Выбрать главу

— Не змагу я зрабіць нічога такога, — адмахнулася маці Бары.

— Вядома зможаш, маці, бо ты выдатна гатуеш.

— Твой бацька так ня думае, — нахмурылася яна і ў Бары зноў пацяжэла на сэрцы. Трэба нешта значна больш сур'ёзнае за прыход Фіёны да вячэры, каб разварушыць яго маці. І чаму ён адзінае дзіця? Добра было бы падзяліць гэта, скажам, з шасьцю братамі і сёстрамі. Вось бы бацька сказаў нарэшце тыя клятыя рэчы, што прагне пачуць ад яго маці. Што ён кахае яе і сэрца яго абягала крывёй ад яе спробы пазбавіць сябе жыцьця. І пакляўся бы ніколі не пакідаць яе дзеля іншай жанчыны. Ды ў рэшцы рэшту бацька яго жудасна стары, яму амаль пяцьдзесят. Вядома, Госпаду, ня кіне ён маці дзеля кагосьці. Каму ён патрэбен для пачатку? І чаму ён так уперся, сьцьвярджаючы, што спробы самазабойства заўжды шантаж і ён на шантаж не паддасца? Па іншых пытаньнях у бацькі цьвёрдага меркаваньня ніколі не стае. Падчас выбараў альбо рэфэрэндуму бацька, замест таго каб выказаць сваё меркаваньне, толькі ўздыхне і ў сваю штодзённую газэту ўзорыцца. Адкуль ў гэты раз такія моцныя эмоцыі? Чаму ён ня можа зрабіць ёй задавальненьне, вымавіць тыя словы, што ёй патрэбныя?

Зразумела. Бліскучая ідэя Фіёны не спрацуе.

— Добра, маці. Паспрабую сам нешта згламэздаць. Я, вядома, ня ўмею, але паспрабую. І выдам гэта за тваю ежу. Урэшце, не жадаю прымушаць яе думаць, што ты ёй ня радая.

— Ды прыгатую я, — ня вытрымала маці. — Ты нават Казарына накарміць ня ў стане. — Іх вялікі, аднавокі кот атрымаў сваё імя ў гонар Тоні Казарына, які гуляў ў футбол за Рэспубліку Ірляндыю. Кот, адылі, асаблівай хуткасьцю не адрозьніваўся.

Фіёна прынесла для маці Бары скрыначку шакалядных цукерак.

— Вох, ня трэба было, я ад іх толькі патаўсьцею, — уздыхнула бледная жанчына са стомленымі вачыма і цьмянымі валасамі, апранутая ў сумную карычневую сукенку.

Але Фіёна паглядзела на яе з захапленьнем. — Не, спадарыня Хэлі, вы не патаўсьцееце. У вас цудоўныя скулы. Па скулах заўсёды можна вызначыць, ці пахілены чалавек да ўкормленасьці.

Бары зазначыў, як яго маці зь недаверам дакранулася да свайго твару. — Сапраўды? — запытала яна.

— Само сабою, вазьміце кіназорак з добрымі скуламі … — Разам, захлёбваючыся, прыняліся яны пералічваць. Одры Хэпберн ніколі не набрала ні фунту, Ава Гарднэр, Мэрыл Стрып. Потым яны абмеркавалі так званых прыгажунь, чые скулы немагчыма разгледзець няўзброеным вокам.

Шмат тыдняў ня бачыў Бары сваю маці такой ажыўленай. Потым ён пачуў, як Фіёна кажа аб Мэрылін Манро, якая, дажыві яна да старасьці, магла ня вытрымаць правяраньне часам. Навошта яна дазваляе гутарцы круціцца вакол людзей, якія скончылі жыцьцё самагубствам?

Яго маці цалкам натуральна ўспрыняла такую тэму. — Пакончыла яна з сабою, зразумела, не з-за скул.

Фарба кінулася Фіёне ў твар, але яна зладзілася. — Не, мяркую, яна зрабіла гэта, вырашыўшы, што яе нядосыць кахаюць. Пане, калі бы мы ўсе так рабілі, сьвет спусьцеў бы раней часу. — Бары затаіў дыханьне. Яна разважала на выбухаванебясьпечны тэмат так лёгка і нязмушана.

Але яго маці нечакана адказала цалкам нармалёвым голасам. — Можа, яна спадзявалася, што яе знойдуць і той, каго яна кахае, пашкадуе?

— На мой погляд, ён пасьля такога толькі больш за ранейшае яе бы брудам паліваў, — радасна абвясьціла Фіёна.

Бары глядзеў на Фіёну з захапленьнем. Сёньня яна перасягнула саму сябе. Цяжка сказаць чаму, але яна больш не вырабляла ўражаньня чалавека, які чакае, пакуль за яго ўсё вырашаць. Як яна мела рацыю, настаяўшы на гэтай вячэры. Уявіць толькі, з усіх людзей менавіта Фіёна сказала яго маці аб яе выдатных скулах. Усё атрымалася зусім ня так жудасна, як ён чакаў. Ён дазволіў сабе трохі паслабіцца і ўявіць, аб чым яны стануць размаўляць далей, абмінуўшы міннае поле самазабойства Мэрылін Манро.

Спроба скласьці сьпіс тэмаў для гутаркі не ўвянчалася посьпехам. Сказаць аб месцы працы Фіёны немагчыма, не нагадаўшы ўсім аб прамываньні страўніку і знаходжаньні ў лякарні. Ні з таго ні з гэтага распачаць гутарку аб італьянскім клясе, аб супэрмаркеце ці яго матацыкле таксама нельга, занадта відавочна будзе яго імкненьне перавесьці гутарку ў іншае рэчышча. Ён памкнуўся была распавесьці маці аб суколках Фіёны, але маці тое можа не спадабаецца, тады ён падвядзе Фіёну, якая апранулася дзеля гэтай сустрэчы ў гожы пільчак і сымпатычную ружовую кашулю.

У гэты момант зьявіўся кот і ўтаропіўся на Фіёну сваім адзіным вокам.