шырока расплюшчанымі вачыма. Роўз мякка апусьціла Гуса на падлогу, малы спыніў ёкат. Нейкі час усе маўчалі.

— Думаю, ён памёр, — вымавіў Лапік.

— Ты зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. — Лапік зь недаверам паглядзеў на яе. Яму падавалася, ён зьдзейсьніў нешта жудаснае. Ён занадта моцна стукнуў Шэя, выбіў зь яго дух. Роўз часта папярэджвала яго: — Сувымярай сваю сілу, Лапік, лягчэй з тым ці з гэтым. — Але гэтым разам яна ні словы не сказала яму ў папрок. Тое, што здарылася, не зьмяшчалася ў ягонай галаве. Ён адхіснуўся ад расхінутых вачэй на падлозе.

Роўз памяркоўна загаварыла. — Зараз, Лапік, табе трэба апрануцца і на ровары паехаць у горад, сказаць лекару Кені, што гарапашнік Шэй зваліўся і стукнуў галаву. Ён пакліча айца Махера, потым яны прывязуць цябе зварот.

— А мне сказаць … ?

— Ты скажаш, што чуў крыкі, і што Шэй зваліўся, а я папрасіла цябе паехаць за лекарам.

— Але ён не … Лекар Кені здолее … ?

— Лекар Кені зробіць, што зможа, а потым заплюшчыць беднаму Шэю вочы. А зараз, Лапік, калі ласка, апранайся і едзь.

— З табой усё будзе добра, Роўз?

— Я буду ў парадку, і Гус у парадку.

— Я у парадку, — засьведчыў Гус, па-ранейшаму не вымаючы палец з рота і не адпускаючы руку маці.

Лапік ехаў скрозь цемру, не разьбіраючы шляху. Сьвятло фары ровара мацала па жахлівых начных ценях і абрысах.

Лекар Кені і айцец Махер прымацавалі яго ровар на дах лекарскай машыны. Яны засьпелі Роўз вельмі спакойнай. Яна апранула чорную спадніцу зь белай кашуляй, сьціплую цёмную кофту і зачасала валасы на ілоб, каб прыхаваць рану. У каміне ярка гарэў агонь, ад разламанага крэсла застаўся толькі попел. Зараз ні адна душа ня ўбачыць, што яго можна было выкарыстаць у якасьці зброі. Са зьбялелым тварам падрыхтавала яна імбрык для гарбаты і сьвечкі для Апошняй Прычасьці.

Сьвятар загадаў Лапіку і Гусу памаліцца разам з Роўз. Было выпісана пасьведчаньне аб сьмерці. Відавочны няшчасны выпадак з нагоды алкагольнай інтаксыкацыі. Раніцай прыйдзе жанчына абмыць цела. Былі выказаныя і прынятыя фармальныя спачуваньні. І лекар і сьвятар ведалі, шлюб гэты быў змушаны, без каханьня. Гаспадыня хаты зацяжарала ад найміта. Шэй Нэйл ня ўмеў піць, тое ўсім вядома.

Лекар Кені не зьбіраўся высьвятляць, як зваліўся Шэй. Не зьбіраўся ён абмяркоўваць і сьвежую кроў на твары Роўз. Пакуль сьвятар займаўся сваёй справай, доктар выцягнуў сакваяж і, не чакаючы просьбы, вывучыў і апрацаваў рану. — Усё будзе добра, Роўз, — вымавіў ён. І яна ведала, казаў ён ня толькі аб ране ў яе на ілбу. Ён меў на ўвазе ўсё разам.