Выбрать главу

Жудасна цяжка было слухаць яе. Усё так смутна. А па словах Бары гэта толькі плён яе ўяўленьня.

— Яна размаўляе з табой на тую тэму? — спытаў Фіёну Бары.

Фіёна адчувала патаемнасьць гутарак над бляхай зь цестачкамі і рондалямі зь кіпенем, і за кубачкам кавы пасьля кухарства, калі Фіёна садзілася на канапу, а вялізны аднавокі Казарына курняўкаў у яе на каленах.

— Так, самую дробязь, — схлусіла яна.

Нэса Хэлі лічыць Фіёну сваім сябрам. Ня годна пераказваць іншым гутаркі зь сябрамі.

Бары і Фіёна бавілі разам шмат часу. Хадзілі на футбол і ў кіно, карыстаючыся добрым надвор'ем выпраўляліся на матацыкле ў Ўіклаў і Кілдэр, любаваліся месцамі, у якіх Фіёне перш ня мелася бываць.

Ён ня клікаў яе ў падарожжа ў Рым, viaggio, як яны яго звалі. Фіёна спадзявалася, што неўзабаве пакліча, і на ўсялякі выпадак зьвярнулася за пашпартам.

Часам яны выбіраліся кудысьці учатырох, са Сьюзі і Луіджы, якія запрасілі іх на сваё вясельле. У Дубліне, ў першай палове чэрвеня. Нажаль, ад вясельля ў Рыме прыйшлося адмовіцца. Бацькі Сьюзі сказалі не, бацькі Луіджы запярэчылі, сябры сталі рубам. Замест тага ў Рыме пройдзе мядовы месяц.

— Сама ты зьбіраесься вывучаць італьянскі? — пацікавілася Фіёна.

— Не. Калі яны прагнуць са мной размаўляць, хай гавораць на маёй мове, — адрэзала Сьюзі, упэўненая прыгожая дзяўчына, якая запатрабавала бы, каб эскімосы вучылі яе мову, калі б памкнулася на Паўночны Полюс.

Вызначалася вялікая дабрачынная вечарына. Італьянскі кляс, усе трыццаць вучняў, прынясуць ежу. Выпіўку забясьпечыць супэрмаркет. Хтосьці ведае гурт, гатовы граць бясплатна, калі іх фатаздымак надрукуе мясцовая газэта. Кожны навучэнец запросіць ня менш за пяць чалавек, якія заплацяць па пяці фунтаў за квіткі. Гэта дасьць 750 фунтаў на viaggio. І яшчэ адбудзецца грандыёзная лятарэя. Прызы вялізныя. Дадасца фунтаў 150 ці нават больш. Турыстычнае агенцтва стала зьніжае кошты. У Рыме ўжо забраніраваны месцы ў pensione. Замоўлена вандроўка ва Флярэнцыю з начлегам ў інтэрнаце і заездам у Сіену.

Бары біў у бубны, склікаючы сваіх пяць удзельнікаў вечарыны.

— Прашу цябе пайсьці, тата, — сказаў ён. — Для мяне гэта шмат значыць. Дарэчы, памятаеш, мы з маці заўжды прымалі ўдзел у паездках на пікнікі з тваёй працы.

— Ня ўпэўнены, ці буду я вольны, сынок. Калі здолею, прыйду. Дакладней пакуль сказаць не магу.

З Бары пойдуць Фіёна, яго маці, прыяцель з працы і сусед. Фіёна прагнула запрасіць сваіх сябровак, Гранію і Брыджэт, але яны ўжо ідуць з сваім бацькам. І Сьюзі ідзе з Луіджы. Будзе файны вечар.

Урокі кулінарыі працягваліся. Фіёна і маці Бары вырашылі зрабіць для вечарыны вельмі экзатычны дэсэрт пад назвай cannoli. Цеста начыняецца садавінай, арэхамі, сырам і моцна абсмажваецца.

— Ці гэта ня нешта накшталт пасты, вы ўпэўненыя? — усхваляваўся Бары.

Не, засьведчылі яго жанчыны, то cannelloni. Ён сумняваўся. Яны прапанавалі яму параіцца з Сыньёрай. Сыньёра назвала cannoli alla siciliana адной з найсмачных страў у сьвеце. Нават сьлінкі цякуць і карціць паспрабаваць хутчэй, сказала яна.

Даверныя гутаркі на кухні паміж Фіёнай і Нэсай Хэлі працягваліся. Фіёна распавяла, што Бары ёй сапраўды вельмі падабаецца. Ён велікадушны, добры чалавек. Але яна не жадае прысьпешваць яго. Ёй падаецца, ён пакуль не гатовы абзавесьціся сям'ёй.

А маці Бары распавяла Фіёне, што ня можа адступіцца ад свайго мужа. Быў момант, калі яна магла асьвядоміць, што ён не кахае яе і адпусьціць яго да той, каго ён кахае. Але ня зараз.

— Чаму так? — жадала ведаць Фіёна.

— Калі я гэтым разам ляжала ў лякарні, ведаеш, калі я трохі здуравала, ён прынёс мне кветкі. Мужчына ня будзе тага рабіць, калі яму абыякава. Ён прынёс пук фрэзіяў і пакінуў іх для мяне. Па яго словам, ён тага не рабіў, але я ведаю, рабіў. Хоць ён і шумеў, патрабаваў ня ўцягваць яго ў калектыўнае вар'яцтва, ён турбаваўся, Фіёна. Вось чаму я буду трымацца.

Фіёна апусьцілася на крэсла, вочы за шкельцамі акуляраў вялізныя, рукі ў муцэ. Апошнімі словамі лаяла яна сябе. Уласнымі рукамі пастку збудавала, дурніца няшчасная. Калі прызнавацца, дык прызнавацца трэба менавіта зараз, сей момант. Яна ліхаманкава меркавала.

Але варта было ёй паглядзець у твар Нэсы Хэлі і ўбачыць на ім зьзяньне жыцьця і надзеі, яна сьцяміла, перад якой нягодай апынулася. Як магчыма прызнацца, што яна, дзяўчынка, што прадае каву ў бальнічным холе, прынесла тыя клятыя фрэзіі? Яна, Фіёна, якая быццам паняцьця ня мае аб спробе самагубства. Што б ні распачала зараз Фіёна, спрабуючы выправіць прычыненае ёй злачынства, важна адно, захаваць гэтую надзею і гэтае жыцьцё. Яна знойдзе выйсьце.