Выбрать главу

— Ня варта, Лапік, нам ня дзеля каго разводзіць там агонь. — Мэгі была вельмі добрая да стрыя свайго мужа, заўжды імкнулася даць яму адчуць, якое важнае месца займае ён у хаце.

— Можа нам з табой пайсьці вонкі, Роўз? Я апрану дошку-сандвіч з назвай гатэля, ты будзеш раздаваць мінакам рэклямкі. — Яму так карцела дапамагчы.

— Не, Лапік. Гэта гатэль Гуса і Мэгі. Яны высоўваюць ідэі, яны іх зьдзяйсьняюць. Хутка тут яблыку будзе няма дзе зваліцца.

І сапраўды, неўзабаве ад пастаяльцаў адбою ня стала.

Маладая пара завіхалася дзень і ноч. Паволі зьяўляліся сталыя кліенты. Сваімі аповедамі яны прыцягвалі новых пастаяльцаў, у асноўным з поўначы. Замежным кліентам з кантынэнту Мэгі уручала картку з надпісам: «У нас ёсьць сябры, якія размаўляюць на францускім, нямецкім, італьянскім».

Гэта была чыстая праўда. Яны ведалі немца пераплётчыка, француза, які выкладаў у школе для хлопчыкаў, і італьянца, што гандляваў чыпсамі. Пры неабходнасьці тыя людзі неадкладна адшукваліся па тэлефоне і перакладалі ўсё, што трэба.

Гус з Мэгі абзавяліся двума дзеткамі, падобнымі да анёлаў маленечкімі дзяўчынкамі, і Роўз лічыла сябе адной з найшчасных жанчын у Ірляндыі. Па нядзелях з раніцы яна разам з унучкамі выпраўлялася карміць качак у Сэнт Стэфан Грын.

Адзін з пастаяльцаў пацікавіўся ў Лапіка, ці няма паблізу більярднай залі, і Лапік, заўжды гатовы дапамагчы, адшукаў адну.

— Згуляй са мной разок, — папрасіў гэты чалавек, самотны бізнэсмэн зь Бірмінгема.

— Баюся, сэр, я ня здолею, — засаромеўся Лапік.

— Я табе пакажу.

І ў яго атрымалася. Спраўдзілася прадказаньне. Лапік апынуўся прыроджаным снукерыстам. Чалавек зь Бірмінгема ня даў веры, што ён упершыню трымае кій у руках. Ён вывучыў парадак. Жоўты, зялёны, карычневы, сіні, ружовы, чорны. Ён укладваў шары ў люзы лёгка і стыльна. Сабраўся натоўп гледачоў.

Вось яны, абяцаныя варажбіткай посьпехі ў гульнях і спорце.

Ён ніколі не гуляў на грошы. Іншыя людзі ставілі на яго, але яму заробак даваўся занадта цяжка, і ўсе яны патрабаваліся ў ім, Роўз, Гус, Мэгі, малыя. Але ён выйграваў спаборніцтвы, яго фатаграфіі друкаваліся ў газэтах. Яго запрасілі у снукерны клюб. Ён стаў мясцовай знакамітасьцю.

Роўз з задавальненьнем назірала за тым. Яе брат нарэшце стаў самавітай асобай. І ня трэба прасіць сына даглядзець Лапіка пасьля яе сьмерці. Няма неабходнасьці. Яна ведае, Лапік да апошняга дня будзе жыць з Гусам і Мэгі.

Яна зрабіла альбом выразак яго снукерных трыюмфаў і часам яны разам праглядалі яго. — Шэй ганарыўся бы ўсім гэтым, як ты лічыш? — спытаў Лапік неяк ўвечары. Зараз ён быў сталым мужчынам і ні разу за ўсе гэтыя гады ён не замаўляў аб сьмерці Шэя Нэйла. Чалавека, забітага ім аднойчы уначы зруйнавальным ударам.

Роўз скаланулася ад нечаканасьці. — Думаю, ён мог бы ўзрадавацца, — памяркоўна загаварыла яна. — Але ведаеш, зь ім немагчыма было зразумець, як ён ліча насамрэч. Гаварыў ён мала. Хто ведае, якія думкі блукалі ў яго галаве.

— Чаму ты выйшла за яго, Роўз?

— Каб стварыць дом для ўсіх нас.

Такое тлумачэньне, мабыць, задаволіла Лапіка. Колькі Роўз ведала, сам ён больш не падумваў ні аб жаніцьбе, ні аб жанчынах. У яго, як ва ўсякага мужчыны, напэўна меліся сэксуальныя жаданьні і запатрабаваньні, але яны ніяк не выяўляліся. А зараз, падаецца, снукер выдатна замяніў яму іншыя радасьці жыцьця. У гэтыя дні ў Роўз пачаліся затрымкі, чыньнікам якіх яна палічыла гарманальныя парушэньні. Пасьля высьветлілася, што гарманальныя парушэньні тут не павінны. Проста ёй больш няма чаго турбавацца аб будучыні.

Доктару не даводзілася бачыць, каб людзі прымалі дыягназ і безнадзейны прысуд з такім спакоем.

— Мы зробім усё магчымае, каб вы выпрабоўвалі як мага менш болю, — сказаў ён.

— Так, я ведаю. Калі магчыма, мне б карцела легчы ў хосьпіс.

— У вас такая добрая сям'я. Яны захочуць даглядаць вас.

— Гэта праўда, але ім трэба займацца гатэлем. Мне лепей ня быць там менавіта таму, што яны будуць надаваць мне зашмат часу. Калі ласка, доктар, у хосьпісе я ня дам амбарасу. Я буду дапамагаць усім, чым здолею.

— Не сумняваюся, — уздыхнуў ён.

У Роўз, як і ва ўсіх, хапала момантаў раздражненьня і адчаю. Але аб іх ня ведала ні яе сям'я, ні яе сябры па няшчасьці. Жальбы на няшчырасьць лёсу займалі ў яе значна менш часу, як складаньне плянаў на месяцы, што ёй засталіся.

Калі родныя наведвалі яе, яны пазнавалі не аб болі і млоснасьці, а аб тым, у якім файным месцы яна ляжыць, якая праца тут ладзіцца. Як вітаюць ў хосьпісе ўсё новае, любыя ідэі і распачынаньні. У гэтае рэчышча жадала яна накіраваць іх энэргію. Не прыносіць ёй цукеркі і піжамы, а рабіць нешта практычнае, карыснае. Вось чаго хацела Роўз ад сваёй сям'і.