Сьюзі зірнула на яе з сымпатыяй. — На матчы было вельмі сумна? — пацікавілася яна.
— Не, зусім няблага. Я раней ніколі не хаджала. Неяк я ня вельмі сьцяміла наконт афсайду. Ты ў гэтым разумееш?
— Яшчэ навошта. Не разумею і разумець не жадаю. Варта ў гэта ўглыбіцца і вось ужо тырчыш на марозе сярод тых, хто квапіцца на твае барабанныя перапонкі. Сустракайся зь імі пасьля таго як, вось маё крэда. — У Сьюзі на ўсё мелася ўласнае меркаваньне.
Фіёна разглядала новую знаёмую зь непрыхаваным захапленьнем і зайздрасьцю. — Як табе ўдаецца … ну, паводзіць сябе так, аб усім ведаць? Гэта з-за таго, як добра ты выглядаеш?
Сьюзі кінула на яе вывучаючы погляд. Не, гэтая дзяўчынка з жывым тварам і вялізнымі акулярамі не пад'южвае яе. Яна кажа шчыра. — Паняцьця не маю, як я выглядаю, — шчыра адказала Сьюзі. — Бацька сьцьвярджае, я выглядаю, як самадайка і прасталытка. Маці ліча, я выглядаю трошкі легкадумна. Там, дзе я спрабавала ўладкавацца на працу, сказалі, што я залішне моцна фарбуюся. Хлопцы, якім карцела са мной любіцца, гаварылі, я выглядаю файна. Паспрабуй зразумей, як ты выглядаеш насамрэч.
— Ой, ведаю, ведаю, — пагадзілася Фіёна. Яе маці сьцьвярджала, што яна выглядае дурніцай ў сваіх суколках, людзям у лякарні яны падабаліся. Некаторыя казалі, што акуляры ёй да твару — павялічваюць вочы; іншыя пыталі, чаму яна не карыстаецца кантактнымі лінзамі. Часам яна любавалася сваімі доўгімі валасамі, часам меркавала, што выглядае з-за іх, нібы школьніца-пераростак.
— Урэшце я зразумела, што вырасла і не павінна ні пад каго падладжвацца, — растлумачыла Сьюзі. — І вырашыла рабіць тое, што падабаецца мне самой. У мяне нармалёвыя ногі, таму я апранаю кароткія спадніцы, але я не дурніца і фарбуюся зараз ня так моцна. Больш мяне не хвалюе, як да мяне паставяцца і што аба мне падумаюць.
— Лічыш, мне варта пастрыгчыся? — даверліва прашаптала Фіёна.
— Не, ня думаю. І ня думаю, што табе трэба пакінуць доўгія валасы. Гэта твае валасы і твой твар, і ты павінна рабіць так, як ты лічыш патрэбным, а не пытаць маёй рады, рады Барталамеа ці рады тваёй маці. Інакш ты назаўжды застанесься дзіцем. Такое, ва ўсялякім разе, маё меркаваньне.
Прыгажуні Сьюзі лёгка так разважаць. Фіёна пачувалася мышанём ў акулярах. Даўгахвостым мышанём. Але калі яна пазбавіцца акуляраў і доўгіх валасоў, яна будзе ўсяго толькі сьляпым мышаняткам з фрызурай. Як ёй пасталець, навучыцца прымаць рашэньні? Можа, штосьці адбудзецца, тое, што зробіць яе мацней?
Бары вечар даставіў плойму задавальненьня. Ён павёз Фіёну дахаты на матацыкле і, учапіўшыся за ягоны швэдар, яна разважала, што ёй адказаць, калі ён зноў запросіць яе на гульню. Набрацца мужнасьці і, роўна як Сьюзі, прапанаваць сустрэцца пасьля гульні? Або высьветліць у кагосьці правілы афсайду і пайсьці зь ім? Як лепш? Зразумець бы, чаго яна сама прагне. Але ў адрозьненьне ад Сьюзі яна яшчэ не пасталела, няма ў яе ўласнага меркаваньня.
— Прыемна было пазнаёміцца з тваімі сябрамі, — сказала яна, саскочыўшы з матацыкла ў пачатку сваёй вуліцы.
— У наступны раз зоймемся чымсьці, што ты вылучыш, — прапанаваў ён. — Заўтра зазірну да цябе. Як раз буду маці дахаты забіраць.
— А я думала, яна ўжо дома. — Бары абяцаў запрасіць яе на спатканьне, калі маці вернецца дахаты, вось яна і лічыла, што спадарыня Хэлі выпісалася. Фіёна баялася зьявіцца поруч палаты, раптам у ёй пазнаюць жанчыну, якая пакінула фрэзіі.
— Не. Мы думалі, ёй лепш, але ня тое.
— Вой, шкада.
— Яна ўбіла сабе ў галаву, што тата даслаў ёй кветкі. А ён, вядома, не пасылаў. І калі яна зразумела гэта, пачаўся рэцыдыў.
Фіёну адначасова кінула ў жар і ў холад. — Які жах, — вытхнулася яна. І ледзь чутна спытала: — Чаму яна думала, што ён прыносіў?
Бары змаркатнеў. Ён сьцепануў плячыма. — Хто ведае. Быў пук кветак і картка зь яе імем. Але лекары лічаць, яна сама іх сабе набыла.
— Чаму яны так мяркуюць?
— Таму што ніхто больш ня ведаў, дзе яна, — уздыхнуў Бары.
Яшчэ адну ноч Фіёна правяла не злажыўшы вачэй. Зашмат што адбылося. Матч, правілы, сустрэча з Луіджы і Сьюзі, магчымая вандроўка ў Італію, людзі, якія прынялі яе за сяброўку Бары. Ідэя аб тым, што калі ты сталееш, ты ведаеш, як табе паступаць, думаеш і вырашаеш сам за сябе. А потым жудаснае, жахлівае ўсьведамленьне таго, што падораныя ёю кветкі прычыніліся пагаршэньня стану маці Бары. Ёй карцела даставіць маркотнай жанчыне задавальненьне, падхрабрыць яе. Замест таго яна толькі напсавала. У тысячу разоў горш зрабіла.