— Але ж Чэмпіянат Сьвету там зноў праходзіць ня будзе?
— Не, але ж італьянцы засталіся на месцы. Мне б карцела паехаць туды і пагаварыць зь імі.
Фіёна прыкінула, ці варта спытаць яго аб маці, але вырашыла не рабіць тага. Сам распавядзе, калі захоча. Мабыць, гэта занадта асабістае. Яна знаходзіла яго вельмі, вельмі любасным і жадала бы сустрэцца зь ім ізноў. Як уладкоўваюць гэта дзяўчыны, якія ўмеюць абыходзіцца з хлопцамі? Кажуць штосьці дасьціпнае? Або нічога ня кажуць? Вось бы ведаць. Фіёне карцела вымавіць нешта такое, каб гэты цудоўны юнак зразумеў, ён ёй падабаецца і яна жадала бы сябраваць зь ім. І нават больш зь цягам часу. Чаму няма як даслаць такі сыгнал?
— Бадай, пара па хатах, — сказаў Бары.
— Так. Вядома. — Ясная справа, ён стаміўся ад яе.
— Праводзіць вас на аўтобус?
— Гэта было бы цудоўна, дзякуй.
— Ці падвезьці вас дахаты на маім матацыкле?
— Вох, было б файна. — Яна зразумела, што дала згоду на абодва варыянта. Ён такі прыме яе за дурніцу. Фіёна вырашыла растлумачыцца. — Я жадаю сказаць, калі вы прапанавалі праводзіць мяне на аўтобус, я ня ведала, што ёсьць магчымасьць пад'ехаць на матацыкле. Насамрэч мне больш падабаецца матацыкл. — Уласная мужнасьць літаральна шакавала яе.
Ён выглядаў задаволеным. — Выдатна. Тады вам прыйдзецца трымацца за мяне як сьлед. Абяцаеце?
— Абяцаю, — усьміхнулася яму Фіёна з-пад сваіх вялікіх акуляраў. Яна папрасіла давезьці яе толькі да пачатку вуліцы, бо ў гэтым ціхім месцы ня часта езьдзяць на матацыклах. Ці захоча ён зноў пабачыць яе?
— Спадзяюся, убачымся? — сказаў Бары.
— Так, было б выдатна. — Хоць бы яе твар не выглядаў занадта зацікаўленым, занадта ўмольным.
— Ну, вы маглі бы знайсьці мяне ў супэрмаркеце.
— Што? Так. Зразумела.
— Або я магу наведацца да вас у лякарню, — прапанаваў ён іншы варыянт.
— Ну так. Так, вядома, калі будзеце там, — сумна кіўнула яна.
— Я туды буду наведвацца кожны дзень. Мая маці ляжыць там. Дзякуй, што не пыталі аб ёй … мне не жадалася гаварыць аб гэтым.
— Не, вядома ж не. — Фіёна ўздыхнула з палягчэньнем. Яе так і падмывала ва ўсіх падрабязнасьцях распавесьці яму аб сваіх сумненьнях у піцэрыі.
— Дабранач, Фіёна.
— Дабранач, Бары.
Яна доўга ляжала ў ложку бяз сну. Яна яму спадабалася. І яго захапіла, што яна ня стала соўгаць нос у яго жыцьцё. Усё добра, яна зрабіла некалькі недарэчных памылак, але ён сказаў, што жадаў бы зноў убачыць яе.
Брыджэт зазірнула ў лякарню перакінуцца зь Фіёнай слоўцам. — Не магла б ты зрабіць нам ласку, заскочыць на пару гадзін сёньня ўвечары?
— Вядома, а навошта?
— Сёньня адбудзецца. Гранія зьбіраецца распавесьці ім аб сваім састарэлым пэнсіянэру. Пух і пёры паляцяць.
— А ад мяне што за карысьць? — усхвалявалася Фіёна.
Яны будуць паводзіць сябе трохі цішэй пры староньнім чалавеку. Магчыма. — Брыджэт відавочна сумнявалася.
— А ён там будзе, гэты стары?
— Ён прыпаркуе машыну паблізу, на выпадак, калі раптам спатрэбіцца.
— Спатрэбіцца? — у голасе Фіёны прагучаў спалох.
— Ну, разумееш, спатрэбіцца прывітаць яго як зяця, або бегчы ратаваць Гранію, калі тата надумае зьбіць яе да страты прытомнасьці.
— Але ж ён тага ня зробіць? — у Фіёны рот акругліўся ад жаху.
— Не, Фіёна, ён на такое ня здольны. Ты да ўсяго ставісься так літаральна. У цябе ўяўленьне ёсьць?
— Ня думаю, — сумна адказала Фіёна.
Днём Фіёна навяла даведкі аб спадарыні Хэлі, маці Бары. Яе прасьвятліла Кіці, адна з мэдсясьцёр гэтай палаты, яе знаёмая. Другі раз прыйшлося павазіцца з прамываньнем страўніка. Яна мусібыць наладжаная давесьці справу да заканчэньня. У Кіці няма на іх часу, хай канчаюць з сабою, калі ім карціць. Навошта марнаваць час і грошы, распавядаючы ім як усе іх любяць і як яны ўсім патрэбныя. Пэўна яны і не патрэбныя. Калі б яны ведалі аб сапраўды хворых людзях, няшчасных людзях, якія не ідуць на такі грэх, яны бы задумаліся.
Кіці не выпрабоўвае сымпатый да няўдалых самагубцаў. Але просіць Фіёну нікому аб тым не распавядаць. Яна не жадае набыць рэпутацыю каменнага сэрца. Яна ж дае гэтай гарапашніцы яе лекі і выяўляе да яе ня менш увагі, як да іншых пацыентаў.
— Як яе клічуць?
— Падаецца, Нэса.
— Якая яна?
— Вой, ня ведаю. Вельмі кволая, трохі ў шоку. Увесь час глядзіць на дзьверы палаты, чакае што муж прыйдзе.