— Адкуль вы аб ёй ведаеце? — Яе пытаньне раззлавала і занепакоіла яго. Тлусты дзякуй Брыджэт за каштоўную раду.
— Калі вы былі тут на мінулым тыдні, вы дапамаглі мне вынесьці мех са сьмецьцем і распавялі, што ваша маці ў рэанімацыі.
Яго твар праясьнеў. — Так, вядома. Даруйце. Справы ў яе не занадта добрыя. Яна зноў гэта зрабіла.
— Зноў разьбілася?
— Не, прыняла завялікую дозу.
— Ой, мне вельмі, вельмі шкада. — Гэта прагучала надзвычай шчыра.
— Я ведаю.
Яны памаўчалі. Потым яна паказала на сваю суколку і ганарліва сказала: — Venerdi. Вы ж так казалі?
— Так, сапраўды. — Ён вымавіў слова больш на італьянскі манер і яна паўтарыла за ім.
— Мусібыць, вы таксама вывучаеце італьянскі? — спытаў ён зь цікавасьцю.
Фіёна загаварыла не разважаючы: — Не, адмыслова вывучыла дні тыдня на выпадак, калі спаткаю вас зноў. — Яе твар заліўся фарбай і ёй захацелася неадкладна памерці, вось тут, за машынамі для кавы і гарбаты.
— Мяне клічуць Бары, — сказаў ён. — Як наконт схадзіць у кіно сёньня ўвечары?
Бары і Фіёна сустрэліся на вуліцы А’Конал і падзівіліся на чэргі ў кіназалы.
— На што вы жадаеце пайсьці?
— Не, на што вы жадаеце?
— Паняцьця ня маю, шчыра кажучы.
— Я таксама. — Сапраўды па ягонаму твару сьлізгануў цень раздражненьня?
— Можа пойдзем туды, дзе чарга карацей? — прапанавала яна.
— Але там Ваярскія Майстэрствы — запярэчыў ён.
— Ну і выдатна, — здуравала яна.
— Вам падабаюцца Ваярскія Майстэрствы? — ня мог ён даць веры.
— А вам яны падабаюцца? — адказала яна пытаньнем на пытаньне.
Спатканьне прайшло ня лепшай выявай. Яны схадзілі на фільм, што не спадабаўся абодвум. Потым паўстала праблема, што рабіць далей.
— Жадаеце піцу? — прапанаваў ён.
Фіёна пасьпешліва хітнула. — Выдатна.
— Ці лепей пайсьці ў паб?
— Таксама няблага.
— Пойдзем на піцу, — заявіў ён тонам мужчыны, які ўсьведамляе, што рашэньне, якое б ні было, яму прыйдзецца прымаць самому.
Яны сядзелі і глядзелі адно на аднаго. Выбар піцы апынуўся жахам. Фіёна згадзілася і на pizza margherita і на pizza napoletana, таму ўрэшце Бары замовіў quattro stagioni кожнаму. У гэтай піцы чатыры розных накрыпкі, сказаў ён, свая у кожным куту. Так мо паспрабаваць усё і ня трэба вылучаць.
Ён распавёў ёй, што ў італьянскім клясе Сыньёра, настаўніца, прынесла некалькі піцц на адзін з заняткаў. На яго меркаваньне, яна, напэўна, марнуе ўсё, што зарабляе, на такія падарункі для іх. І яны сядзелі на ўроку, елі, услых выкрыквалі назвы розных піцц, гэта было цудоўна. Распавядаючы, ён выглядаў жудасна юным і захопленым. Фіёне захацелася, каб у яе ў вачах і ў сэрцы пасялілася такое ж жывое пачуцьцё. Па дачыненьні абы да чаго.
Ва ўсім, вядома, вінаватыя яе бацькі. Яны цудоўныя, добрыя людзі, але ім няма чаго сказаць. Бацька яе кагадзе заявіў, што пры нараджэньні ўсім на руку неўзабаве будуць ставіць парадкавы нумар, тады людзі спыняць балбатаць усялякую лухту. Вось ён сам рот разявіць і баіцца. А у маці свае заганы. Яна лічыць, што нікуды ня трэба хадзіць. Яна заўсёды казала Фіёне не займацца ірляндзкімі танцамі, ня езьдзіць у адпачынак у Іспанію, нікуды не хадзіць і нічым не захапляцца. Вось чаму ў яе няма ні свайго меркаваньня, ні сваіх поглядаў.
У выніку зь яе атрымаўся чалавек, ня здольны вырашыць, які фільм паглядзець, якую піцу зьесьці, што сказаць далей. Паспрабаваць распытаць яго аб маці? А можа ён вырашыў пайсьці на спатканьне, каб ад тага адцягнуцца? Фіёна нахмурылася сваім думкам.
— Выбачайце, я вам, мусіць, надакучыў сваім італьянскім.
— Вох, Божа барані, не, вядома! — выгукнула яна. — Я нават заслухалася на ваш аповяд. Разумееце, мне б карцела захапіцца чымсьці, як вы. Я зайздрошчу вам і людзям, якія ходзяць у гэты кляс разам з вамі і пачуваюся дурніцай. — Вельмі часта, калі яна менш за усё тага чакала, аказвалася, што яна сказала чалавеку нешта прыемнае.
Бары расплыўся ва ўсьмешцы ад вуха да вуха і папляскаў яе па руцэ. — Не, вы зусім не дурніца, вы вельмі любасная. І вам самой нішто не перашкаджае ў нейкі вечаровы кляс запісацца, так?
— Пэўна, не. А ваш кляс поўны? — Навошта яна тое сказала? Атрымліваецца, яна сама нават вечаровы кляс знайсьці ня здольная. Яна прыкусіла губу, тым часам як ён пакруціў галавой.
— Зараз да нас далучацца ня варта. Занадта позна, мы далёка наперад сышлі, — ганарліва растлумачыў ён. — І потым, разумееце, усе туды прыйшлі па нейкім чыньніку. Ім усім трэба вывучыць італьянскі. Ва ўсякім разе так гэта выглядае.
— А дзеля чаго вам вывучаць італьянскі?
Бары некалькі ашаламіла такое пытаньне. — Ну, гэта таму, што я езьдзіў у Італію на Чэмпіянат Сьвету, — распавёў ён. — Мы паехалі цэльным натоўпам, але там я сустрэў безьліч файных італьянцаў і пачуваўся ёлупнем з-за таго, што ня мог размаўляць на іх мове.