— Дазволь прадставіць табе Казарына. — Ніколі ў жыцьці Бары не выпрабоўваў да тага вялікага, злоснага ката такіх пяшчотных пачуцьцяў. Хай толькі Казарына ня драпае Фіёніну новую спадніцу і не вылізвае сваю паляндвічную частку ва ўсіх на вачах. Але кот паклаў галаву Фіёне на калены і пачаў курняўкаць, быццам шурбалёт, набіраючы абарачэньні.
— Ці ёсьць у цябе ў хаце котка? — спытала маці Бары.
— Не, мне б карцела, але бацька кажа, ад іх акрамя шкоды ніякай карысьці.
— Які жаль. Я знаходжу іх калясальным суцяшэньнем. Бачыць Казарына, магчыма, не зашмат, але для мужчыны ён вельмі разумеючы.
— Ведаю, — пагадзілася зь ёй Фіёна. — Проста дзіўна, да чаго з мужчынамі цяжка. Мне падаецца, насамрэч яны не жадаюць нічога дрэннага, проста яны так ўладкаваны.
— Яны ўладкаваны бессардэчна, — у спадарыні Хэлі падазрона зазьзялі вочы. — Нешта ў іх грудзі б'ецца і перапампоўвае кроў, але тое ня сэрца. Вазьмі бацьку Бары, нават у гэты вечар яго няма, хоць ён і ведае, што Бары запрасіў сяброўку да вячэры. Ён ведае, а яго дагэтуль няма.
Горшага Бары сабе і ўявіць ня мог. Яго маці паглыбілася ў нетры ў першыя ж паўгадзіны.
Але да яго поўнага зьдзіўленьня, Фіёна, падаецца, лёгка зладзілася з наступнай пошасьцю.
— Такія мужчыны. Калі я запрашу Бары да сабе, пазнаёміцца з маёй сям'ёй, мой бацька мяне таксама падвядзе. Не, ён там абавязкова будзе, ён заўсёды там. Але іду ў заклад, у першыя ж пяць хвіль ён распавядзе Бары, як небясьпечна езьдзіць на матацыкле, як небясьпечна вадзіць супэрмаркетаўскі вэн, якая бздура захапляцца футболам. Калі яму атрымаецца прыдумаць штосьці супраць вывучэньня італьянскага, ён і аб тым скажа. Яму ўсё блага, ён ва ўсім бачыць толькі заганы. Гэта вельмі прыгнятае.
— А што аб тым кажа твая маці? — зацікавілася сытуацыяй маці Бары. Яе ўласная атака на мужа быццам адышла на другі плян.
— Ну, думаю, пасьля такой колькасьці разам пражытых гадоў яна пачала згаджацца зь ім. Разумееце, спадарыня Хэлі, яны старыя, значна старэй за вас і бацьку Бары. Я наймалодшая ў вялікай сям'і. Яны ўпэўненыя ў сваёй правасьці, іх ужо не пераробіш. — Яна выглядала такой непасрэднай у сваіх вялікіх акулярах і з ружовым бантам, завязаным на яе цудоўных, бліскучых валасах. Любая маці жадала бы для свайго сына такую спагадліваю дзяўчынку.
Маці пачынае мякчэць, зазначыў Бары.
— Бары, будзь добрым хлопчыкам, пайдзі на кухню, пастаў пірог у духоўку і зрабі ўсё, што там трэба.
Ён пакінуў іх і загрымеў посудам, потым прабраўся да дзьвярэй паслухаць, што адбываецца ў гасьцёўні. Нічога не разабраць, яны размаўляюць занадта ціха. Пане, хай бы Фіёна ня ляснула ніякай дурасьці. І хай бы яго маці не гавэндала аб сваіх фантазіях наконт таты і яго меркаванай жанчыны. Ён уздыхнуў і вярнуўся на кухню, накрываць стол для іх траіх. Яго ахапіла раздражненьне. Чаму бацькі няма ў хаце? Урэшце, гэта спроба нармалізаваць сытуацыю. Ён мог бы прыкласьці хоць нейкія высілкі. Як тата не разумее, бо гэтым ён толькі дае глебу для матуліных падазронаў.
Чаму ён ня можа проста прыйсьці, пасядзець з ўсімі? Маці, да таго ж, зрабіла пірог з куранём і яблычны торт на салодкае. Немалы прагрэс.
Вячэра прайшла лепш, як ён сьмеў спадзявацца. Фіёна зьела ўсё, што ёй паклалі і ледзь ня вылізала сподак. Ёй бы карцела навучыцца пячы, сказала яна, яна дрэнна гатуе. І раптам яе натхніла. — Вось чым я магу заняцца, — пайсьці на курсы, дзе абучаюць кухарыць, — выгукнула яна. — Бары пытаў, чаму я сапраўды прагну навучыцца, і зараз, пабыўшы на такой вячэры, я ведаю, чаго прагну.
— Добрая думка, — Бары быў на сёмым небе ад хвалы ў мамчыну адрэсу.
— У чалавека, які будзе вучыць цябе пячы, павінна быць лёгкая рука, — зазначыла яго маці.
Бары раззлаваў. Вядома, абавязкова трэба знайсьці ў гэтай ідэі заганы.
Але Фіёна, падаецца, не зьвярнула ўвагі. — Так, я ведаю, і потым зараз сярэдзіна сэмэстра і ўсё такое. Паслухайце … не, мне няёмка прасіць … але мабыць … — Яна з надзеяй паглядзела на маці Бары.
— Працягвай, у чым справа?
— Нават не асьмельваюся вымавіць. Не маглі бы вы паказаць мне, разумееце, даць некалькі рад? Па аўторкам і чацьвяргам, калі Бары на сваіх занятках. — Пажылая жанчына маўчала і Фіёна рашуча працягнула. — Выбачайце, так тыпова для мяне разьзявіць мой вялізны рот раней, як паразважыць, што кажу.
— Я з задавальненьнем павучу цябе кухарыць, Фіёна, — перапыніла струмень выбачэньняў маці Бары. — Пачнем у наступны аўторак з хлеба і куханоў.
Брыджэт Данн выпала ў асадак. — Угаварыць яго маці вучыць цябе гатаваць! Найразумнейшы ход, — захапілася яна.