— Вядома, гэта немагчыма, — схлусіла Фіёна. І тут зразумела, што Брыджэт, верагодна, таксама маніла ёй. — Я ткі нудота, — вытхнулася небарака, нечакана ўсьвядоміўшы праўду.
— Фіёна, ты худзенькая, чаго яшчэ можна жадаць у гэтым чортавым сьвеце? І заткніся з сваім сумам, пакуль ты не пачынаеш абрыдваць з гэтай сваёй нудотай, ты цалкам нармалёвая. — Сапхнуўшыся зь відавочным сьведчаньнем чарговага набору вагі, Брыджэт з напругай захоўвала цярпеньне пры гэтым тлумачэньні.
— Я сустрэла хлопца, і праз дзьве хвіліны ён пачаў пазяхаць і ўцёк. — Фіёна выглядала цалкам няшчаснай.
Брыджэт зьмякчэла. — Дзе ты яго сустрэла?
— На працы, яго маці ў рэанімацыі.
— Божа літасьцівы, яго маці разьбілася, альбо яшчэ што. Чаго ты чакала, што ён для цябе вечарыну з гутаркамі зладзіць? Ачуйся, Фіёна, сапраўды.
Фіёну яе словы ўпэўнілі толькі часткова. — Ён вывучае італьянскі ў школе твайго бацькі.
— Добра. Дзякаваць Богу, хоць хтосьці яго вывучае. Яны баяліся наогул не набраць вучняў для тага клясу. Бацька ўсё лета на вушах стаяў.
— Вядома, ва ўсім вінаватыя мае бацькі. Яны ніколі ні аб чым не размаўляюць. Якой яшчэ я магу быць? Толькі слотнай. Што цікавага я магу сказаць, пражыўшы ўсе гэтыя гады ў хаце, дзе нічога не абмяркоўваюць?
— Ой, змоўкні, Фіёна, ты ня слотная. І у чыіх бацькоў ёсьць што сказаць? Мае не размаўляюць гадамі. Тата пасьля вячэры ідзе да сабе ў пакой і застаецца там увесь вечар. Дзіўна, што ён яшчэ ня сьпіць там. Сядзіць за сваім маленькім сталом, перабірае кнігі, італьянскія талеркі, фоткі, малюнкі. Калі вечар сонечны, садзіцца на сафу поруч акна і проста глядзіць перад сабою. Як табе тая бздура?
— Што мне яму сказаць, калі я яго зноў пабачу? — спытала Фіёна.
— Майго бацьку?
— Не, тага ўскудлачанага хлопца.
— Божухна, спытаеш, як яго маці. Можа, мне з табой пайсьці і тузаць цябе, як марыянэтку, зараз кажы, зараз ківай?
— А што, неблагая думка … У твайго бацькі італьянскі слоўнік ёсьць?
— Тузіна два знойдзецца. А табе навошта?
— Хачу дні тыдня знайсьці, — Фіёна не магла ўцяміць, навошта тлумачыць відавочныя рэчы.
— Сёньня ўвечары пайду да Даннаў, — папярэдзіла Фіёна дома.
— Выдатна, — адрэагавала яе маці.
— Ты бы ўжо наогул да іх у хату перасялілася, так часта зь імі бачысься, — прабурчэў бацька.
Фіёна не зразумела, куды ён хіліць. Апошні раз яна была там некалькі тыдняў таму. Калі бы толькі яе бацькі ведалі, як часта дзяўчынкі Данны аб'яўляюць, што застаюцца на ноч у іх хаце. Вось тут бы пачалося!
— Як вы лічыце, Брыджэт Данн добра выглядае? — спытала яна.
— Ня ведаю, цяжка сказаць, — засумнявалася маці.
Бацька працягваў чытаць сваю газэту.
— Хіба гэта так складана? Ўяві яе сабе і скажы, ці гожая яна.
— Я аб тым памяркую, — паабяцала Фіёне маці.
Уначы ў ложку Фіёна доўга разважала над гэтым.
Як Граніі і Брыджэт удаецца трымацца так упэўнена, ва ўсім разьбірацца? Яны вырасьлі ў такой самай хаце, хадзілі ў тую школу, што і яна. Гранія наогул адважная, як леў. Круціць раман з жудасна старым мужчынам. Яна зьбіраецца распавесьці аб тым бацьку з маці, скажа, што сустракаецца зь ім і нават зьбіраецца пабрацца зь ім шлюбам.
Самае жахлівае, што ён начальнік спадара Данна. І спадару Данну ён не падабаецца. Гранія ня ведае, ці прыкінуцца ёй, што толькі зараз захапілася ім, каб даць бацьку час прызвычаіцца з гэтым, альбо сказаць шчыра. Гэты тып кажа, што заўжды лепей казаць шчыра, што людзі часта значна мужней, як вы думаеце.
Але Гранія і Брыджэт сумняваюцца.
Брыджэт, ва ўсялякім разе, сумнеўна. Ён такі стары. — Застанесься ўдавой раней часу, — сказала яна сястры.
— Так, заможнай удавой, дзеля таго і ажэнімся. Атрымаю яго пэнсію, — разрагаталася ў адказ Гранія.
— Ты захочаш іншых хлопцаў, пачнеш яму зьмяняць, ён цябе высачыць, знойдзе ў чужым ложку і зьнішчыць вас абодвух. — Брыджэт выкладала тую гожую пэрспэктыўку амаль з запалам.
— Не, да яго я па-сапраўднаму нікога ніколі не жадала. Калі з табой такое здарыцца, ты зразумееш.
Фіёна і Брыджэт толькі ўзнялі вочы да неба. Стомна назіраць сапраўднае каханьне з боку. Хоць Брыджэт не заўжды ўбаку. У яе годзе прапаноў.
Фіёна ляжала ў цемры і думала аб прыемным хлопчыку з ускудлачанымі валасамі, які так цяпло ўсьміхаўся ёй. Як выдатна мелася б быць дзяўчынкай, у якую можа закахацца такі хлопец.
Яна ўбачыла яго зноўку праз тыдзень.
— Як ваша маці? — запытала яго Фіёна.