На працу Фіёна прыйшла бледная і змучаная. Са скрыні з суколкамі яна ўзяла няслушны дзень тыдня. Здарыўся вялізны канфуз. Адны пыталі, куды дзявалася пятніца, іншыя высьвятлялі, навошта яна апраналася ў цемры. Адна жанчына, убачыўшы на грудзі ў Фіёны панядзелак, не пайшла на прыём да лекара, упэўненая, што памылілася днём. Фіёна замкнулася ў прыбіральні і пераапранула суколку задам наперад. Зараз заставалася толькі ні да каму не паварочвацца сьпіной.
Бары зьявіўся падчас абеду. — Спадарыня Кларк, мэнэджэр, адпусьціла мяне на пару гадзінак, яна файная. Таксама ў італьянскі кляс ходзіць, там я яе заву Франчэскай, а на працы спадарыня Кларк. Фацэтна, так?
Фіёна пачынала думаць, што палова Дубліна хаваецца ў гэтым клясе пад выдуманымі імёнамі. Але яе бянтэжылі больш важныя думкі, як зайздрасьць да людзей, гуляючых у дзіцячыя гульні ў школе Выгляд-На-Гару. Трэба даведацца аб яго маці, не задаючы прамых пытаньняў.
— Усё добра?
— Як табе сказаць. Маці не жадае ехаць дахаты, а стан здароўя не дазваляе далей трымаць яе тут, ім прыйдзецца перавесьці яе ў вар'ятню. — На ім твары не было.
— Як дрэнна, Бары.
— Ды няхай, нешта прыдумаю. Я проста жадаў сказаць, ты ж ведаеш, я абяцаў, што ў наступны раз мы пойдзем, куды ты вылучыш …
Фіёна запалохалася. Толькі выбару ёй зараз бракуе. Тага яна ўжо ня вытрывае.
— Я пакуль ня вырашыла …
— Не, я жадаў сказаць, нам прыйдзецца адкласьці спатканьне, але гэта ня значыць, што я сустракаюся зь іншай або не жадаю цябе бачыць … — палка перапыніў яе Бары.
Фіёна зразумела, яна сапраўды падабаецца яму. Камень ў яе на сэрцы стаў на тры чвэрці лягчэй. — Ой, спыніся, напрамілы Бог, я разумею. Убачымся, калі ўсё ўладкуецца. — Яе твар празьзяў, людзі, якія чакалі гарбату і каву, былі забытыя.
Бары таксама шырока усьміхнуўся і памчаўся.
Фіёна вывучыла правілы, датычныя афсайду, але не магла зразумець, як пераканацца ў наяўнасьці менавіта двух чалавек паміж футбалістам і брамай. Ніхто ня здолеў даць ёй зразумелага адказу.
Яна патэлефанавала сваёй сяброўцы, Брыджэт Данн.
Слухаўку зьняў бацька Брыджэт. — Рады магчымасьці паразмаўляць з табой, Фіёна. Баюся, калі ты ў апошні раз была ў нас, я сябе вёў не занадта пачціва па дачыненьні да цябе. Выбачай калі ласка.
— Усё добра, спадар Данн. Вы былі засмучаны.
— Так, я быў вельмі засмучаны, і засмучаны дагэтуль. Але гэта не апраўдвае недапушчальныя паводзіны па дачыненьні да госьця. Прымі, калі ласка, мае выбачэньні.
— Няма за што. Магчыма, мне проста ня варта было прыходзіць.
— Я паклічу Брыджэт.
Брыджэт мелася ў выдатнай форме. Яна схуднела на кіляграм, абзавялася фантастычным жакетам, у якім выглядала дадатна кашчавай, і памкнулася бясплатна паехаць у Прагу. Ад жудасных, зьедлівых заяў, расплюшчываючых людзям вочы на тое, што яны зь сябе ўяўляюць, і сьледу не засталося.
— Як Гранія пажывае?
— Паняцьця ня маю.
— Жадаеш сказаць, што ня бачылася зь ёй? — шакаваў Фіёну адказ сяброўкі.
— Гэй, выдатная ідэя. Давай наведаем адвячоркам салодкі кубялок, пабачым яе. За адным махам, можа, старэчу сустрэнем.
— Тш-ш, не заві яго так. Твой бацька пачуе.
— Ён сам яго так заве, гэта ягоны выраз, — безапэляцыйна абвесьціла Брыджэт.
Яны ўмовіліся аб месцы сустрэчы. Брыджэт меркавала, візыт апынецца фацэтным. Фіёна жадала ведаць, ці ачуняла Гранія пасьля здарэньня.
Дзьверы адчыніла Гранія, апранутая ў чорныя джынсы і доўгі чорны швэдар, і ўразілася, убачыўшы іх. — Вачам сваім ня веру, — радасна выгукнула яна. — Праходзьце. Тоні, ля нашых дзьвярэй першыя ластаўкі прымірэньня.
Ён выйшаў, усьмешлівы, сымпатычны, але вельмі стары. У Фіёны ў галаве не зьмяшчалася, як магла Гранія зьвязаць свой лёс з гэтым чалавекам.
— Мая сястра Брыджэт і наша сяброўка Фіёна.
— Гасьцінна запрашаемо, вы надзвычай своечасова. Я зьбіраўся раскаркаваць бутэлечку віна, а Гранія сказала, мы зашмат п'ем, то бок я зашмат п'ю… ну а зараз мы яе пачнем. Ён правёў іх у пакой, абстаўлены кнігамі, касэтамі, кружэлкамі. Гучала нейкая грэцкая мэлодыя.
— Гэта танец з Антыгоны? — запытала Фіёна.
— Не, але кампазытар той самы. Вам падабаецца Тэадаракіс? — Яго вочы зазьзялі. Падаецца, знайшоўся чалавек, які любіць музыку яго пакаленьня.
— Хто? — перапытала Фіёна, і ўсьмешка яе суразмоўцы стала сумнай.
— Тутака прышпільна, — Брыджэт аглядалася з зайздросьлівым захапленьнем.
— Сапраўды ж? Тоні заказваў гэтыя паліцы ў таго самага чалавека, які рабіў паліцы для таты. Як ён? — Гранія сапраўды жадала ведаць.
— Ведаеш, гэтак жа, — ня здолела суцешыць яе Брыджэт.