Гледзячы на тага буйнага, прастадушнага мужчыну, Тоні А’Брайн адчуў камяк у горле. Меў рацыю Эйдан Данн, змагаючыся за вечаровыя клясы. Самыя розныя людзі дашлі сюды за мрояй. Сярод іх і жонка Гары Кейна, і падобны да гангстэра хмурны хлапчук.
Ён гэтулькі распавядаў Граніі, але яна па-ранейшаму лічыць, што ён ва ўгоду ёй паблажліва дазваляе яе бацьку змагацца зь вятракамі. Трэба пазнаць нешта такое, што ўпэўніць Гранію ў яго шчырай зацікаўленасьці.
— Што ў вас сёньня, Лярэнца?
— Ну, увесь гэты тыдзень часткі цела вучым. Калі раптам у Італіі сэрца прыхопіць ці няшчасны выпадак які. Перш за ўсё доктар спытае Dov’e il dolore. Вы разумееце, што гэта?
— Не. Бо я ня ў вашым клясе. Доктар спытае Dov’e il dolore?
— Так, гэта значыць: дзе баліць? І вы яму распаведзяце.
— Dov’e гэта дзе, так?
— Так, мусіць, бо Dov’e il banco; Dov’e l’albergo. Дык вы маеце рацыю, Dov’e мусіць азначаць дзе. — Лапік выглядаў задаволеным сваім адкрыцьцём.
— Вы жанаты, Лярэнца?
— Не, сыньёр. Сястра параіла мне засяродзіцца на снукеру.
— Але можна спалучаць адно зь іншым.
— Яно, вядома, слушна для чалавека разумнага, накшталт вас, які можа кіраваць школай. Але я не магу рабіць зашмат спраў адначасова.
— Я таксама, Лярэнца. — Спадар А’Брайн выглядаў сумным.
— Дык вы не жанаты? Мне падавалася, у вас ужо сталыя дзеці.
— Не, я не жанаты.
— Мусібыць, настаўнікі рэдка жэняцца, — выказаў здагадку Лапік. — Спадар Данн, ён таксама не жанаты.
— Вы ўпэўнены? — Тоні А’Брайна зьбянтэжыла нечаканая навіна.
— Не, але на мой погляд ў яго раман з Сыньёрай! — Лапік азірнуўся вакол, каб упэўніцца, што яго не падслухоўваюць. Якая неразважлівасьць зь яго боку, голасна казаць аб такіх рэчах.
— Нешта мне ня верыцца. — Зьдзіўленьню Тоні А’Брайна не было мяжы.
— Мы ўсе так думаем. Франчэска, Гугліема, Барталамеа і я размаўлялі аб тым. Яны шмат сьмяюцца разам і пасьля клясаў разам сыходзяць дахаты.
— Зразумела.
— Гэта ж было б выдатна для іх, праўда?
— Так, гэта было бы вельмі цікава, — пагадзіўся Тоні А’Брайн. Што бы яму ні карцела пазнаць для Граніі, такога ён ніяк не чакаў. Ён задумаўся над атрыманай інфармацыяй. Усё можа існаваць толькі ва ўяўленьні тага гарапашніка, а можа апынуцца і праўдай. Калі так і ёсьць, ня ўсё страчана. Эйдан Данн ня будзе занадта строгі, калі сам не бязгрэшны. Эйдан ня здолее павучаць і ганіць яго з вышыні сваёй маральнай перавагі. Урэшце, ён, Тоні, усяго толькі самотны мужчына, які залятаецца да адзінай жанчыны. Яго праблемы не ідуць ні ў якое параўнаньне з адносінамі Эйдана і Сыньёры.
Але аб тым ён пакуль Граніі казаць ня стане. Напярэдадні яна была ў яго ў гасьцях, але гутарка атрымалася нацягнутая, абодва імкнуліся трымацца ветліва і ня ўзгадваць аб цяжкім моманце, што сапсаваў іх жыцьцё.
— Застанесься на ноч? — спытаў ён.
— Так, але я не жадаю займацца каханьнем. — Яе словы прагучалі без усялякай манернасьці і штучнасьці.
— Будзем спаць у адным ложку ці мне легчы на канапе?
Яна выглядала жудасна маладой і зьбянтэжанай. Яму карцела ўзяць яе на рукі, закалыхаць, сказаць, што некалі усё ўтрасецца, уладкуецца. Але ён не асьмеліўся.
— Я павінна спаць на канапе, гэта твая хата.
— Ня ведаю, што табе і сказаць, Гранія. Калі я пачну ўмольваць цябе легчы са мной у мой ложак, дык буду выглядаць гадам печаным, які цікавіцца выключна тваім целам. Калі не, атрымаецца, быццам ты мяне не цікавіш. Бачыш, перад якой дылемай ты мяне паставіла?
— Дазволь мне гэтым разам паспаць на канапе, калі ласка, — папрасіла яна.
Ён атуліў яе і пацалаваў у ілоб. Раніцай ён зварыў ёй Коста-Рыканскай кавы. Яна выглядала стомленай, вакол вачэй зьявіліся цёмныя колы.
— Не магла заснуць, — сказала яна. — Пачытала сёе-тое з тваіх кніг. У цябе ёсьць файныя рэчы, ніколі аб такіх не чула.
Ён бачыў Пункт-22 і На шляху ля яе пасьцелі. Гранія ніколі не чытала ні Хэлера, ні Керуака. Магчыма, бездань паміж імі занадта вялікая. Яе зьбянтэжыла яго калекцыя традыцыйнага джаза. Яна зусім шчэ дзіця.
— Я бы жадала зноў павячэраць у цябе, — сказала яна сыходзячы.
— Скажы мне калі, і я прыгатую для цябе нешта смачненькае.
— Як наконт сёньня? Не занадта хутка?
— Не, сёньня выдатна, — пасьпяшаўся ён засьведчыць. — Толькі давай трошкі пазьней, я зьбіраўся зазірнуць у італьянскі кляс. І не сьпяшайся ганьбіць мяне, я іду туды, бо хачу, безадносна да цябе і твайго бацькі.
— Згода, — усьміхнулася яна. Але ў яе вачах мільганула турбота.
Хутка Тоні А’Брайн ужо будзе дома, ўсё падрыхтавана. Курыныя сьцегнячкі замарынаваныя ў джыне зь мёдам. Стол накрыты. На ложку чыстыя прасьціны, на канапе на ўсялякі выпадак плед.