Як жа, знойдзе выйсьце, з роспаччу паўтарыла сабе Фіёна. Дні лятуць, а жанчына, якая ў адзін выдатны дзень можа стаць яе сьвякрухай, паўтарае, што каханьне не памірае, калі хтосьці дасылае пук кветак.
Сьюзі бы ведала, што рабіць, але Фіёна ня стане раіцца зь ёй. Ні за якія пернікі. Сьюзі можа сказаць Луіджы, а Луіджы напэўна распавядзе свайму сябруку Барталамеа, як ён упарта заве Бары. Ды да таго ж Сьюзі пачне пагарджаць ёю, а Фіёна тага не жадае.
Ад Брыджэт і Граніі у падобнай сытуацыі ніякай карысьці. Фіёна ў сваім рэпэртуары, скажуць яны, зноў тузаецца па дробязях. Улюбёнае слоўца іх старой школьнай настаўніцы. Ня тузайцеся, дзяўчынкі, крычала яна і яны пхалі кулакі ў рот, імкнучыся заглушыць сьмех. Потым Брыджэт і Гранія палічылі слоўца тузацца найпрыдатным для Фіёны, штосьці сярэдняе паміж мітусіцца, губляцца і турбавацца. Нельга прызнавацца ім, наколькі затузанай, спалоханай і няшчаснай адчувае яна сябе зараз, бо яны ва ўсім абвінавацяць яе саму. І несумнеўна будуць мець рацыю.
— Ты да мяне добра ставісься, Фіёна? — запытала спадарыня Хэлі пасьля таго як яны сьпяклі цытрынавы торт.
— Вельмі добра.
— І адкажаш мне шчыра?
— Ну, так, — піснула Фіёна. Яна зрыхтавалася да зруйнавальнага ўдару. Нейкай выявай кветкі нават прывялі да яе. Можа, яно і лепш.
— Як ты лічыш, варта мне вызначыць мае колеры?
— Вашы колеры?
— Так. Ідзеш да кансультантаў і яны кажуць, якія адценьні табе да твару, а зь якімі твой твар губляе фарбы. Цалкам навуковы падыход.
Фіёна намагалася загаварыць. — І колькі тое каштуе? — нарэшце спытала яна.
— Вох, грошы ў мяне ёсьць, — махнула рукой спадарыня Хэлі.
— Ну, у такіх рэчах я ня вельмі разумею, але ў мяне ёсьць вельмі стыльная сяброўка, я ў яе запытаю. Яна параіць.
— Дзякуй, Фіёна. — Саракапяцігадовая спадарыня Хэлі выглядала на семдзесят пяць і па віне Фіёны не сумнявалася ў каханьні свайго мужа.
Сьюзі прызнала ідэю бліскучай. — Ты вырашылася? — спытала яна.
У Фіёны не хапіла мужнасьці паведаміць, што гаворка ідзе не аб ёй. І так прыйшлося зьвярнуцца да Сьюзі за парадай, годзе зь яе. Але зараз яна на гвалт імкнулася пасталець і навучыцца прымаць рашэньні. І яна цьвёрда адказала так, яна аб тым падумвае.
Нэсу Хэлі узрадавала такая навіна. — Ведаеш, я яшчэ сёе-тое скеміла. Мы павінны пайсьці да дарагога цырульніка-стылісту і цалкам зьмяніцца.
У Фіёны сьцямнела ў вачах. Усе грошы, з такой напругай сабраныя ёю на viaggio, калі яна сапраўды раптам ў яго выправіцца, сыдуць на грандыёзныя паляпшэньні, да якіх яны гатовыя прыступіць.
Ёй пашанцавала, Сьюзі выратавала яе, паведаміўшы аб школе-цырульні.
Спадарыня Хэлі спыніла насіць карычневае, выцягла сьветлыя сукенкі, да якіх апранала гожыя цёмныя шалікі. Яна пафарбавала валасы і з кароткай фрызурай замест сямідзесяці пяці гадоў выглядала зараз на пяцьдзесят.
Фіёна вельмі коратка абстрыгла свае бліскучыя валасы, зрабіла густы прамы чубок і, па ўсеагульным меркаваньні, выглядала файна. Апранала яркае, чырвонае і жоўтае. Двое хірургаў пачалі рабіць ёй камплімэнты, на якія яна адказвала вясёлым сьмехам, замест таго каб пачаць варажыць, ці не зьбіраюцца яны ажаніцца зь ёй, як зрабіла б раней.
Бацька Бары заставаўся зараз у хаце ледзь даўжэй, але не нашмат, і, падаецца, радаваўся прысутнасьці Фіёны.
Новая фрызура і адценьні, падаецца, не маглі зьвярнуць яго жыцьцё назад. Да таго, якім яно было да Рамана, два гады раней.
— Ты гэтулькі зрабіла для маёй маці, — сказаў Бары, — яна выглядае цудоўна.
