Гэта захраснула ў Тоні ўпоперак гарляка. Ён ведаў, усё так і ёсьць. Палкая дачка гэтага чалавека ганарылася новай пасадай свайго бацькі. Але часу на сантымэнты не засталося, трэ было дзейнічаць.
— Тады дай ім падставу для сьвяткаваньня.
— Якую, напрыклад?
— Уяві, што не было аніякіх гонак за Дырэктарскім фатэлем. Уяві, што ты здольны заняць нейкае становішча ў школе, прапанаваць нешта новае… зладзіць штосьці… Што бы табе карцела зрабіць?
— Паслухай, я ведаю, ты прагнеш лепшага, Тоні, я ўдзячны табе, але ў дадзены момант я не зьбіраюся нічога ўяўляць, прытварацца.
— Я Дырэктар, як ты ня ўцяміш. Я магу рабіць усё, што лічу патрэбным. Тут няма ніякай прытворнасьці. Мне неабходна, каб ты быў на маім баку. Неабходна, каб ты быў энтузіястам, а не Фантанам Сьлёз. Адкажы мне, дзеля Бога, што бы ты рабіў, калі б атрымаў карт-блянш.
— Ну, табе тое не спадабаецца, бо не дасі школе адмысловай карысьці, але на маю думку, нам патрэбны вечаровыя клясы.
— Што?
— Ну вось, я ж казаў, табе не спадабаецца.
— Я не кажу, што мне не падабаецца. Якія менавіта вечаровыя клясы?
Мужчыны размаўлялі ў бібліятэцы і, як ні дзіўна, у іх клясах было неверагодна ціха. Звычайна шум у клясе, пакінутым без настаўніка, дасягае найвышэйшых дэцыбелаў. Але дзьве старанныя дзяўчынкі, выправаджаныя спадарам А’Брайнам зь бібліятэкі, кінуліся ў кляс з навіной аб сваім выгнаньні і аб тым, які быў твар у спадара А’Брайна. Было вырашана, што настаўнік геаграфіі распачаў вайсковыя дзеяньні, і што да яго прыходу лепш сядзець як мага цішэй. Ім ужо даводзілася бачыць яго ў некаторым раздражненьні, таму нікому не карцела выпрабаваць ягоны благі гумор на ўласнай скуры.
Дэклан, якому загадалі, каб кляс падрыхтаваў Вяргілія, паведаміў, панізіўшы голас: — На маю думку, у іх адбылася бойка. Твары ў іх чырвоныя, у абодвух, і спадар Данн вымаўляў так, быццам у яго ў сьпіне нож.
У іх акругліліся вочы. За Дэкланам не заўважалі багатага ўяўленьня, таму гэта павінна было быць праўдай. Усе паслухмяна выцягнулі з партфэляў Вяргілія. Яны не чыталі, не перакладалі, гэта не ўваходзіла ў інструкцыі, але ў кожнага дзіцяці на стале ляжаў напагатове разгорнуты асобнік чацьвёртай кнігі Энэід, і яны з жахам пазіралі на дзьверы, чакаючы, што спадар Данн зьявіцца там хістаючыся, заліты крывёй.
Днём была зроблена абвестка. Яна складалася з двух частак.
Па пілётнай схеме Навучальныя Клясы Для Сталых пачнуцца ў верасьні пад кіраўніцтвам спадара Эйдана Данна. Цяперашні Дырэктар, спадар Джон Уолш, дасягнуў пэнсійнага веку і сыходзіць у адстаўку, спадкаемцам прызначаны спадар Энтані А’Брайн.
У настаўніцкай віншаваньняў Эйдану гучала ня менш за Тоні. Адкаркавалі дзьве бутэлькі шампанскага і выпілі за герояў дня.
Абмяркоўвалі вечаровыя клясы. Такая ідэя ўжо прапаноўвалася дагэтуль, але штораз яе адпрэчвалі. Няўдалае месцазнаходжаньне школы, значная канкурэнцыя з боку іншых Навучальных Цэнтраў Для Сталых, цяжкасьці з апалам, дадатковая нагрузка на вартаўніка, агульныя патрабаваньні да самазабесьпячэньня Вечаровых Клясаў. Як усё гэта атрымалася абмінуць?
— Мусібыць, Эйдан упэўніў іх, — шырока ўсьміхнуўся Тоні А’Брайн, падліваючы шампанскае ў школьныя кубкі.
Надышоў час рушыць па хатах.
— Ня ведаю, што і сказаць, — зьвярнуўся Эйдан да свайго новага Дырэктара.
— Справа зроблена. Ты атрымаў жаданае, выпраўляйся дахаты — да жонкі, да сям'і — і распавядзі ім. Менавіта гэтае табе патрэбна. Ты ж ня прагнеш з ранку да ночы біцца зь людзьмі, што і азначае быць Дырэктарам. Памятай аб тым, калі будзеш размаўляць з хатнімі.
— Магу я спытаць цябе, Тоні? Якая табе справа, якой выявай я распавяду аб тым сям'і?
— Ты мне патрэбен, я ўжо казаў табе. Але ты мне патрэбен як шчасьлівы, удачлівы чалавек. Калі ты прадставіш ім сябе ў ролі я-стары-варты-жалю-нікчэмны— зьняважаны-няўдачнік, дык зноў пачнеш у гэтае верыць.
— Гучыць разумна.
— І яны будуць радыя, калі зразумеюць, што ты атрымаў тое, аб чым даўно марыў.
Ля школьнай брамы Эйдан на імгненьне затрымаўся, пакратаў абадраную фарбу і кінуў позірк на іржавыя завалы. Тоні мае рацыю, ён сапраўды не ўяўляе, зь якога боку падступіцца да такіх спраў. Потым ён паглядзеў на прыбудову, дзе, як яны з Тоні вырашылі, разьмесьцяцца вечаровыя клясы. Тут ёсьць асобны ўваход, ня прыйдзецца крочыць праз усю школу. Ёсьць гардэроб і два вялізных кляса. Падыходзіць ідэальна.
Тоні дзіўны хлопец, тут дзьвюх меркаваньняў ня мае быць. Ён нават запрасіў яго да сабе, прапанаваў пазнаёміцца зь сям'ёй, але Тоні сказаў, што пакуль ня варта. Лепей пачакаць да верасьня, да пачатку новага сэмэстру.