Выбрать главу

Зь сёньняшняга наведваньня кляса Тоні спадзяваўся выняць штосьці больш прыдатнае за плёткі аб рамане паміж бацькам Граніі і надзвычай дзіўнай на выгляд выкладчыцы італьянскага. Лепей хутчэй пайсьці у гэты чортаў кляс і адшукаць там нейкую лухту, якую можна было б абмеркаваць зь ёй.

— Dove’e il dolore? — спытаў ён на разьвітаньне Лярэнца.

— Il gomito, — выгукнуў Лапік, схапіўшыся за локаць.

— Рыхтык, — хітнуў яму Тоні А’Брайн.

Усё перавярнулася з ног на галаву за нейкую хвілю.

Урок, прысьвечаны часткам цела, апынуўся вельмі фацэтным. Тоні А’Брайн мусіў прыціснуць да твару далонь, каб не разрагатацца, гледзячы як яны тыцкаюць адно у аднаго і крычаць eccola. Але, да яго зьдзіўленьня, у іх выявіўся ладны слоўнікавы запас і цалкам нязмушанае валоданьне ім.

Гэтая жанчына апынулася добрым настаўнікам; яна нечакана вярталася да дзён тыдня ці да замовы ў бары. — Бо мы ня станем бавіць увесь час у лякарні, калі адправімся ў viaggio па Рыме.

Тыя людзі сур'ёзна зьбіраліся выправіцца на экскурсію па Рыме.

Тоні А’Брайн, які выдатна змагаўся зь міністэрствам адукацыі, разнастайнымі настаўніцкімі саюзамі, лютасьцю сьвятароў і манашак, патрабаваньнямі бацькоў, з наркадылерамі і вандаламі, з самымі цяжкімі і некіравальнымі вучнямі, пазбавіўся дарунка прамовы. Ад адной думцы аб гэтай вандроўцы ён адчуў лёгкую млосьць.

Ён як раз зьбіраўся паведаміць Эйдану Данну, што сыходзіць, калі ўбачыў як Эйдан і Сыньёра сьмяюцца ля скрынак, раптам пераўтвораных з бальнічных ложкаў у вагонныя лавы. Яны стаялі так, як могуць стаяць толькі блізкія людзі. Божа літасьцівы, падаецца, гэта праўда!

Тоні захапіў палітон і рушыў да хаты, далей абмяркоўваючы свае пляны на абед, віно і, карцела б спадзявацца, ложак для дачкі Эйдана Данна.

Справы ў гатэлі ішлі так дрэнна, што ў Гуса і Мэгі бракавала сіл на праблемы Лапіка з вучобай. Ягоную галаву апаноўвалі словы, казаў ён ім, і некаторыя зь іх блыталіся.

— Не зьвяртай увагі, Лапік. Вучы, што можаш, — супакойваў яго Гус. Дакладна, як шмат гадоў таму Браты супакойвалі Лапіка, угаворвалі яго не турбаваць сябе.

Але Лапік ня мог пагадзіцца. — Ты не разумееш. Сыньёра казала, на гэтым этапе мы павінны размаўляць упэўнена, ня мямліць і не запінацца. У нас будзе яшчэ адзін урок па частках цела, а я іх зноўку запамятаваў. Калі ласка, паслухай мяне, калі ласачка.

Двое пастаяльцаў адмовіліся сёньня ад сваіх нумароў з-за кепскай якасьці пакояў, адна кабета нават паабяцала паскардзіцца ў кіраваньне па турызьме. Незразумела, ці здолеюць яны наскрэбці грошай на выплату заробка за гэты тыдзень, а тут Лапік просіць паслухаць яго хатняе заданьне.

— З Канстанцыяй я бы адказаў нармалёва, яна мне дапамагае, калі трэба. Але ў нас штораз розныя партнёры. Я магу адказваць з Франчэскай альбо з Глорыяй. А хутчэй за ўсё з Элізабэт, таму давай паўторым, калі ласка.

Мэгі падняла лісток. — Адкуль пачнем? — спытала яна. Тут іх перапынілі. Мясьнік жадаў ведаць, ці аплацяць калісьці яго рахунак. — Лепей я паразмаўляю, Гус, — прапанавала Мэгі.

Гус узяў ліст у рукі. — Гайда, Лапік. Кім я буду, лекарам ці пацыентам?

— Пабудзь і тым і іншым, Гус, а я пакуль папаўтараю за табой. Ці мог бы ты тлумачыць мне словы, якія называеш?

— Вядома. Са мной нешта блага, я прыйшоў у кабінэт, а ты лекар. Што ты ў мяне спытаеш?

— Я спытаю: «Дзе баліць?». Элізабэт будзе пацыенткай, я буду лекарам.

Гусу вечна бракавала цярпеньня. — Dov’e il dolore? — вымаўляў ён, сьцяўшы зубы. — Dov’e le fa male? — І Лапік паўтараў за ім бясконца. — Разумееш, Элізабэт спачатку лындала і не вучылася як сьлед, але Гугліема прымусіў яе ставіцца да справы сур'ёзна і зараз яна таксама робіць хатнія заданьні. — Гусу і Мэгі вучні вечаровага кляса чымсьці нагадвалі ўдзельнікаў пантамімы. Сталыя людзі завуць адно аднаго недарэчнымі імёнамі, паказваюць на свае локці і робяць выгляд, што трымаюць у руках стэтаскопы.

Собіла ж яго запрасіць Канстанцу менавіта ў гэты вечар. Найбольш элегантную жанчыну з усіх, што ім даводзілася бачыць, і з такім зьбянтэжаным тварам. З усіх чортавых вечароў, за ўвесь год, ён вылучыў менавіта гэты. Пасьля таго, як яны правялі тры гадзіны ў заднім пакоі, зноўку і зноўку праглядаючы шэрагі лічбаў, спрабуючы ўпэўніць сябе, што ім ня прыйдзецца прадаваць гатэль. І вось зараз яны вымушаныя падтрымліваць сьвецкую гутарку зь нейкай дзівачкай.

Але гутарка апынулася зусім ня сьвецкай. Гэтулькі разьюшанай асобы яны ў жыцьці ня бачылі. Яна прадставілася жонкай Гары Кейна, чыё імя фігуравала ў іх паперах, кантрактах, дакумэнтах. Яна паведаміла ім, што Сабіна Кэсі яго палюбоўніца.