— А як наконт мяне, я не выглядаю цудоўна?
— Ты цудоўна выглядала заўсёды. Паслухай, ні ў якім разе не кажы ёй, што ведаеш аб самазабойстве. Яна часта просіць мяне не расчыняць табе гэтую таямніцу. Жудасна баіцца страціць тваю павагу, у гэтым уся справа.
Фіёна моўчкі кіўнула. Бары яна таксама ніколі ня скажа. Бо ёсьць людзі, якія жывуць, стала хаваючы нешта. Такое цалкам магчыма. І не такая ўжо гэта істотная хлусьня, нават выпадковасьць, што спарадзіла неапраўданыя надзеі.
Фіёна апынулася суздром непадрыхтаванай да выкрыцьця, што рушыла, калі яны адлучалі жаўткі і ўзьбівалі бялкі для безэ.
— Я дазналася, дзе яна працуе.
— Хто?
— Тая жанчына. Палюбоўніца Дэна, — з глыбокім задавальненьнем паведаміла спадарыня Хэлі, як аб добра зробленай дэтэктыўнай працы.
— І дзе? — Фіёну ахапіла фатыга. Ці не пачынаецца ў небаракі новы нэрвовы зрыў? Не дайшло бы да яшчэ адной спробы самагубства.
— Уяві сабе, у адной зь лепшых дублінскіх рэстарацыяй. У Квеньціне, ні больш, ні менш. Чула аб такой?
— Так, пра яе часьцяком ў газэтах пішуць.
— У найблізкай будучыні ты зноў здолееш прачытаць аб ёй у газэтах, — загадкава паабяцала немаладая жанчына.
Няўжо яна зьбіраецца выправіцца ў Квеньцін і зрабіць там сцэну?
— Адкуль у вас такая ўпэўненасьць? Я вось аб чым, як вы можаце сапраўды ведаць, дзе яна працуе, спадарыня Хэлі?
— Я яго высачыла, — пераможна заявіла яна.
— Вы высачылі яго?
— Мінулай ноччу ён зьехаў на сваім вэне. Па серадах ён часта зьяжджае. Пабыў у хаце, паглядзеў тэлевізар, а пасьля дванаццаці сказаў, што павінен ісьці, начная праца ёсьць. Схлусіў. Я заўсёды ведала, ён маніць аб начной працы па серадах — занадта дбайна апранаецца, чысьціць зубы, чаравікі ваксуе. Шмат чаго.
— Як жа вы прасачылі за ім, спадарыня Хэлі? Хіба ён не на сваім вэне паехаў?
— На вэне. Але мяне таксоўка чакала, са сгаслымі агнямі. Мы за ім на адлегласьці ехалі.
— Увесь час чакала таксоўка? Пакуль ён памкнецца сысьці? — Больш як сам учынак Фіёну ашаламіла яго найпоўная, звар'яцелая экцэнтрычнасьць.
— Не. Я ведала, ён каля паўночы сыдзе, таму таксоўку замовіла на ўсялякі выпадак на бяз чвэрткі дванаццаць. Потым села і паехала за ім.
— Пане міласэрны, спадарыня Хэлі, што падумаў таксіст?
— Ён думаў аб файным рахунку на яго лічыльніку, вось аб чым ён думаў.
— І што адбылося?
— Вэн збочыў і спыніўся ззаду Квеньціна. — Яна зрабіла паўзу. Вельмі засмучанай яна не выглядала. Фіёна часьцяком бачыла спадарыню Хэлі куды больш напружанай і прыгнечанай. Што ж яна магла ўбачыць падчас сваёй экстраардынарнай місіі?
— А пасьля?
— Пасьля мы чакалі. Я маю на ўвазе, ён чакаў, і мы з таксістам чакалі. Выйшла жанчына. Разгледзець я яе ня здолела, зацёмна было. Яна пайшла нацянькі да вэну, быццам ведала, што ён там чакае, і яны зьехалі. Так хутка, што мы іх страцілі.
Фіёна адчула палягчэньне. Але спадарыня Хэлі вярнула яе на зямлю. — У наступную сераду мы іх ня страцім, — рашуча паабяцала яна.
— Гэта ж вар'яцкі дорага. На заплачаныя таксісту грошы вы маглі набыць новую шыкоўную спадніцу, — распачала Фіёна беспасьпяховую спробу ўтрымаць яе ад іншай спробы.
— Я зэканоміла гаспадарчыя грошы і прагну выдаткаваць іх на тое, што дасі мне задавальненьне.
— Але калі ён убачыць вас, выявіць...
— Я нічога благога не раблю. Нікому не забараняецца пракаціцца на таксоўцы.
— Ну ўбачыце вы яе. Што зьменіцца?
— Пазнаю, што яна зь сябе ўяўляе, жанчына, якую ён думае, ён кахае. — У яе голасе гучала найпоўная ўпэўненасьць у пачуцьцях Дэна Хэлі.