— Ва ўсіх бацькі з заганамі, мне сяброўка як раз днямі казала. Іх зразумець немагчыма. — Яна і не спрабавала схаваць сваю гарачую спагаду.
— Можа, кудысьці зноў выправімся, калі маці вернецца дахаты?
— З задавальненьнем, — згадзілася Фіёна. Калі ласка, калі ласка Пане, хай ніхто ніколі не пазнае аб тых кветках, хай яны спыняць высьвятляць, ці пасылаў ён іх.
Бары павёў яе на футбольны матч. Па дарозе растлумачыў ёй, якая каманда добрая, якая дрэнная. Растлумачыў правілы і распавёў аб раптоўнай сьлепаце судзьдзі ў некалькіх папярэдніх матчах і аб надзеі на вяртаньне да яго зроку ў цяперашняй гульне.
На стадыёне Бары сустрэў цёмнавалосага каржакаватага хлопца. — Выдатна, Луіджы, я і ня ведаў, што ты заўзятар гэтай каманды.
Луіджы бязьмерна ўзрадаваўся сустрэчы. — Барталамеа, дружа, ды я зь імі са стварэньня сьвету.
Пасьля абодва перайшлі на італьянскі. — Mi piace giocare a calcio. — Гэта зрынула іх у нястрымны рогат, Фіёна сьмяялася разам зь імі.
— Гэта азначае я люблю футбол, — растлумачыў Луіджы.
Фіёна так і меркавала, але намалявала зьдзіўленьне. — У вас, пэўна, выдатны італьянскі?
— Ой, прабач, Луіджы, гэта Фіёна, мая сяброўка, — прадставіў яе Бары.
— Ну ты шчасьліўчык, твая сяброўка пайшла на матч. Сьюзі упадабала застацца дома.
Фіёна засумнявалася, ці трэба ёй тлумачыць гэтаму дзіўнаму чалавеку з дублінскай вымовай і італьянскім імем, што яна Бары не сапраўдная сяброўка, але вырашыла не паглыбляцца ў падрабязнасьці. Цікава, чаму ён заве Бары гэтым дзіўным імем?
— Калі ты сустракаесься са Сьюзі пасьля гульні, можа вып'ем разам недзе? — прапанаваў Бары. Луіджы ўхваліў гэтую лепшую з усіх чутых ім дагэтуль ідэй і яны вылучылі паб.
Падчас матчу Фіёна жудасна імкнулася разабрацца ў гульне, радавацца і хвалявацца ў слушныя моманты. Яе сэрца трымцела пры думцы аб такім посьпеху. Так робяць іншыя дзяўчынкі, ходзяць на матчы з хлопцамі, сустракаюць там іншых хлопцаў і пазьней далучаюцца да іх і іх сябровак. Выдатна.
Зараз яна павінна запомніць, якія камбінацыі прыводзяць да гала або да кутняга, а якія да ўкіданьня. Але значна важней не пытаць Бары аб яго маці, бацьку і загадкавым пуку фрэзіяў.
Сьюзі апынулася файнай. У яе былі рудыя валасы, працавала яна стольніцай у адным з тых шыкоўных мястэчкаў у Тэмпл Бары.
Фіёна распавяла, як падае каву ў лякарні. — Гэта зусім іншая ліга, — няёмка вымавіла яна.
— Гэта значна важней, — цьвёрда адказала Сьюзі. — Ты падаеш каву людзям, якія ў тым патрабуюцца, я проста стаўлю каву перад тымі, хто прагне сябе паказаць, іншых паглядзець.
Мужчын пацешыў такі паварот падзей. Дзяўчынкі захоплена гутарылі і яны, прадстаўленыя самі сабе, маглі абсмактаць матч да апошняй косткі. Потым яны загаварылі аб знакамітай вандроўцы ў Італію.
— Барталамеа таксама дзень і ноч кажа аб viaggio? — жадала ведаць Сьюзі.
— Чаму ты яго так завеш? — шапнула Фіёна.
— Бо так яго клічуць, хіба не? — уразілася Сьюзі.
— Насамрэч яго клічуць Бары.
— Вой. Ну, гэта Сыньёра. Яна незвычайная. Яна жыве ў хаце маёй маці, як кватарантка. Яна ўсім гэтым запраўляе і яна Лу назвала Луіджы. Гэта заразна, я часам сама яго так заву. Але ты зьбіраесься?
— Зьбіраюся куды?
— У Рым, — вымавіла Сьюзі, скругляючы вочы і літару Р.
— Ня ўпэўненая. Я пакуль не занадта добра знаёмая з Бары. Але калі ў нас усё пойдзе добра, можа я і паеду. Цяжка сказаць.
— Пачні адкладаць грошы, там будзе файна. Луіджы прагне ажаніцца там. Альбо, прынамсі, паехаць туды, як у вясельнае падарожжа. — Сьюзі пахістала пальчыкам з цудоўным смарагдавым кляйнодзікам.
— Як гожа.
— Ага, але гэта не сапраўдны камень, адзін прыяцель Лу зьвязаны з гэтым.
— Толькі ўявіць, мядовы месяц у Рыме, — летуценна працягнула Фіёна.
— Адзіны задрот, мядовы месяц мне прыйдзецца правесьці ў кампаніі пяцідзесяці ці шасьцідзесяці чалавек.
— Тады, раз ужо дзень будзе заняты, табе прыйдзецца забаўляць яго толькі ўначы.
— Забаўляць яго? А як наконт мяне? Думаю, ён мяне павінен забаўляць.
Фіёна, як зь ёй часта здаралася, пашкадавала аб сказаным. Вядома, такая дзяўчына, як Сьюзі, павінна разважаць падобнай выявай. Яна не сумняваецца, Луіджы будзе скокаць вакол яе. Ёй і ў галаву ня прыйдзе, як Фіёне, імкнуцца даставіць яму задавальненьне і разьдзірацца боязьзю выклікаць ягонае раздражненьне. Выдатна быць такой ўпэўненай. Калі выглядаеш як Сьюзі, з такой вось капой рудых валасоў, і калі працуеш у такім прэстыжным месцы і, трэба меркаваць, маеш за плячыма немалы сьпіс хлопцаў накшталт Луіджы, якія дораць табе ашаламляльныя кольцы … Фіёна глыбока ўздыхнула.