Маці Фіёны нічога аб тым ня ведае. Яна бы не ўхваліла. Маці Фіёны непахісна верыць, што Добрыя Дзяўчынкі Чакаюць Да Вясельля. У Фіёны няма цьвёрдых перакананьняў па гэтым пытаньні. Тэарэтычна, калі кахаеш хлопца, а ён кахае цябе, варта ўступіць зь ім у адпаведныя зносіны. Але выпрабаваць сваю тэорыю на практыцы ёй ні разу не давялося.
Часам яна разглядала сябе ў люстэрка. Яна не пачвара. Магчыма, залішне мініятурная, і, мабыць, акуляры трохі яе псуюць, але людзі кажуць, што ім падабаюцца яе акуляры, яна выглядае ў іх любасна. Адылі як ведаць, раптам яны яе супакойваюць, а выглядае яна пачварна?
Гранія Данн загадала ёй не дурыць, яна выглядае выдатна. Але ў Граніі сёньня ня больш як палова галавы працуе. Яна зусім звар'яцела на гэтым чалавеку, а ён ці ледзь не старэй за яе бацьку. Фіёна ня здольная гэта зразумець. Паклоньнікаў у Граніі хоць шуфлюй, навошта ёй той стары спатрэбіўся?
І Брыджэт кажа, Фіёна выглядае файна, постаць ў яе шыкоўная ў адрозьненьне ад самой Брыджэт, якой варта зьесьці лядачы лусьцік і яна адразу вагу набірае. Чаму ж тады Брыджэт з сваімі пухленькімі сьцёгнамі вечна па спатканьнях гойсае? І зусім ня з тымі хлопцамі, якіх у сваім турыстычным агенцтве сустракае. Брыджэт гаворыць, на працы ні разу не спаткала нікога прыдатнага. Туды ўсякія дзяўчынкі натоўпамі ходзяць, жадаюць вакацыі на сонейку правесьці, пажылыя жанчыны туры замаўляюць, маладыя просяць адшукаць утульны куток. Гранія з Брыджэт зусім не сьпяшаюцца пераспаць з кожным, з кім сустракаюцца. Дык нельга тым растлумачыць іх папулярнасьць сярод мужчын. Для Фіёны ўсё гэта невырашальная таямніца.
Раніца выдалася клапотная і яна літаральна падала з ног. Набралася гэтулькі гарбатных пакуначкаў і пакаваньняў з-пад бісквітаў, што прыйшлося выносіць сьмецьце. Яна пацягнула здаровы плястыкавы мех да дзьвярэй. Вось дабярэцца да бакаў і добра. Нейкі малады чалавек узьняўся і прыняў пакет у яе з рук.
— Дазвольце мне, — сказаў ён. Цёмненькі, даволі прывабны, толькі валасы тырчаць. У адной руцэ матацыклетны шлем. Можна ўявіць, баіцца згубіць яго з вачэй.
Яна прытрымала дзьверы да пляцоўкі са сьмецьцевымі бакамі. — Кідайце ў любы, — параіла яна і ветліва дачакалася яго вяртаньня. — Вельмі любасна з вашага боку.
— Гэта дапамагло мне адцягнуцца ад маіх думак.
Яна паспадзявалася, што зь ім усё добра, ён выглядаў такім маладым і дужым. Любасны добры юнак вярнуўся разам зь ёй у пакой чаканьня.
— Лякарня тут выдатная, — вымавіла Фіёна. Яна паняцьця ня мела, ці так гэта насамрэч, але заўжды казала так, каб пацешыць людзей і ўсяліць у іх надзею.
— Сур'ёзна? — жыва перапытаў ён. — Я дык проста павёз яе ў найбліжэйшую.
— Так, у яе выдатная рэпутацыя. — Фіёне не жадалася спыняць гутарку.
— Giovedi, — паказаў ён на яе суколку.
— Выбачайце?
— Чацьвер па-італьянскі, — растлумачыў ён.
— На самай справе? Вы размаўляеце па-італьянскі?
— Не, але двойчы на тыдзень я хаджу на вячэрнія курсы італьянскай мовы. — У яго голасе прагучалі гонар і запал. Ён ёй пэўна падабаўся.
— Так каго, вы сказалі, вы сюды прывезьлі? — пацікавілася яна. Лепш усё высьветліць зараз. Калі гэта жонка ці сяброўка, няма сэнсу працягваць.
— Мая маці, — яго твар спахмурнеў. — Яна ў рэанімацыі. А я вось тут, чакаю, што скажуць лекары.
— Няшчасны выпадак?
— Накшталт таго. — Яму відавочна не жадалася размаўляць аб тым.
Фіёна вярнулася да ўрокаў італьянскага. — Цяжкія заняткі? Дзе яны праходзяць?
— У вялікай школе непадалёк, Выгляд-На-Гару.
Фіёна ўразілася. — Бач, якое супадзеньне! Бацька маёй лепшай сяброўкі выкладае там. — Ёй здалося, у іх зьявілася нешта агульнае.
— Сьвет такі цесны.
Яна адчула, што надакучыла яму, ды і людзі ля прылаўка чакалі гарбаты і кавы. — Дзякуй за дапамогу, было вельмі любасна з вашага боку.
— Што вы, калі ласка.
— Упэўненая, вашай маці хутка палепшае. Яны тут у рэанімацыі сапраўдныя чараўнікі.
— Безумоўна, — хітнуў ён.
Фіёна абслугоўвала людзей і ўсьміхалася ім усім. Можа, яна вельмі нудны чалавек? Цяжка разабрацца ў такіх рэчах, калі справа кранае цябе самога.
— Я нудная? — запытала яна Брыджэт ўвечар.
— Ты нудная? Ды зь цябе абрагочасься. Табе варта уласным тэлешоў абзавесьціся. — Брыджэт з маркотай разглядала маланку на спадніцы. — Разумееш, яны іх робяць пачварна, не магла я так патаўсьцець, каб яна лопнула. Гэта неймаверна.