— Па-ранейшаму сыпе громы і маланкі?
— Не, больш енчыць і ўздыхае.
— А маці?
— Ты ж маці ведаеш, па ёй і не прыкметна, што ты сышла.
— Дзякуй, суцешыла.
— Я толькі шчыра табе адказала.
Фіёна падтрымлівала гутарку з пажылым гаспадаром, імкнучыся перашкодзіць яму ўслухоўвацца ў інтымныя падрабязнасьці, датычныя сям'і Даннаў. Але ён, мабыць, усё ўжо ведаў.
Тоні напоўніў віном іх келіхі. — Надзвычай прыемна было ўбачыць вас, дзяўчынкі, але сякія-такія школьныя справы патрабуюць маёй увагі, а вам карціць пабалбатаць, таму дазвольце вас пакінуць.
— Ты не павінен сыходзіць, каханы. — Гранія назвала яго каханым цалкам неўсьвядомлена.
— Ведаю, што не павінен, але сыду. — Ён зьвярнуўся да Брыджэт. — Калі будзеце размаўляць з вашым бацькам, скажыце яму … увогуле … скажыце яму … — Брыджэт чакальна глядзела на яго. Але словы даваліся Тоні А’Брайну з напругай. — Скажыце яму … у яе ўсё добра, — хрыпла вымавіў ён і сышоў.
— Ну, — заявіла Брыджэт, — што ты аб тым скажаш?
— Ён у роспачы, — адказала Гранія. — Тата зь ім не размаўляе ў школе, сыходзіць, калі ён набліжаецца. І яму ад тага вельмі цяжка. І мне цяжка ня мець магчымасьці зайсьці дахаты.
— Ты ня можаш зайсьці дахаты? — перапытала Фіёна.
— Насамрэч не. Зноў будзе сцэна, ён зноў скажа, што я яму не дачка.
— Ня думаю, ён супакоіўся трохі, — выказала сваё меркаваньне Брыджэт. — Першыя некалькі візытаў ён будзе вохкаць і ахкаць, аб потым усё пойдзе нармалёва.
— Ненавіджу, калі ён кепска кажа пра Тоні, — працягвала вагацца Гранія.
— Жадаеш сказаць, выцягвае на сьвет божы яго змрочнае мінулае? — удакладніла Брыджэт.
— Ага. Калі на тое пайшло, у мяне таксама ёсьць сякое-такое мінулае. Будзь мне гэтулькі гадоў, колькі яму, я бы, спадзяюся, абзавялася вельмі самавітым паслужным сьпісам.
— Шчасьліўка ты, у цябе ёсьць мінулае, — пазайздросьціла Фіёна.
— Ой, Фіёна, маўчала бы. Ты худзенькая, нібы дубчык. З твайго мінулага пэўна можна цэльнае войска сабраць, — чмыхнула Брыджэт.
— Я ніколі ні з кім не любілася, не займалася каханьнем, не рабіла нічога такога, — выпаліла Фіёна.
Сёстры Данн паглядзелі на яе са зьдзіўленьнем.
— Ты павінна была, — сказала Брыджэт.
— Што значыць павінна? Можаш даць веры, я б тое памятала. Але я тага не рабіла.
— Чаму? — спытала Гранія.
— Ня ведаю. Ці трапляўся нехта п'яны ці жудасны, ці месца непрыдатнае было альбо занадта позна, час дахаты ісьці. Вы ж мяне ведаеце. — Яе перапаўнялі каяньне і жаль да сабе. Гранія з Брыджэт нават пазбавіліся дарунка прамовы. — Але зараз мне б карцела, — горача скончыла Фіёна.
— Шкада, мы дазволілі сёе-каму сысьці. Ён бы табе зрабіў такую ласку, — Брыджэт хітнула на дзьверы, за якімі схаваўся Тоні А’Брайн.
— Павінна табе паведаміць, я не знаходжу гэта ні на дробку сьмешным, — успыхнула Гранія.
— Я таксама, — неўхваляльна пацьвердзіла Фіёна. — У мяне і ў думках не было займацца тым зь першым стрэчным. Гэта павінен быць чалавек, якога я кахаю.
— Ой, якія мы далікатныя, — сьцепанула плячыма Брыджэт.
Гранія ізноў напоўніла келіхі. — Лепей ня будзем сварыцца, — сказала яна.
— А хто сварыцца? — нявінна залупала вочкамі Брыджэт, пацягваючы віно.
— Памятаеце, нам у школе падабалася вылучаць, шчырасьць ці адвага?
— Ты заўжды выбірала адвагу, — нагадала Фіёна.
— А сёньня прапаную вылучыць шчырасьць. Скажыце мне абедзьве, што я павінна рабіць.
— Ты павінна схадзіць дахаты, пабачыць тату. Ён безь цябе нудзіцца, — пачала Брыджэт.
— Пакуль ён не абвыкне, табе ня варта згадваць пры ім аб … э … Тоні. Ты павінна размаўляць зь ім на іншыя тэмы, аб банку, аб палітыцы, аб вечаровым клясе, якім ён кіруе, — прапанавала Фіёна.
— А маці? Ёй сапраўды ўсё роўна?
— Не, я сказала так, каб цябе раззлаваць. Але ты ж ведаеш, яна на чымсьці зацыклілася, ці то на працы, ці то на мэнапаўзе. Для яе на табе сьвет клінам не сышоўся, як для таты.
— Даволі справядліва, — пагадзілася Гранія. — Зараз чарга Брыджэт.
— Бадай, Брыджэт варта трымаць рот на замку наконт сваёй вагі, — не прымусіла ўпрошваць сябе Фіёна.
— Бо яна зусім ня ўкормленая, яна сэксуальная. Вялікія грудкі і круглыя палавінкі, хіба ня гэта мужчынам падабаецца? — падхапіла Гранія.
— І да таго асіная талія, — дадала Фіёна.
— Але слата-чалавек, калі справа кранае чортавых калорый і зламаных маланак, — разрагаталася Гранія.
— Лёгка казаць, калі сама роўна як кій.
— Нудная і сэксуальная, нечаканае спалучэньне, — абагульніла Гранія.