Выбрать главу

— А ён прыходзіць?

— Пакуль не прыходзіў. Сын заходзіць, але гэта ня тое, што ёй трэба, жадае твар мужа ўбачыць. З-за яго яна гэта зрабіла.

— Адкуль ты ведаеш?

— Ва ўсіх іх адзіны чыньнік, — глыбакадумна зазначыла Кіці.

Яны сядзелі ў Даннаў за кухенным сталом. Да макароны з сырам практычна ніхто не даткнуўся. Спадарыня Данн, як звычайна, уткнулася ў кнігу. Яна выклікала ўражаньне чалавека, які сядзіць у зале чаканьня аэрапорту, а не пасярод уласнай хаты. Брыджэт, як звычай, фармальна нічога ня ела, але скубла кавалачкі з крайку і брала хлеб з маслам заесьці сок. У рэшцы зьядала куды больш, як атрымалася бы ў слушнай порцыі. Гранія выглядала бледнай. Спадар Данн памкнуўся выдаліцца ў свой улюбёны пакой.

— Тат, пачакай хвілінку, — голас Граніі прагучаў ненатуральна глуха. — Мне трэ сёе-тое сказаць. Вам усім.

Маці Граніі зьдзіўлена вызірнула з-за кнігі. Брыджэт ўзняла вочы ад талеркі. Фіёна адчула, што чырванее і выглядае вінаватай. Толькі бацька Граніі падаваўся спакойным.

— Так, вядома. — Ён сеў, амаль радуючыся агульнай гутарцы.

— Я разумею, вам усім цяжка будзе прыняць маю навіну, таму пастараюся растлумачыць усё як мага прасьцей. Я кахаю аднаго чалавека і жадаю выйсьці за яго замуж.

— Ну, гэта выдатна, — сказаў бацька.

— Замуж? — перапытала маці, быццам самай нечаканай рэччу ў сьвеце было тое, што хтосьці кагосьці кахае.

Брыджэт зь Фіёнай нічога не сказалі, толькі выдалі лёгкія гукі зьдзіўленьня і радасьці, каб прадэманстраваць рэакцыю на такую сур'ёзную навіну.

Перш як бацька пасьпеў спытаць, каго яна кахае, Гранія сказала сама. — Спачатку, ты, вядома, будзеш незадаволены, скажаш, што ён занадта стары для мяне, і шмат усяго іншага, але гэта Тоні А’Брайн.

Паўстала маўчаньне, што было горш за усё, чаго чакала Гранія.

— Гэта жарт? — нарэшце пацікавіўся бацька.

— Не, тата.

— Тоні А’Брайн! Жонка Дырэктара, на меншае яна ня згодна, — чмыхнула ад сьмеху маці.

Фіёна ня зьнесла напружаньні. — Я чула, ён вельмі прыемны чалавек.

— І ад каго ж ты гэта чула, Фіёна? — спадар Данн загаварыў, як тыповы настаўнік.

— Ну, так, вакол, — прамармытала Фіёна.

— Ён не такі дрэнны, тата. І яна ж замуж зьбіраецца, — дадала Брыджэт у надзеі неяк дапамагчы.

— Ну, калі ты думаеш, што Тоні А’Брайн ажэніцца на табе, табе прыйдзецца зьмяніць сваё меркаваньне. — Твар Эйдана Данна выцягнуўся ў цьвёрдую, гаркотную рысу.

— Спачатку мы жадалі распавесьці табе, а потым, у наступным месяцы, думалі пабрацца шлюбам. — Гранія імкнулася ня даць голасу затрымцець.

— Гранія, гэты чалавек абяцае ажаніцца ня менш як тром жанчынам на год. Потым прыводзіць іх у свой бардэль і робіць зь імі, што яму заманецца. Але ты, верагодна, і сама ведаеш. Думаю, ты бывала там досыць часта, калі казала нам, што застаесься ў Фіёны.

Фіёна скурчылася пры гэтым выкрыцьці.

— Усё зусім ня так. Гэта ўсё справа мінулая. Я ня бачылася зь ім з таго часу, як ён стаў Дырэктарам, бо лічыла, што ён накшталт як надзьмуў нас абодвух, цябе і мяне. Але ён сказаў, што не рабіў тага, і што ўсё зараз ідзе выдатна.

— Так і сказаў?

— Так. Ён клапоціцца аб табе і захапляецца табой і тваімі вечаровымі клясамі.

— Я знаёмая з хлопцам, які ходзіць туды, ён кажа, там выдатна, — піснула Фіёна. Яна затрымцела пад поглядамі, якія распавялі ёй, што яе ўмяшаньне не прынесла асаблівай карысьці.

— Яму спатрэбілася шмат часу, каб упэўніць мяне, тата. Я была на тваім баку і не жадала мець зь ім ніякіх спраў. А ён растлумачыў мне, што іншай магчымасьці не было … былі аб'ектыўныя чыньнікі…

— Упэўнены, ён мусіў доўга цябе пераконваць. Звычайна яму хапае трох дзён, ён сам выхваляўся. Ён, ці ведаеш, выхваляецца тым, як лёгка зацягвае дзяўчынак да сабе ў ложак. Такі вось чалавек кіруе нашай школай Выгляд-На-Гару.

— Зараз не, тата. Ня зараз. Іду ў заклад, ён тага ня робіць. Скажы шчыра.

— Толькі таму, што зараз ён не бывае ў настаўніцкай, а насяляецца ў сваім маленькім тронным пакойчыку бога ўсемагутнага, у так званым Кабінэце Дырэктара.

— Але тата, хіба гэта не заўсёды быў Кабінэт Дырэктара, нават пры спадару Уолшу?

— Цалкам розныя рэчы. То быў чалавек, годны такой пасады.

— А Тоні нягодны? Хіба ён ня выфарбаваў школу, не ўпарадакаваў яе? Задумаў гэтулькі навін, даў табе грошай на твае джунглі, распачаў італьянскі кляс, прыцягнуў бацькоў да кампаніі па паляпшэньні транспартнага абслугоўваньня школьнікаў…

— Ён цябе нядрэнна апрацаваў.

— Што ты думаеш, маці? — зьвярнулася Гранія да маці.

— Што я думаю? Якое мае значэньне, што я думаю? Ты ўсё роўна зробіш па-свайму.