А Брыджэт зьлёгку ўсьміхнулася, прызнаючы іх шчырасьць. — Годна. Зараз Фіёна.
Сёстры памаўчалі. Джаліць чальцоў сваёй сям'і неяк лягчэй.
— Дайце-ка мне яшчэ трошкі выпіць, трэба памкнуцца з духам, — нечакана папрасіла Фіёна.
— Занадта сарамлівая.
— Залішне ветлівая.
— Няма свайго пункта погляду.
— Ня ў стане прымаць рашэньні.
— Ніяк ня здолее пасталець і зразумець, што жыць трэба сваім розумам.
— Верагодна, зьбіраецца ўсё жыцьцё заставацца дзіцем.
— Ну-ка паўтарыце, — перапыніла іх Фіёна.
Гранія і Брыджэт зьбянтэжыліся. Падаецца, яны зьлёгку ўцягнуліся.
— Проста ты занадта любасная да людзей і ніхто насамрэч ня ведае тваё меркаваньне, — растлумачыла Гранія.
— Або ці ёсьць у цябе сваё меркаваньне, — суха дадала Брыджэт.
— А што значыць заставацца дзіцем?
— Ну, мне падаецца, мы ўсе павінны прымаць рашэньні, бо так? Інакш іншыя людзі прымаюць іх за нас, а гэта і значыць заставацца дзіцем. Вось гэта я мела на ўвазе, — распавяла Гранія. Ёй не жадалася пакрыўдзіць Фіёну.
— Дзіўна. Мне гэта ўжо гаварылі. Тая дзяўчына, Сьюзі, казала тое самае, калі я спытала яе, ці трэба мне пастрыгчыся. Як дзіўна.
— Дык што ты маеш намер рабіць? — спытала Брыджэт.
— З чым?
— Як наконт абзавесьціся ўласным поглядам на рэчы, пераспаць з сваім хлопцам, зрабіць фрызуру, мець сваё меркаваньне?
— А ты спыніш ныцьцё аб калорыях? — з натхненьнем выгукнула Фіёна.
— Ну так, калі гэта так слотна.
— Тады добра.
Гранія прапанавала зьбегаць да кітайцаў, калі Фіёна паабяцае не пакутаваць над выбарам, а Брыджэт не прамовіць ні словы аб перасмажаных стравах. Яны пагадзіліся на яе варункі, калі назаўтра яна пойдзе пабачыцца з бацькам.
Яны адкаркавалі іншую пляшку віна і рагаталі датуль, пакуль не вярнуўся гаспадар хаты і не сказаў, што ў ягоным ўзросьце варта рана класьціся спаць, таму ён змушаны разьвітацца зь імі.
Але судзячы па тым, як ён глядзеў на Гранію, у яго пляны не ўваходзіла тэрміновае спачываньне.
— Ну, гэта была выдатная думка, схадзіць пабачыць іх. — Брыджэт цалкам пераканалася ў сваім аўтарстве гэтай ідэі да таго моманту, калі яны апынуліся ў аўтобусе.
— Яна выглядае вельмі шчасьлівай, — зазначыла Фіёна.
— Хоць ён такі стары, бо так?
— Затое ён той, хто ёй патрэбен, — цьвёрда адказала Фіёна.
Да яе зьдзіўленьню, Брыджэт горача падтрымала яе. — У гэтым сутнасьць. Будзь ён хоць з Марса, з вушамі-антэнамі, гэта не мае значэньня, калі ён той, хто ёй патрэбен. Калі бы ў большасьці людзей хапала мужнасьці паступаць паводле сваіх жаданьняў, сьвет быў бы нядрэнным мястэчкам. — Яна гаварыла вельмі гучна, магчыма, пад уплывам выпітага віна.
Шмат людзей ў аўтобусе пачулі яе і засьмяяліся, некаторыя нават запляскалі ў ладкі. Брыджэт люта бліснула вачыма ў іх бок.
— Гэй, сэксуальная лялечка, падаруй нам усьмешачку, — крыкнуў адзін з хлопцаў.
— Яны назвалі мяне сэксуальнай лялечкай, — з захапленьнем шапнула Брыджэт Фіёне.
— А мы табе што казалі?
Фіёна цьвёрда вырашыла быць іншым чалавекам, калі Бары Хэлі зноў запросіць яе. Бо ён несумнеўна яе запросіць.
Час цягнуўся жудасна марудна, хоць прайшоў ўсяго тыдзень, перш як Бары зьявіўся зноў.
— Дома ўсё добра? — спытала яна.
— Авохці. Мая маці ні да чаго не выяўляе цікавасьці, яна нават варыць есьці спыніла. Раней шточас кухарыла ці адно, ці іншае, і ўсіх ледзь не сілом карміла. Зараз, калі я не куплю гатовую ежу ў супэрмаркеце, яна проста нічога не ясі.
Фіёну захлынала спагада. — Што ты думаеш рабіць? — запытала яна.
— Шчыра кажучы, паняцьця ня маю. Хутка я канчаткова звар'яцею. Паслухай, ты вырашыла, куды мы пойдзем?
І тут Фіёна раптам адважылася. — Мне б карцела пайсьці да цябе дахаты на філіжанку гарбаты.
— Мабыць, не занадта добрая ідэя, — уразіўся ён.
— Ты мяне спытаў, чаго я хачу, я табе адказала. Калі ты скажаш, што прывядзеш на вячэру дзяўчыну, гэта разварушыць тваю маці, ёй прыйдзецца нешта накухарыць да майго прыходу. А я здолею быць любаснай, вясёлай і падтрымаць гутарку.
— Не, Фіёна. Пакуль ня варта.
— Але хіба зараз ня самы прыдатны момант, калі гэта магло бы дапамагчы? Як яна вырашыць, што жыцьцё вярнулася ў нармалёвую каляіну, калі ты нічога дзеля тага ня робіш?
— Спадзяюся, ты ведаеш, аб чым кажаш, — засумняваўся ён. — Тады які сьпіс страў на вечар? — З самымі змрочнымі прадчуваньнямі прызначыў Бары дзень візыту.
Насуперак яго чаканьням Фіёна не зьбянтэжылася і не пачала ўпэўніваць, што ёй усё спадабаецца, і сьпіс страў ня мае значэньня. Як ні дзіўна, яна растлумачыла, наколькі стамляецца пасьля доўгага працоўнага дня, і папрасіла зрабіць штосьці істотнае, накшталт пасты ці, напрыклад, бульбянога смажню зь мясам. Бары уразіўся, але просьбу перадаў.