Зараз у іх часта бывалі італьянцы і Паола, які гандляваў чыпсамі, зацюкалі перакладамі. — Адзін з вас павінен вывучаць мову, — сказаў ён Гусу. — Усе эўрапейскія мовы падобныя, гэта няцяжка, а ніхто з вас нават не спрабуе.
— Я спадзяваўся, дзяўчынкі выявяць цікавасьць да моў, — апраўдваўся Гус, — але не адбылося.
У гатэлі спыніўся італьянскі бізнэсмэн, яго жонка і два сына. Мужчына ўсе дні скрозь прападаў у кабінэтах міністэрства гандлю. Ягоная жонка ў крамах мацала мяккі ірляндзкі цьвід і вывучала ювэлірныя вырабы. Два сына падлетка нудзіліся і бурчэлі. Лапік прапанаваў узяць іх пагуляць у снукер. Ня ў залі, дзе паляць, п'юць і гуляюць на грошы, а ў каталіцкім клюбе для хлопчыкаў, дзе ім нічога не пагражае. І ён цалкам зьмяніў іх вакацыі.
Паола зрабіў яму сьпіс … tavola da biliardo, sala da biliardo, stecca da biliardo. Хлопчыкі вывучылі адпаведныя ангельскія словы: снукерны стол, кій.
Гэта была заможная сям'я. Жылі яны ў Рыме. Вось усё, што пазнаў аб іх Лапік. Зьяжджаючы, яны сфатаграфаваліся зь ім ля ўваходу ў гатэль. Потым селі ў таксоўку і рушылі да аэрапорту. На ходніку, калі таксоўка ад'ехала, Лапік зазначыў пачак банкнотаў. Ірляндзкіх банкнотаў, шчыгульна перахопленых элястычнай стужкай. Таксоўкі ўжо і сьлед зьнік. Яны ніколі не пазнаюць, дзе ўпусьцілі грошы. І хутчэй за ўсё нават ня хопяцца, пакуль ня вернуцца дахаты. Не занадта вялікая страта для такіх заможных людзей. Гэтая жанчына марнавала цэльнае багацьце штораз, як трапляла на вуліцу Грэфтан.
Не патрэбныя ім тыя грошы.
Іншая справа Мэгі з Гусам, якім трэба гэтулькі ўсяго набыць. Гожыя трымалкі для сьпіса страў, напрыклад. Іх старыя зусім парэпаліся і пашарпаліся. Альбо, дарэчы, новую шыльду на дзьверы. Ён разважаў такім чынам хвіль пяць, потым уздыхнуў, сеў у аўтобус і паехаў у аэрапорт, вяртаць страчаныя грошы.
Ён адшукаў італьянцаў падчас рэгістрацыі ўсяго іх ладнага багажу з дарагой мяккай скуры. На дзель сэкунды сумненьня зноў ахапілі яго, але ён пасьпяшаўся працягнуць сваю буйную руку, імкнучыся ня даць сабе одуму.
Уся італьянская сям'я абдымала яго. Яны крычалі ўсім вакол аб велікадушнасьці і выкшталцоўнасьці ірляндцаў. За ўсё жыцьцё ім не давялося спаткаць такіх файных людзей. Пачак разьнялі і некалькі банкнотаў саўганулі Лапіку ў кішэню. Але тое ня мела значэньня.
— Puo venire alla casa. La casa a Roma. — умольвалі яны яго.
— Яны запрашаюць вас прыехаць у Рым пагасьцяваць у іх, — перавёў чалавек з чаргі, крануты такой увагай да свайго суайчыньніка.
— Ведаю, — у Лапіка зьзялі вочы. — Больш таго, я туды паеду. Мне варажбітка шмат гадоў таму прадказала паездку замежжа, праз мора. — Усьмешка не схадзіла зь яго твару. Італьянцы зноў расцалавалі яго і ён пасьпяшаўся да аўтобуса. Яму карцела падзяліцца сваімі навінамі.
Гус і Мэгі прагаварылі аб тым усю ноч.
— Можа, ён забудзе аб колькі дзён? — выказаў Гус слабую надзею.
— Няўжо яны не маглі проста даць яму гасьцінца? — абуралася Мэгі. Бо Лапік насамрэч мяркуе, быццам тыя людзі запрасілі яго пагасьцяваць да сябе ў Рым, ён будзе рыхтавацца, а потым яго сэрца будзе спляжана.
— Ведаеце, мне трэба атрымаць пашпарт, — сказаў Лапік наступным ранкам.
— Хіба табе ня варта спачатку вывучыць італьянскі? — натхніла Мэгі геніяльная думка.
Калі ім атрымаецца адцягнуць экспэдыцыю на нейкі час, Лапік можа ўсьвядоміць, што падарожжа ў Рым — толькі мара.
Лапік папытаў аб уроках італьянскага ў сваім снукерным клюбе. Знаёмы кіроўца, Джымі Селіван, распавёў аб выдатнай жанчыне, Сыньёры, якая жыве зь імі і зьбіраецца весьці курсы італьянскай мовы ў школе Выгляд-На-Гару.
У той самы вечар Лапік зьезьдзіў у школу і запісаўся. — Я чалавек ня вельмі адукаваны. Лічыце, я здужаю гэтыя заняткі? — спытаў ён у жанчыны па імі Сыньёра, калі плаціў грошы.
— Вох, з тым праблем не паўстане. Было б жаданьне, і вы хуценька загаворыце, — супакоіла яго тая.
— Гэта будзе адымаць у мяне ўсяго па дзьве гадзіны ўвечар у аўторак і ў чацьвер, — выбачаючымся тонам паведаміў ён Гусу і Мэгі.